Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Праваслаўе ў Беларусі

11.10.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча

«Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Вядомы беларускі лінгвіст, лексікограф і фалькларыст Іван Насовіч нарадзіўся ў вёсцы Гразівец (сёння ў Чавускім раёне) у 1788 годзе. Па сканчэнні Магілёўскай гімназіі і духоўнай семінарыі на працягу 30 год працаваў выкладчыкам, інспектарам, рэктарам духоўнай вучэльні, кіраўніком дваранскай вучэльні. Валодаў не толькі беларускай і рускай мовамі, але таксама грэчаскай, лацінскай, стараславянскай, старагабрэйскай, французскай і польскай. Пасля таго, як выйшаў у адстаўку, заняўся мовазнаўчай дзейнасцю.

Самай грунтоўнай навуковай працай Насовіча стаў «Словарь белорусского наречия» (1870), які пабачыў свет у Санкт-Пецярбургу, калі ўкладальніку было ўжо 82 гады. Насовіч, працуючы адзін, выдаткаваў на падрыхтоўку слоўніка 16 год свайго жыцця (і нават болей, бо ў 1881 годзе выйшаў дадатак да слоўніка, які налічваў каля тысячы новых словаў). Дарэчы, сам ён назваў свой збор “Слоўнікам крывіцкай мовы” (“Словарь Кривичского языка”), але Расійская Акадэмія Навук змяніла назву на «Словарь белорусского наречия», паколькі афіцыйна ў імперыі беларуская мова не прызнавалася самастойнай, а лічылася менавіта “наречием” рускай мовы.

У слоўнік увайшлі не толькі словы са старабеларускіх пісьмовых помнікаў, зборнікаў фальклору, перыядычных выданняў, але і ўласнаручна сабраная ім ад жыхароў краю лексіка. Прычым, як зазначаў сам Насовіч у сваіх успамінах, па-беларуску размаўлялі не толькі мужычкі, але і мяшчане, і рамеснікі, і дробная шляхта. Такім чынам, у слоўніку, які змяшчае больш за 30 тысяч словаў, аўтар адлюстраваў тагачасны стан жывой беларускай мовы перадусім з роднай яму Магілёўшчыны (як сам адзначаў у прадмове), а таксама,  у пэўнай ступені, Міншчыны і Гарадзеншчыны. Аднак трэба ўсё ж зазначыць, што ў слоўнік трапіла не ўся ўжывальная лексіка ўзгаданых рэгіёнаў, бо Насовіч адбіраў перадусім тыя словы, што не фіксаваліся даведнікамі рускай мовы, то бок адрозную ад рускай лексіку. Таму ў ім не знайсці такіх шырока вядомых словаў, як дом, зямля, вада, нос, нага і інш. Але, тым не меней, “Слоўнік беларускай мовы” Івана Насовіча стаў самым першым сістэматызаваным рэгіянальным лексічным даведнікам па беларускай мове сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Слоўнік паводле сваёй будовы належыць да беларуска-рускіх тлумачальна-перакладных даведнікаў. Загалоўныя словы ў ім або перакладаюцца на рускую мову, або тлумачацца апісальна, праз азначэнні на рускай мове: Бацьки – 1) Родители. 2) Предки. Просва – Болтъ у оконницы, просовываемый сквозь дыру в оконной рамѣ. Часам у якасці перакладу могуць прыводзіцца лацінскія назвы (раслін, жывёлаў, жамяры). У слоўнікавым атрыкуле таксама пазначаюцца граматычныя і, часам, стылістычныя характарыстыкі слова (церк., ласк., стар., ирон. і іншыя). У якасці ілюстрацыі да кожнага слова даюцца прыклады з жывой беларускай гаворкі, а таксама прыказкі, прымаўкі, радкі з песень і іншых фальклорных твораў. Гэты матэрыял сёння надзвычай кашоўны і служыць важнай крыніцай вывучэння беларускай мовы ХІХ стагоддзя. Аднак не ўсе словы і іх значэнні запісваліся дакладна. Напрыклад, Насовіч дае слова му́ро (ніякі род) і піша ў тлумачэнні, што слова засталося толькі ў прымаўцы Однимъ муром мазаны J Відавочна, што тут гаворка ідзе пра слова мірра (араматычная смала), якое ў прыказцы замянілася на сугучнае яму слова мір.

Аўтарству Насовіча належыць не толькі слоўнік, але і шматлікія іншыя працы: “Зборнік беларускіх прыказак”, “Беларускія прыказкі і прымаўкі”, “Беларускія песні” і іншыя.

 Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Патлумачце словы (для зручнасці запісаныя паводле правілаў сучаснага правапісу):

                1. Апа́ц – *удар у шчаку пясцю рукі.
                2. Сы́цце  – *насычэнне, тучнасць (Наесціся да сыцця. Набраўся я тут сыцця, высах як трэска.)
                3. Ту́зка – *строгая вымова (Будзе табе ад бацькі тузка за гэта.)
                4. Ца́пала – *той/тая, хто мае звычку хапаць раней за ўсіх ласункі (Бі па руках цапалу!)
                5. Цында́л – *сандал, чырвонае дрэва (У нашага папа сталы ўсе з цындалу.)
                6. Медзяччо – *зборн. медныя манеты (Поўная кішэня медзячча.)
                7. Махты́рыць– *маніць
                8. Рушчы́зна – *руская старана, рускі чалавек, руская мова, руская лаянкавая лексіка і пад.
                9. Руме́нка – *рамонак (Руменка харашо пахне.)
                10. Рожа – *1. Мальва. 2. Ружа 3. Хвароба (Разнесла рожай нагу, шчаку.)
                11. Рымсціць – *1. Хацецца (Яму рымсціць сказаць гэта.) 2. Вычэкваць, трываць (Зрымшчу яшчэ троху.)
                12. Рапт – *парыў (Нашто гэты твой рапт дурны.)
                13. Рабо́хам – *няправедны хабар, амаль рабаўніцтва (Рабохам схапіў у мяне, каб яго за жывот хапіла.)
                14. Пуца́йла – *таўстаморды (Пуцайлу мужыка выбрала сабе.)
                15. Пу́гаць – *піць са сквапнасцю, хлябтаць (Досыць табе без хлеба пугаць малако.)
                16. Пройма – *скразны халодны вецер (Ад проймы ўсяго калоціць.)
                17. Пару́ха – *трывога, замяшанне (Паруху зрабілі ў народзе.)
                18. Наці́на – *бацвінне, гароднінная зеляніна (Наламай націны на варыва.)
                19. Масква́– *рускія салдаты (Масква прыйшла на пастой.); рускія цесляры (Пан маскву наняў на будынак.); вялікарасіянін (Ах ты Масква дурная! Не хоча браць, што даюць!)
                20. Марза́кі – *грэбл. вусны (Па марзаках заробіш.)
                21. Лупе́ж – *рабаўніцтва, абдзіральніцтва (Гэта чысты лупеж.)
                22. Ласоха – *жанчына, якая любіць смачнае (Ласоха гэта ўсю смятану паела…)
                23. Кучма́ – *футравая шапка (Насунь на вушы кучму.)
                24. Калю́га – *выбаіна на дарозе, каляіна (Калюгу аб’ехаць лепей.)

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат