Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Курапаты

02.11.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Гадавіна, угодкі, юбілей

Гадавіна, угодкі, юбілей


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Сёння шмат спрэчак вядзецца вакол словаў гадавіна і ўгодкі з нагоды таго, што часам іх ужываюць як поўныя сінонімы, а часам адрозніваюць па значэнні: ўгодкі выключна з сумнай нагоды, калі вядзецца пра смерць, а гадавіна наадварот звязаная з добрымі падзеямі. Дык ці ёсць такая семантычная дыферэнцыяцыя або яна хутчэй штучная, надуманая?

Звернемся да тлумачэння/ перакладу гэтых словаў у першых руска-беларускіх/ беларуска-рускіх слоўніках:

Іван Насовіч, «Слоўнік беларускай мовы»: Угодки – годичное поминовеніе по умершемъ. Угодок не дождавшись по мужу, вышла за муж. Годовиныгодовщина, годичное поминовеніе. Годовины по бацьку.

Вацлаў Ластоўскі, «Расейска-беларускі (крыўскі) слоўнік: Юбилей — калі сьвята спраўляецца з прычыны прамінуўшага аднаго году ад якой падзеі — гадавіны; калі ўрочыстасьць спраўляецца па пройсьцю некалькіх ці многіх гадоў — угодкі

Іван Байкоў і Сцяпан Некрашэвіч, «Беларуска-расейскі слоўнік» : Угодкі — годовщина

А вось што пісаў у другім нумары часопіса “Узвышша” (1929 г.) Антон Адамовіч:

“Апошнім часам пачало дужа шырока ўжывацца слова «ўгодкі», прычым заўважаецца нават тэндэнцыя замяніць гэтым словам сэнсава блізкае яму слова «гадавіна». Гэта напару прыводзіць да надання слову «ўгодкі» пашыранага сэнсу, вынікам чаго з’яўляюцца такія выразы, як «11-я ўгодкі Кастрычнікавае рэвалюцыі» або «20-я ўгодкі пісьменніцкай дзейнасці Я. Коласа». Гэта, вядома, скажэньне таго зусім акрэсленага і вузкага сэнсу, які згаданае слова мае ў народнай мове, дзе яно значыць «гадавое памінанне па нябожчыку», як гэта правільна адзначае ў сваім слоўніку І. Насовіч. Таму для абазначэння ўсіх іншых відаў «гадавога памінання» трэба ўжываць слова «гадавіна» – 11-я гадавіна Кастрычнікавай рэвалюцыі» і г. д.

Трэба яшчэ дадаць, што слова «ўгодкі» вымагае ў нашай мове пэўнай сінтаксічнай канструкцыі – прыназоўніка «па» і зусім недапушчае тлумачальнага слова «смерці», бо яно ўваходзіць у сам змест паняцця «ўгодкі». Так, напрыклад, нельга сказаць «100-я ўгодкі смерці Бетховена», а трэба – «100-я ўгодкі па Бетховену».

А што кажуць сучасныя слоўнікі?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: Гадавіна – каляндарная дата, дзень, у які спаўняецца яшчэ адзін год з часу якой-небудзь падзеі. Угодкі – гадавіна звычайна з дня смерці, а таксама наогул  урачыстасць, прысвечаная гадавіне якой-небудзь падзеі.

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў пад рэд. М.Клышкі: юбілейгадавіна / чалавека: імяніны; угодкі (уст.) □ дзень нараджэння

“Беларуска-рускі слоўнік” пад рэдакцыяй К.Крапівы: угодкіуст.  годовщина

Самабытнае слова: Слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі” І.Шкрабы: угодкі. Годовщина со дня смерти; мероприятия, связанные с этой датой.

У рубрыцы “Слова дня” ад Радыё “Свабода” Рыгор Барадулін піша “Юбілей альбо гадавіны, угодкі, урачыстасьці з нагоды пэўнае круглае даты чалавека, дзеяча, дзяржавы, установы”.

Калі звярнуцца да сучасных друкаваных тэкстаў, то там мы сустрэнем фактычна ўсё. Вось “Наша Ніва” прапануе: угодкі бітвы пад Воршай, угодкі Чарнобыльскай катастрофы, 51-я ўгодкі смерці Падэрэўскага, 265-я ўгодкі з дня нараджэння Касцюшкі, угодкі Слуцкага збройнага чыну, і тамсама  гадавіна смерці вядомага кампазітара, гадавіна Грунвальдскай бітвы, гадавіна вяселля, гадавіна Аршанскай бітвы, гадавіна забойства Робэрта Кэнэдзі, гадавіна смерці Кінга і г.д. З ёй перагукаецца “Новы час”: угодкі Аршанскай бітвы, угодкі з дня народзінаў Рушчыца, угодкі Плошчы -2010, угодкі незалежнасці, угодкі абвяшчэння БНР,  угодкі вяселля, 50-я ўгодкі смерці, але  гадавіна смерці пісьменніка, гадавіна аварыі на атамнай станцыі, гадавіна ўтварэння БНР, гадавіна тэракту ў мінскім метро, гадавіна з дня смерці паэта, гадавіна смерці гетмана, гадавіна ўтварэння першай нацыянальнай дзяржавы, гадавіна з дня нараджэння…

Усё вышэй пералічанае сведчыць пра тое, што канчатковая дыференцыя значэнняў народных словаў угодкі і гадавіна хутчэй за ўсё яшчэ не адбылася, таму і маем іх непаслядоўнае ўжыванне ў адным і тым самым кантэксце. Аднак калі прааналізаваць агульную тэндэнцыю, акрэсленую ў слоўніках, і тую, што адсочваецца ў корпусе сучасных тэкстаў, то вынікае, што слова ўгодкі часцей за ўсё ўжываецца ў спалучэнні з датай са дня смерці або з урачыстасцю з нагоды нейкай падзеі, звычайна даўняй, а гадавіна  — слова больш шырокае па значэнні і можа ўжывацца не толькі з датай нейкай нядаўняй падзеі (вяселля, нараджэння, выхаду кнігі і пад.), але і любой гістарычнай падзеі.

Нагадаем яшчэ, што маем іншамоўнае слова юбілей, якое таксама абазначае  гадавіну чыйго-небудзь жыцця, дзейнасці, існавання каго-небудзь або чаго-небудзь (звычайна дзесяці-, дваццацігоддзе і г.д.)  і ўрачыстасці, прысвечаныя такой гадавіне (Пяцідзесяцігадовы юбілей. Запрасіць на юбілей.)

Звярніце ўвагу на націск: гадаві́на, гадаві́ны, ДМ гадаві́не, гадаві́ну, гадаві́най (-аю); мн. НВ гадаві́ны, гадаві́н, гадаві́нам, гадаві́намі, гадаві́нах

Угодкі – толькі множны лік! У родным склоне – угодак і ўгодкаў

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Устаўце словы ўгодкі, гадавіна, юбілей, якія, на вашу думку, падыходзяць як найбольш:

                    1. Ды сёння ж свята ў іх, сёння — … вяселля!..  – *гадавіна / юбілей
                    2. 24 кастрычніка адзначылі 100 … масавага знішчэння армян у Асманскай імперыі.  – *гадавіна/ угодкі
                    3. Сюды прыязджаюць палякі, напрыклад, на … Вайніловіча ці Чырвонага касцёла.  – *угодкі / гадавіну
                    4. Дарэчы, сёння 525 … з дня нараджэння беларускага першадрукара.  – *гадавіна / угодкі
                    5. Нагадаем, што 26 лістапада ў клубе «RE:PUBLIC» гурт :B:N: адзначае …– *юбілей
                    6. Нагода правесці ўрачыстае мерапрыемства —  … паўстання 1863 года і 171 …  нараджэння Кастуся Каліноўскага. – *угодкі і гадавіна
                    7. Сёння 23…  бабулінага сыходу.  – *гадавіна
                    8. У Зэльве адзначылі 25 … з дня смерці славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.  – *угодкі / гадавіну
                    9. Сёння 94 … абвяшчэння незалежнасці БНР.  – *угодкі / гадавіна
                    10. 11 красавіка — …. тэракта ў мінскім метро.  – *гадавіна / угодкі
                    11. Самы стары жыхар вёскі адзначае сёння 90 …  – *юбілей
                    12. Добра, што кніга А.Лойкі ўбачыла свет менавіта сёлета, калі наша грамадскасць адзначае 75 … з дня нараджэння Максіма Багдановіча.  – *угодкі / гадавіна

Як у сучаснай традыцыі называюць гадавіны вяселля?

                1. 1 год  – *паркалёвае вяселле
                2. 2 гады  – *папяровае вяселле
                3. 3 гады  – *скураное вяселле
                4. 4 гады  – *ільняное вяселле
                5. 5 год  – *драўлянае вяселле
                6. 10 год  – *алавянае вяселле
                7. 15 год  – *шкляное вяселле
                8. 20 год  – *парца(э)лянавае вяселле
                9. 25 год  – *срэбранае вяселле
                10. 50 год  – *залатое вяселле
                11. 55 год  – *смарагдавае вяселле
                12. 60 год  – *дыямантавае вяселле

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат