Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Кераміка

18.03.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ З’ява гіперкарэктнасці

З’ява гіперкарэктнасці

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Гіперкарэктнасць – выкарыстанне моўных правілаў па-за межамі іх прымянення, што прыводзіць да з’яўлення памылак. У нашым выпадку сутнасць гіперкарэктнасці заключаецца ва ўжыванні словаў і формаў, адрозных ад рускіх, у “абеларушванні” беларускай мовы, прычым там, дзе гэта супярэчыць прынцыпам мовы, парушае правілы вымаўлення, словаўтварэння, спалучальнасці і ўжывальнасці словаў, зацямняе іх сэнс і прыводзіць за стварэння штучных канструкцый. Прычына гіперкарэктнасці дастаткова празрыстая – гэта рэакцыя на русіфікацыю, дзякуючы якой у нашую мову на ўсіх узроўнях патрапіла неапраўдана вялікая колькасць русізмаў. Такім чынам, гіперкарэктнасць перадусім звязаная з жаданнем аднавіць справядлівасць і абараніць цэласнасць мовы, замяніць словы і формы, падобныя да рускіх і таму шкодныя для нашай мовы, на “свае”, адрозныя ад рускіх. Часта гэта адбываецца на фоне не вельмі добрага  валодання мовай. Так, напрыклад, у пары цяпер-зараз, нават без увагі на тое, што гэта няпоўныя сінонімы і іх ужыванне залежыць ад кантэксту, перавага аддаецца прыслоўю зараз, паколькі яно гучыць не  “па-руску”, аднак пры гэтым не ўлічваецца той факт, што слова цяпер вядомае беларусам яшчэ з праславянскага перыяду, а зараз – значна больш позняе запазычанне з польскай мовы (больш падрабязна гл. урок па тэме “Выцінанка”).

Гіперкарэктнасць варта разглядаць у комплексе з іншымі пурыстычнымі з’явамі, прысутніымі сёння ў беларускай мове і накіраванымі на адштурхоўванне ад рускай: запазычаннямі (самаход, варункі, дзюра), дыялектызмамі (гойстры, пасоля), калькамі і неалагізмамі (шрубавёрт, далькажык), архаізмамі.

Гіперкарэктнасць можа праяўляцца на розных узроўнях мовы. На фанетычным узроўні гэта, напрыклад, ужыванне я замест і па аналогіі з некаторымі вядомымі словамі: вЯсіць замест вісіць, зЯмовы замест зімовы па аналогіі са словам сядзець (рус. сидеть). Ды і ўвогуле гэта ўжыванне я ў неўласцівай для яго пазіцыі (не ў першым складзе перад націскам), каб яканне ў нас ужо было паўсюль, бо яго няма ў літаратурнай рускай мове: зЯмлЯны, снЯгавы, гЯрой, сЯкунда.  Цікава, што ў пасляваенныя часы, калі масава людзі перабіраліся з вёсак у гарады і, каб не вылучацца сваёй мужыцкасцю, стараліся гаварыць па-гарадскому, то бок па-руску, быў зафіксаваны цікавы выпадак фанетычнай гіперкарэктнасці. Паколькі ў большасці беларускіх дыялектаў р зацвярдзелы, то беларусы, якія не вывучалі рускую мову ў школе, але скемілі, што па-руску р бывае не толькі цвёрдым, але і мяккім, пачалі ўжываць яго дзе трэба і дзе не трэба. Адсюль з’явіліся такія дзіўныя словы, як папірёса і карёва. “Я не куру папірёсы”, -  маглі сказаць яны.

На марфалагічным узроўні гэта, напрыклад,  чаргаванне ў аснове назоўнікаў мужчынскага роду ў месным склоне (там, дзе яно адбывацца не мусіць): у Пецярбурзе, на сцязе, на дасе. Гэта таксама наяўнасць чаргавання заднеязычных у назоўніках у тых склонах, дзе яно ў літаратурнай мове не адбываецца: няма Вераніцы, без ручцы.

На сінтаксічным узроўні гіперкарэктнымі могуць лічыцца канструкцыі, якія прыйшлі з польскай і адрозніваюцца ад рускіх: чакаць НА яго замест чакаць яго; слухаць выступу замест слухаць выступ; здзіўляцца з таго замест здзіўляцца таму; шукаць інфармацыі замест шукаць інфармацыю. Аднак наяўнасць падобных канструкцый можа быць і дыялектнай асаблівасцю мовы таго ці іншага чалавека. Звярніце ўвагу на тое, што мяжа паміж пурыстычнымі з’явамі не заўсёды добра акрэсленая.

Аднак, безумоўна, самыя цікавыя – гэта выпадкі лексічнай гіперкарэктнасці. З універсітэта запомніўся выпадак, калі выкладчыца на пачатку заняткаў казала “адчыніце кнігі”, а перад тэстам – “зачыніце”.  Але ж, як мы ведаем, адчыніць можна штосьці, што мае замок, напрыклад, дзверы. Кнігі адкрываюць або разгортваюць. Яшчэ “люблю” выраз апынуцца ворагам. Насамрэч, апынуцца можна толькі ў нейкім месцы, а ворагам мы аказваемся. Класна (у праносным сэнсе, канечне) гучыць слова самаадзнака ў значэнні ‘самаацэнка’, а таксама класны часопіс замест класны журнал. У апошнім выпадку яшчэ і аманімія ўзнікае. Яшчэ адзін крэатыўны выраз з інтэрнэту ў скарбонку гіперкарэктнасці – колер нацыі J Падобна, што маецца на ўвазе тут усё ж такі не колер, а цвет нацыі. Рэжа вуха таксама абазначэнне карадынатаў словамі: 22º34’22’’ — 22 градусы 34 хвіліны і 40 секунд. Усё ж такі калі гэта не пра час, а пра даўгату і шырыню, мы мусім ужываць слова мінута. Парыж кахаць таксама не атрымаецца – яго можна толькі любіць.

Як бачым, моцнае жаданне адштурхнуцца ад рускай мовы можа прыводзіць і да неапраўданага шырокага ўжывання паланізмаў. Праблемай можа быць таксама нетыповае, “дзіўнае” ўжыванне словаў, якое ўспрымаецца носьбітамі мовы як штучнае. Аднак не выключана, што тое ці іншае слова, якое спачатку ўспрымаецца са смехам, можа з цягам часу прыжыцца (узус) і нават замацавацца ў літаратурнай мове (норма).


Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Пазначце, якія словы спалучаюцца правільна:

          1. Гуляць (А) – іграць/граць (Б)– *… на скрыпцы іграць,… у каханне гуляць,… у хакей гуляць,… на нервах іграць,… на вяселлі гуляць/іграць,… у лега гуляць,… на сцэне іграць
          2. Зачыніць (А) – закрыць (Б)– *… сход закрыць,… вокны зачыніць/ закрыць,… сайт закрыць,… крымінальную справу закрыць/зачыніць (у сейфе),… вочы закрыць,… краму зачыніць / закрыць,… патэльню закрыць
          3. Апрануць (А) – надзець (Б)– *… кайданкі надзець,… завушніцы надзець,… шалік надзець,… паліто апрануць / надзець,… акуляры надзець,… гарнітур апрануць / надзець,… пальчаткі надзець,… парык надзець

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат