Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Каталіцтва

30.11.2018
СЛОЎНІК Каталіцтва

Слоўнік да заняткаў па тэме “Каталіцтва”

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Гісторыя Касцёла ў Беларусі

Х ст. Княгіня Вольга (у хросце Алена; ? — 969) прымае хрост. У 959 г. Вольга, ужо будучы хрысціянкаю, магчыма, лацінскага абраду, звярнулася з просьбаю да германскага караля Атона І высвяціць для яе народу біскупа і святароў.

Канец Х — пачатак ХІ ст. Св. Бруна Баніфацый разам з св. Адальбертам-Войцехам прапаведваў паганцам і быў забіты імі ў 1009 г. «на сумежжы Літвы і Русі», г.зн. недзе на захадзе ці паўднёвым захадзе Беларусі.

Паміж 1008 і 1013гг. Князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (будучага караля) Баляслава Храбрага. Пры біскупе Райнберну ў Тураве было створана біскупства.

1186 г. Заснавана Лівонскае (Рыжскае) біскупства.

У ХІV ст. развіццё хрысціянства заходняга абраду на Беларусі запаволілася.

Пры Вітаўце і Ягайле ў сённяшніх межах Беларусі было збудавана каля 20 касцёлаў. Вітаўт у 1386 г. дабіўся ад Апостальскай Сталіцы падпарадкавання Каталіцкага Касцёла ВКЛ Рыму.

У 1720г. былі пастаўленыя асобныя каталіцкія біскупы для ўсходняй Беларусі — у Магілёве, Мсціслаўлі і Оршы. Каля 80 % насельніцтва дзяржавы былі уніятамі, а яшчэ каля 15 % — каталікамі.

У 1869г. была ліквідавана Мінская дыяцэзія: яе тэрыторыю прыядналі спачатку да Віленскай, а ў 1883 г. да Магілёўскай дыяцэзіі.

У 1917г. Мінская дыяцэзія аднавілася.

25 ліпеня 1989г. менаваны (прызначаны) біскупам Тадэвуш Кандрусевіч Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі.

13 красавіка 1991г. менаваны (прызначаны) два біскупы: Казімір Свёнтэк, які быў прызначаны Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскім Адміністратарам адноўленай Пінскай дыяцэзіі, і Аляксандр Кашкевіч, які быў прызначаны ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі.

5 ліпеня 1992г. Створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову.

6 мая 1999 г. заснавана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

21 верасня 2007 г. Святы Айцец Бенедыкт XVI менаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

 Літургічны год

Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста.

Касцёльны літургічны год пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту і працягваецца да суботы пасля апошняй звычайнай нядзелі – нядзелі Хрыста Валадара. Літургічны год падзяляецца на перыяды:

  • Перыяд Адвэнту.
  • Перыяд Нараджэння Пана.
  • Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады.
  • Перыяд Вялікага посту.
  • Святы Пасхальны Трыдуум.
  • Велікодны перыяд.
  • Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога да першай нядзелі Адвэнту.

Абавязковыя святы

Кожны католік абавязаны ўдзельнічаць у Святой Імшы кожную нядзелю, а таксама ў наступныя ўрачыстасці і святы:

  • Святой Багародзіцы Марыі – 1 студзеня.
  • Аб’яўленне Пана (Тры Каралі) – 6 студзеня.
  • Святога Юзафа – 19 сакавіка.
  • Унебаўшэсце Пана – з календара рухомых святаў.
  • Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела) – з календара рухомых святаў.
  • Святых апосталаў Пятра і Паўла – 29 чэрвеня.
  • Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі – 15 жніўня.
  • Усіх Святых – 1 лістапада.
  • Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – 8 снежня.
  • Нараджэнне Пана – 25 снежня.

Архідыяцэзія (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і dioecesis) — тэрытарыяльна-адміністратыўная адзінка Касцёла, на чале якой стаіць арцыбіскуп.

Арцыбіскуп (ад грэцк. archi- — старэйшы, галоўны і episkopos) — ганаровы тытул, які надаецца біскупам найбольш значных дыяцэзій. Хоць усе біскупы роўныя і маюць аднолькавую ўладу, асобным біскупам дадзена права вышэйшага клопату аб іншых, пры гэтым ім надаецца тытул Арцыбіскуп. У наш час у Каталіцкім Касцёле гэты тытул часцей за ўсё маюць мітрапаліты, а таксама біскупы, якія займаюць высокія пасады ў Ватыкане.

Біскуп (грэцк. episkopos — наглядчык) — вышэйшы сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца паўнатой святарства. Біскуп з’яўляецца наступнікам апосталаў. Ужо з сярэдзіны ІІ ст. на чале ўсіх буйных хрысціянскіх супольнасцяў былі біскупы, якіх называлі таксама наглядчыкамі і ўпраўнікамі.

Для паляпшэння кіравання Касцёлам з улікам асаблівасцяў, якія існуюць у розных краінах свету, Другі Ватыканскі Сабор устанавіў нацыянальныя і рэгіянальныя Канферэнцыі Біскупаў, а таксама Сінод Біскупаў пры Папе.

Святар. У многіх рэлігіях гэта асоба, якая мае выключнае права здзяйсняць святыя абрады. У Старым Запавеце святары неслі служэнне ў Ерусалімскай святыні, складаючы прадпісаныя ахвяры і выконваючы іншыя сакральныя функцыі.

Пробашч — святар, які ўзначальвае парафію.

Вікарый (лац. vicarius – намеснік) – святар, прызначаны біскупам для дапамогі ў пастырскай працы ў парафіі.

Дыякан (грэцк. diakonos — служыцель) — ніжэйшы духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца першай ступенню святарства.

Кананічнае права — сукупнасць нормаў, сфармаваных на падставе канонаў — актаў Касцёльнай улады, якія маюць моц закона.

Канкардат (ад лац. concordatum – пагадненне) — пагадненне, дамова паміж Святым Пасадам (Ватыканам) і ўрадам пэўнай дзяржавы, які рэгулюе іх адносіны і вызначае становішча Каталіцкага Касцёла, яго правы і прывілеі.

Папа (лац. papa, ад грэцк. pappas — айцец) — Найвышэйшы Першасвятар (Pontifex Maximus) і галава Касцёла на зямлі. Поўны тытул Папы: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Першасвятар Сусветнага Касцёла, Арцыбіскуп Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх Дзяржавы Горада Ватыкана, Слуга слугаў Божых.

Канферэнцыя Біскупаў – пастаянная структура, якая ўяўляе сабой сход біскупаў пэўнай краіны або тэрыторыі на чале са Старшынёй.

Кардынал (ад лац. cardinalis — галоўны, асноўны) — найвышэйшы тытул у Каталіцкім Касцёле, які надае Папа.

Курыя (лац. curia, ад co (cum) – разам і vir – муж) — орган касцёльнай адміністрацыі, які пакліканы дапамагаць біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй.

Мітрапаліт (грэцк. metropolites) — арцыбіскуп, які ўзначальвае правінцыю Касцёла, што называецца мітраполія. У Беларусі ёсць толькі адзін М., які ўзначальвае мясцовы Касцёл. Ім з’яўляецца Тадэвуш Кандрусевіч.

Нунцый (лац. nuntius – той, хто абвяшчае; вястун). Поўная назва: Апостальскі Нунцый – духоўная асоба, часцей за ўсё – арцыбіскуп, якая з’яўляецца пастаянным дыпламатычным прадстаўніком (паслом) Ватыкана і асабіста Папы ў дзяржавах, з якімі ўстаноўленыя дыпламатычныя адносіны. Н. таксама служыць Каталіцкаму Касцёлу ў краіне свайго перабывання. Калі з той ці іншай дзяржавай няма дыпламатычных адносінаў, Папа можа накіраваць туды свайго пасланніка, які прадстаўляе яго толькі пры Касцёле і называецца Апостальскім Дэлегатам.

Нунцыятура – пастаяннае дыпламатычнае прадстаўніцтва (пасольства) Ватыкана.

Прэзбітэр (ад грэцк. presbyteros — старэйшына) — духоўны сан у касцёльнай іерархіі, які з’яўляецца другой ступенню святарства.

Прэлат (лац. praelatus – той, хто мае перавагу, пастаўлены над кімсьці) — ганаровы тытул, які Папа надае некаторым святарам за асаблівыя заслугі.

Цэлібат (ад лац. caelebs — нежанаты) — абавязак захоўваць бясшлюбнасць, які прымае на сябе каталіцкае духавенства лацінскага абраду, за выключэннем сталых дыяканаў. Быў устаноўлены Папам Грыгорыем VII (1073 — 1085гг.) і з сярэдзіны ХІІІ ст. усталяваўся ва ўсім Каталіцкім Касцёле.

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат