Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Стаматалогія

27.09.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Луста, акраец або скрылік піцы?

Луста, акраец або скрылік піцы?


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Перадусім нагадаем, што такое сінонімы. Сінонімы гэта словы, адрозныя па гучанні і напісанні, але блізкія па значэнні. Блізкія – не заўсёды тоесныя, бо сінонімы могуць адрознівацца адценнямі значэнняў і стылістычнай афарбоўкай. Поўных сінонімаў, якія яшчэ называюць дублетамі, у мове няшмат.

Група сінонімаў аб’ядноўваецца ў сінанімічны шэраг, у якім вылучаецца галоўнае слова (дамінанта) як носьбіт агульнага значэння ўсіх словаў у шэрагу. Фактычна дамінанта мае самае шырокае значэнне, якое ўключае ў сябе ўсе астатнія значэнні смнонімаў, і з’яўляецца стылістычна нейтральны словам.

Да таго, каб адказаць на загалоўнае пытанне нашых сённяшніх заняткаў,  звернемся да сінанімічнага шэрагу з дамінантай кавалак.

Само слова кавалак (рэдка – ка́вал) у нашай мове – гэта стары паланізм, здаўна вядомы яшчэ ў народных гаворках. А вось кусок (кус) – праславянскае па паходжанні слова. На сёння фактычна гэта поўныя сінонімы, якія абазначаюць перадусім ‘частку чаго-нубудзь’, а таксама ‘адзінку некаторых тавараў, што выпускаюцца паштучна (мыла)’. У першым значэнні маем таксама ўжывальнае досыць слова шматок.

Калі гаворка ідзе пра дробны кавалачак чагосьці – ужываем сінонімы каліва/каліўца,  крошка/ крыха (маленькая дробная часцінка чаго-небудзь, напрыклад, пячэння або хлеба). Пра маленькія часцінкі нейкага цвёрдага сыпкага рэчыва (цукар, соль, зямля) можам сказаць дроб/драбок.

Калі будзем казаць пра абламаны, адбіты кавалак чагосьці, часта востры (костка, шкло, метэарыт, снарад, трэска, драўніна), ужывем словы абломак, аскепак, асколак, аскабалак. Чэрап, чарапок – абломак, асколак разбітага глінянага ці шклянога посуду. Друзачкай называюць менавіта маленькі асколачак чаго-небудзь разбітага (напрыклад, шкла).

Увогуле, калі гаварыць пра прадукты харчавання, то тут маем цэлы шэраг спецыяльных словаў. Па-першае, слова луста – гэта адрэзаны вялікі плоскі кавалак хлеба, сыру, сала, каўбасы і г.д. Скрыль, скрыгаль (дыял.) – адрэзаны значны кавалак (пераважна пра сала, сыр, кавун, каўбаса). У народнай мове ў гэтым значэнні таксама ўжываецца слова гамёлка/ гамёлак – ‘значны кавалак сыру, хлеба’. Пра вялікі кавалак сала скажам шмат. У Гарадзенскай вобласці яго таксама завуць аполец. Словам скіба/ скібка перадусім называем лусту хлеба (але таксама і пласт узаранай зямлі). Акраец – гэта кавалак хлеба, адрэзаны ад непачатага краю. Яго таксама можна назваць асушкам. У іншым сваім значэнні асушак – сухі кавалак хлеба. Ламанец – адламаны кавалак хлеба.

Як можна назваць кавалак, які застаецца пасля таго, як нешта парэзалі? Па-першае, гэта абрэзак – астатак ад рэзкі чагосьці (скуры, лыка, тканіны, аўчыны, дрэва). Пра ўсё гэта, акрамя дрэва, таксама можна сказаць акравак. Адрэзам называюць адрэзаны кавалак тканіны. А вось скурат – гэта менавіта кавалак скуры.

Калі казаць пра дрэва, то тут маем слова ашчэпак/адшчэпак = адшчэплены кавалак дрэва, а таксама абрубак, уцінак, адцінак – абрублены кавалак  дрэва. Абломак – абламаны кавалак, ну і– абрэзаны кавалак, напрыклад, дошкі. Карыной у народнай мове называюць абломак кары дрэва.

Узгадаем яшчэ слова лапік – невялікі кавалак зямлі, яе паверхні (у іншым значэнні гэта ‘латка’). Гру́да, камлыга – бясформены кавалак нечага цвёрдага, звычайна зямлі. Ну і калі кажам пра зямлю, маем такія словы як участак,  дзялянка, дзялка, надзел, палоска, шнур, водруб і пад.

Вяртаючыся да піцы, заўважым, што страва ў нас гэта параўнальна новая (а само слова прыйшло з італьянскай мовы), адпаведна спалучальнасць яе са многімі вышэй пералічанымі словамі яшчэ не зусім вядомая. Заўсёды правільна будзе выкарыстоўваць слова з найбольш агульным значэннем, напрыклад, кавалак або кусок. Але не выключана, што прыжывуцца і тыя сінонімы, што ўжываюцца ў спалучэнні са словам хлеб – луста і скібка J

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Спалучыце сінонімы да слова “кавалак” з наступнымі назоўнікамі:

              1. Хлеб – *луста, скіба/скібка, акраец, асушак, ламанец, крошка/крыха́, кавалак, кусок
              2. Шкло – *аскепак, асколак, абломак, аскабалак, друзачкі, чарапок, кавалак, кусок
              3. Дрэва – *абрубак, уцінак, ашчэпак/адшчэпак, аскабалак, абломак, кавалак, кусок
              4. Тканіна – *акравак, абрэзак, адрэз, шматок, лапік, кавалак, кусок
              5. Скура – *скурат, акравак, абрэзак, шматок, лапік, кавалак, кусок
              6. Соль – *каліва/каліўца, крошка/крыха, дроб/драбок
              7. Сала – *шмат/шматок, скрыль/скрылік/скрыгаль, аполец, кавалак, кусок

Прапануйце нашыя адпаведнікі рускім прыказкам, прымаўкам, ідыёмам:

            1. На чужой каравай рот не разевай.  – *Чужы кусок дзярэ раток.
            2. Лакомый кусок  – *Ласы (смачны) кавалак.
            3. Отрезанный ломоть – *Адрэзаная луста.
            4. Кусок в горло не идёт – *Кавалак у горла не лезе (не ідзе).
            5. Ужом извивается – *Круціцца як скурат на агні.
            6. Заморить червячка – *Каліўца (каліва) ў рот укінуць. Каліва з’есці.
            7. Маковой росинки во рту не было. – *Ні расінкі ні каліва ў роце.
            8. Ни на волос – *Ні каліва (ні каліўца)

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат