Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Скульптура

04.10.2018
СЛОЎНІК Скульптура

Слоўнік да заняткаў па тэме “Скульптура”

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Скульптура

Абеліск (грэч.: ὀβελίσκος — obeliskos — «невялікі ражон») — манументальны гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў.

 Атлант (грэч. Atlas (Atlantos) — той, хто нясе):

  1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі тытан Атлант, асуджаны вечна трымаць на сваіх плячах купал неба як пакаранне за ўдзел у бойцы тытанаў супраць багоў.
  2. У архітэктуры — вертыкальная апора ў выглядзе мужчынскай фігуры, якая падтрымлівае асобны элемент будынка (балкон, эркер, порцік) і прыстаўлена звычайна да сцяны ці слупа.

 Барэльеф (франц. bas-relief — літаральна нізкі рэльеф) — від рэльефнай скульптуры, у якой выява выступае над плоскасцю фону не больш чым на палову свайго аб’ёму. Першыя з вядомых барэльефаў у Беларусі датуюцца Х ст.

 Бронза (назва ад Брундызі — гарадка, з якога ў Рым прывозілі медзь) — сплаў медзі з волавам, алюмініем, крэмніем, берыліем і іншымі элементамі, за выключэннем цынку і нікелю.

 Бучарда — інструмент у выглядзе сталёвага малатка з зубчастай рабочай паверхняй. Прызначаны для ўдарнай апрацоўкі каменя метадам сколвання.

 Бюст (франц. Buste, ад лац. bustum — месца крэмацыі, надмагільны помнік) — пагрудная выява чалавека, адзін з найбольш пашыраных відаў скульптурнага партрэта. У беларускай мемарыяльнай пластыцы бюст вядомы з пач. XVII ст.

 Воск — рэчыва для вырабу частак васковых фігур (галава, рукі і інш.). Такі воск змяшчае некаторыя прысадкі.

Музей васковых фігур — від музея, калекцыю якога складаюць скульптуры, выкананыя з воску i маюць партрэтнае падабенства з вядомымі персонамі мінулага і сучаснасці.

 Гарэльеф (франц. haut-relief — літаральна высокі рэльеф) — від скульптуры, у якой выява выступае над плоскасцю фону больш чым на палову свайго аб’ёму.

 Гіпс — рэчыва, якое ўжываецца для стварэння дэкаратыўных элементаў у класічным стылі (барэльефы, карнізы і да т. п.). Шырокае прымяненне ў архітэктуры гіпс атрымаў у антычнай культуры.

 Гліна — матэрыял для творчасці.

 Граніт — магматычная горная парода, адна з найбольш пашыраных у зямной кары кантынентаў. Граніт выкарыстоўваецца як будаўнічы і абліцовачны матэрыял. У Беларусі вырабы з граніту вядомыя са старадаўніх часоў.

 Карыятыда (ад грэч. karyatides — карыйскія дзевы):

  1. Жрыца храма Арцеміды ў Карыях, у вобласці Лаконіка (Старажытная Грэцыя).
  2. Вертыкальная апора-скульптура ў выглядзе фігуры жанчыны, якая падтрымлівае бэлечнае перакрыцце. Галаўны ўбор Карыятыды (або кошык з кветкамі) выконвае ролю капітэлі. У архітэктуры Беларусі карыятыды вядомыя з кан. XIX ст.

 Квадрыга (лац. quadriga) — антычная (старажытнагрэцкая, старажытнарымская) калясніца на двух колах, у якую запрэжана чацвёрка (у адзін шэраг) коней; вознік кіруе імі стоячы. Скульптурныя выявы квадрыг вядомыя з антычнасці (круглая пластыка, камеі, гемы, медалі), асабліва пашыраныя ў эпоху класіцызму як упрыгажэнні франтонаў, завяршэнні трыумфальных арак.

 Мармур — рэчыва, якое выкарыстоўваецца як камень для помнікаў (манументальнай скульптуры і надмагілляў), як адзінкавы будаўнічы камень для вонкавага абліцоўвання і ўнутранага аздаблення будынкаў і ў выглядзе драблёнага і молатага каменя, а таксама суцэльнага каменя.

 Маскарон (іт. mascherone — вялікая маска) — дэкаратыўны рэльеф (барэльеф, гарэльеф) у выглядзе твару чалавека, галавы жывёлы; найбольш пашыраны ў мастацтве XVII—XVIII стст.; для беларускай архітэктуры характэрны з пач. XX ст. Выкарыстоўваецца ў аздабленні будынкаў (размяшчаецца над аркамі, аконнымі і дзвярнымі праёмамі), мэблі, посуду і г. д.

 Медальён (франц. medaillon, іт. medaglion ад medaglia — медаль):

  1. Выяўленчая або арнаментаваная кампазіцыя (ляпны ці разны рэльеф, роспіс, мазаіка) у авальным або круглым абрамленні.
  2. Ювелірнае ўпрыгожанне ў выглядзе круглай, авальнай скрыначкі на ланцужку, у якой захоўваюць мініяцюрны партрэт, якую-небудзь рэліквію і носяць на шыі.

 Мемарыяльная дошка — пліта (звычайна з каменю, металу) з надпісам і выявай (рэльеф, гравіроўка), якая ўвекавечвае памяць пра выдатную асобу ці знамянальную падзею. Усталёўваецца звычайна на фасадах, радзей у інтэр’ерах будынкаў.

 Нэцке — мініяцюрныя разныя фігуркі з Японіі. Мелі ўтылітарную функцыю і служылі для зашпільвання кімано, у якім не было кішэняў.

 Паціна (грэч. patina) — плёнка разнастайных адценняў (ад зялёнага да карычневага), якая ўтвараецца на паверхні медных, бронзавых або латунных прадметаў у выніку карозіі пад уздзеяннем прыроднага асяроддзя або пасля пацінавання (штучная паціна, якая ўзнікае ад награвання твора ці апрацоўкі металу акісляльнікамі). Паціна засцерагае прадмет ад разбурэння, надае твору мастацтва пэўны дэкаратыўны эфект.

 Пластылін (ням. Plastilin, іт. plastilina ад грэч. plastos — вылеплены) — пластычная маса спецыяльнага складу, пашыраны матэрыял у скульптуры. Вырабляюць з сумесі ачышчанага парашку гліны, цэрэзіну, вазеліну, воску, фарбавальнікаў, сінтэтычных матэрыялаў. Па прычыне нізкай тэмпературы плаўлення і мяккасці пластылін выкарыстоўваецца ў якасці часовага дапаможнага матэрыялу ў скульптуры (для эскізаў), у дробнай пластыцы, у навучальных мэтах.

 Помнік — твор мастацтва, створаны для ўшанавання памяці аб людзях і падзеях. Самыя распаўсюджаныя віды помнікаў — скульптурная група, статуя, бюст, мемарыяльная дошка, трыумфальная арка, калона, абеліск і да т. п.

 П’едэстал (фр.: piédestal, ад італ.: piedistallo з piede «нага» и stallo «месца») — тое самае, што і пастамент; мастацка аформлены падмурак, на якім усталёўваюць творы — скульптуру (статуі, скульптурныя групы, бюсты), вазы, абеліскі, стэлы і г. д.

 Скульптура (лац. sculptura ад sculpo — высякаю, выразаю), таксама пластыка (грэч. plastike ад plasso — ляплю) — від выяўленчага мастацтва, заснаваны на прынцыпе аб’ёмнага фігурнага трохмернага выяўлення. Адрозніваюць дзве асноўныя разнавіднасці скульптуры:

1) круглую (статуя, скульптурная група, статуэтка, торс, бюст), творы якой свабодна размяшчаюцца ў прасторы і прадугледжваюць кругавы агляд;

2) рэльеф, дзе выява знаходзіцца на плоскасці. Па змесце і функцыях вылучаюць манументальную, манументальна-дэкаратыўную, мемарыяльную, станковую скульптуру і скульптура малых формаў. У Беларусі скульптура вядомая з часоў неаліту.

 Статуя (лац. statua) — адзін з асноўных відаў скульптуры, для твораў якой характэрнае свабоднае размяшчэнне выявы ў прасторы. Невялікія статуі, прызначаныя для ўпрыгажэння інтэр’ераў, называюць статуэткамі.

 Стэка (іт. stecca) — інструмент, якім карыстаецца скульптар пры лепцы для апрацоўкі паверхні скульптуры; драўляная, металічная або пластмасавая палачка з расшыранымі канцамі.

 Торс — тулава чалавека, а таксама скульптурная выява тулава.

 Чаканка:

  1. Тэхніка апрацоўкі ліставога металу чаканамі для атрымання рэльефных выяў.
  2. Выкананне рэльефных выяў на паверхні медалёў, манет.
  3. Апрацоўка паверхні літых мастацкіх твораў (скульптуры) пасля адліўкі. У Беларусі чаканка вядомая з IX—XI стст.

 Экаршэ (фр. Écorché — «абадраны» ад фр. Écorce — «кара, скарынка») — вучэбны дапаможнік, скульптурная выява фігуры чалавека, жывёлы, пазбаўленага скурнага покрыва, з адкрытымі цягліцамі.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат