Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Янка Купала

05.02.2019
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Прыналежныя прыметнікі

Прыналежныя прыметнікі

powerpoint70СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT word70СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD word70СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Прыметнікі, якія паказваюць, каму належыць прадмет, называюцца прыналежнымі. У сваю чаргу прыналежныя прыметнікі падзяляюць на ўласнапрыналежныя, якія паказваюць прыналежнасць прадмета пэўнай асобе (Мішаў пакой, Марыліна сукенка) і агульнапрыналежныя, якія паказваюць агульную або родавую прыналежнасць (студэнцкі пакой, птушынае гняздо).

Уласнапрыналежныя прыметнікі маюць розныя суфіксы ў мужчынскім і жаночым родзе, чым адрозніваюцца ад рускіх эквівалентаў. Для мужчынскага роду гэта суфіксы -оў (-ав-, -ов-, -аў), -ёў (-ев-, -ёв-, -еў): Міхасёвы прыгоды, Васілёў голас, Багдановічаў верш. Для жаночага роду -

-ын-, -ін-: Марыніны кнігі, Валіна паліто. Такім чынам, нават калі маем аднолькавае ці блізкае для мужчыны і жанчыны імя, то ніколі не пераблытаем, каму належыць той ці іншы прадмет, дзеянне ці з’ява: Стасева кніга і Стасіна кніга, Алесевы прыгоды і Алесіны прыгоды. Пры ўтварэнні прыналежных прыметнікаў трэба таксама памятаць пра чаргаваннi гукаў у корані. Так, к пераходзіць у ч (Валька – Вальчын, матка – матчын); х пераходзіць у ш (Лявоніха – Лявонішын, Ксюха – Ксюшын), г пераходзіць у ж (Інга – Інжын, валацуга – валацужын). Трохі інакш выглядае сітуацыя з прыналежным прыметнікам, утвораным ад імя Вольга, калі замест Вольжын, што адпавядае агульнаму правілу, шырока ўжываецца прыметнік Вользін. Алесь Каўрус у сваёй кнізе “Да свайго слова: пытанні культуры мовы” піша, што варыянт Вользін мог утварыцца на базе формаў давальнага і меснага склонаў (Вользе) – “прызначаны Вользе; тое, што пры Вользе”.

Уласнапрыналежныя прыметнікі ў назоўным і вінавальным слонах ужываюцца пераважна ў кароткай форме (татава, а не татавая; маміна, а не маміная), не маюць ступеней параўнання і не спалучаюцца з прыслоўямі меры і ступені дужа, вельмі, зусім, надзвычай і пад.

Уласнапрыналежныя прыметнікі, утвораныя ад імёнаў і прозвішчаў, пішуцца з вялікай літары: Кастусёў тэлефон, Ірынін падручнік. Калі ж яны ўваходзяць у склад фразеалагізмаў або агульных назваў, то пішуцца з малой літары: ахілесава пята, дамоклаў меч, эзопава мова. Агульнапрыналежныя прыметнікі пішуцца з малой літары: салдацкія боты, вучнёўскі пакой.

Паводле некаторых граматык, прыналежныя прыметнікі з’яўляюцца падвідам адносных прыметнікаў (бо таксама выяўляюць адносіны з нейкім прадметам), але сёння часта яны разглядаюцца як асобныя катэгорыі: Купалавы вершы (прыналежны) і купалаўскія мясціны (адносны). Адносныя прыметнікі звычайна пішуцца з малой літары: коласаўскі стыль, быкаўская проза. Але калі яны ўваходзяць у склад уласных назваў, то пішуцца з вялікай літары: Коласаўская стыпендыя, Нобелеўская прэмія.

Прыналежныя прыметнікі пры пераносна-вобразным ужыванні могуць набываць значэнне адносных або якасных: лісіная нара (агульнапрыналежны), лісінае футра (адносны), лісіныя паводзіны (якасны).

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыце прыналежныя прыметнікі:

        1. (дзядуля) акуляры  – *дзядулевы акуляры
        2. (воўк) след  – *воўчы след
        3. (бусел) гняздо – *буслінае гняздо
        4. (цётка) ліст  – *цётчын ліст
        5. (Саша) заплечнік  – *Сашаў і Сашын запрлечнік
        6. (дачка) паліто  – *даччыно паліто
        7. (Кузьма) сусед  – *Кузьмоў сусед
        8. (Зоська) бацькі  – *Зосьчыны бацькі
        9. (дзядзька) часопіс  – *дзядзькаў часопіс
        10. (недарэка) словы  – *недарэкавы і недарэчыны
        11. (ляснік) хатка  – *леснікова хатка
        12. (Коля) сябар  – *Колеў сябар
        13. (Ядзвіга) хустка  – *Ядзвіжына хустка
        14. (ластаўка) хвост  – *ластаўчын хвост
        15. (Сяргей) загад  – *Сяргееў загад
        16. (сястра) капялюш   – *сястрын капялюш
        17. (Наташа) выступ  – *Наташын выступ
        18. (жонка) падарунак  – *жончын падарунак
        19. (тата) крэсла  – *татава крэсла
        20. (Людка) мяч  – *Людчын мяч
        21. (Скарына) біблія  – *Скарынава біблія
        22. (Мядзведзь) бярлог  – *мядзведжы бярлог

Вялікая ці малая літара?

      1. (C, с)ізіфава праца – *сізіфава праца
      2. (К, к)упалавы мясціны – *Купалавы мясціны
      3. (Б, б)ыкаўскі герой  – *быкаўскі герой
      4. (Г, г)арэцкія чытанні  – *Гарэцкія чытанні
      5. (Э, э)зопава мова  – *эзопава мова
      6. (К, к)оласаўскі маршрут  – *коласаўскі маршрут
      7. (Т, т)рампаўская Амерыка  – *трампаўская Амерыка
      8. (К, к)уляшоўская прэмія  – *Куляшоўская прэмія
      9. (К, к)араткевічаў раман – *Караткевічаў раман
      10. (П, п)ірава перамога  – *пірава перамога

krok_3<

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат