Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Бокс

18.04.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Лік, лічбы, лічэбнікі

Лік, лічбы, лічэбнікі


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Лічбы – гэта дастаткова позні набытак чалавецтва. Спрадвеку для абазначэння ліку людзі выкарыстоўвалі пальцы рук. Але пры дапамозе дзвюх рук можна было паказаць толькі 10 адзінак, таму ў ход маглі ісці таксама і ногі. Потым, пры з’яўленні алфавіту, лічбы сталі перадавацца славянскімі літарамі: а-1, б-нічога не значыла, в-2, г–3, д-4 і г.д. Пазней да нас прыходзяць рымскія лічбы, аднак перадаваць імі вялікі лік было складана, бо атрымліваліся грувасткія канструкцыі. Самымі познімі па часе – у другой палове XV стагоддзя – да нас патрапілі арабскія лічбы.  Апошнія і сталі найбольш распаўсюджанымі, бо былі значна больш практычнымі і эканомнымі. Параўнайце: 2018 і MMXVIII або 1998 і MCMXCVIII.  А рымскія лічбы засталіся сёння пераважна для абазначэння стагоддзяў, тысячагоддзяў, назваў нейкіх важных падзеяў, парадкавых нумароў манархаў, а таксама для рубрыкацыі.

Аднак лічбы – гэта не толькі значкі, якія іх перадаюць, але і самі словы, якія гэтыя лічбы называюць, то бок, лічэбнікі. Спачатку былі толькі простыя лічэбнікі, якія мелі індаеўрапейскае ці нават праіндаеўрапейскае паходжанне: адзін (параўн. з лац. unum, анг. one, ням. eins), два (лац. duo, анг. two, ням. zwei), тры (лац. tribus, ням. drei, анг. three). Пазней узнікла патрэба ў перадачы вялікіх лікаў і, адпаведна, у складаных і састаўных лічэбніках. Так з’явіліся славянскія канструкцыі з прыназоўнікам на: адзін на дзесяце = адзінаццаць, два на дзесяце = дванаццаць, пяць на дзесяце = пятнаццаць і г.д.  Дзясяткі складаліся таксама з дзвюх частак: два + дзесяць = дваццаць, тры + дзесяць = трыццаць, пяць + дзесяць = пяцьдзясят (звярніце ўвагу, што адбыўся працэс сцягнення). Выключэнне складае слова сорак (этымолагі звязваюць гэта слова з цюркскім лічэбнікам kirk, які меў значэнне ‘40’, або з мерай, якая ўжывалася пры падліку танных гатункаў пушніны — вавёрчыных шкурак і акраўкаў, якія заставаліся пры апрацоўцы собаля). Ну і дзевяноста, відавочна, уяўляе сабой спалучэнне словаў дзевяць + на + сто. Сотні ўтварыліся ад спалучэння простай лічбы + склонавых варыянтаў лічэбніка сто: дзвесце, трыста, чатырыста, пяцьсот

Аднак лічбы мелі не толькі практычнае, але і сімвалічнае значэнне. У нашых продкаў цотная колькасць сімвалізавала жыццё, а няцотная – смерць (тры жмені зямлі кідалі на труну; на памінальны стол ставілі няцотную колькасць страў). Самымі важнымі і магічнымі былі лічбы адзін, тры, сем, дзевяць, дванаццаць  і сорак. Адзін – лічба амбівалентная, яна ў фразеалагізмах сімвалізуе не толькі адзінства, пачатак, узор для падабенства, але ў большасці выпадкаў усё ж мае негатыўнае значэнне (адным лыкам шытыя, адзін чорт). Два абазначае пару і выкарыстоўваецца ў вясельнай традыцыі: дзве галубкі на караваі, дзве касы плялі на зборную суботу маладой. Тры – надзвычай магічная лічба: 3 дні гулялі вяселле, 3 дні працягваліся праводзіны чалавека ў іншы свет, пры выкліканні дажджу тройчы з плугам баранавалі вадаём або гаспадар рыхтаваў касу і рабіў тры пракосы; тройчы аббягалі вакол пабудовы з гладышом малака або з хлебам, каб спыніць пажар; на суцішэнне або прадухіленне граду трэба было раскусіць градзінку і тройчы сплюнуць. На Палессі як рабілі каравай, то тры разы прыносілі ваду, тройчы сыпалі на рошчыну муку, тры жанчыны па чарзе мясілі цеста, накрывалі дзяжу трыма кажухамі, тры разы клікалі, ці няма каго чужога, калі саджалі ў печ каравай, тройчы білі лапатай па галаве таго, хто застаўся ў хаце (“дзеля таго, каб тут была тройца: мужык, жонка й дзеці”). Чатыры – чатыры бакі свету, чатыры пары года. Сем шырока ўжывалася таксама ў вясельнай абраднасці: калі пяклі каравай, то казалі, што “сямі крыніц вадзіца, сямі двароў мука, сямі гаспадынь соль, сямі курэй яйкі”… Трэба было таксама, каб хата сем дзён прастаяла да таго, як у яе засяляліся. Нованароджанаму дзіцяці трэба было даць імя цягам сямі дзён.  Дзевяць асацыявалася з першым рытуальным купаннем дзіцяці; з “парэзвамі”, калі бацькі маладога едуць да бацькоў маладой ці наадварот і святкуюць “сваё” вяселле; за другі жалобны стол садзілася толькі дзевяць чалавек. Дванаццаць асацыюецца з 12 месяцамі, таксама лічба сустракаецца ў народных замовах рознай лячэбна-прафілактычнай накіраванасці. На каляды гатавалі 12 страваў. Заўсёды з негатывам успрымалася лічба трынаццаць — чортаў тузін. Сорак: на саракавы дзень адбываліся хрэсьбіны дзіцяці; у вясельным цыкле з 9 дня па 40 працягваўся мядовы месяц у маладых; у памінальным абрадзе на саракавы дзень адбываўся трэці жалобны стол. Магчыма, з лічбай сорак звязанае і народнае свята Саракі, калі выпякалі сорак якіх-небудзь печаных вырабаў.

Многія лічбы атрымалі іншую інтэрпрэтацыю з распаўсюдам хрысціянства.

3 — святая Троіца (Бог – Бацька, Сын і Святы Дух)

7 — за сем дзён Бог стварыў свет; Вялікі пост доўжыцца сем тыдняў; за сем дзён да Вялікадня адзначалася Вербная нядзеля; святкаванне Троіцы прыпадае на сёмы тыдзень пасля Вялікадня.

12 - дванаццаць валхвоў прынеслі падарункі народжанаму Хрысту; у Сына Божага было дванаццаць апосталаў.

13 – на Тайнай вячэры прысутнічала трынаццаць апосталаў, адным з іх быў Іуда, які здрадзіў Хрысту.

40 — на саракавы дзень душа памерлага прадстае перад Богам; сорак дзён доўжыўся пост Ісуса Хрыста.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Дапішыце прыказкі і прымаўкі:

        1. … не гарыць, а толькі тлее.  – *Адна галавешка не гарыць, а толькі тлее.
        2. Свіння мне не брат, … не грошы.  – *Свіння мне не брат, а пяць рублёў не грошы.
        3. Дзе …, там няма чаго есць. – *Дзе кухараў шэсць, там няма чаго есць.
        4. … і вузла не завяжаш. – *Адной рукой і вузла не завяжаш.
        5. … з  сошкай, а ….  – *Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай.
        6. Вераснёвы час – … у нас.  – *Вераснёвы час – сем надвор’яў у нас.
        7. Варона з куста, а ….  – *Варона з куста, а пяць на куст.
        8. Надышла восень – яшчэ …  – *Надышла восень – яшчэ работ восем.
        9. Жыў-быў Несцерка, і было ў яго …  – *Жыў-быў Несцерка, і было ў яго дзяцей шэсцерка.
        10. Чым семярых пасылаць, лепш … – *Чым семярых пасылаць, лепш адному пабываць.
        11. На … адна сякера. – *На сем хат адна сякера.
        12. … ў адной бярлозе не зімуюць.  – *Два мядзведзі ў адной бярлозе не зімуюць.
        13. … плота не падапрэш. – *Адным колам плота не падапрэш.
        14. … штаноў: хто раней устаў, той штаны ўзяў.  – *Сем паноў – двое штаноў: хто раней устаў, той штаны ўзяў.
        15. Гора адно не йдзе, а за сабою …  – *Гора адно не йдзе, а за сабою сем вядзе.
        16. … не сын, … – паўсына, а толькі … – сын.  – *Адзін сын не сын, два сыны – паўсына, а толькі тры сыны – сын.
        17. … на руцэ, а які ні ўкусіш — баліць.  – *Пяць пальцаў на руцэ, а які ні ўкусіш — баліць.
        18. Што разумны за … зробіць, тое хітры — за … паспее. – *Што разумны за шэсць дзён зробіць, тое хітры — за пяць паспее.

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат