Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Каханне і секс

06.03.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Любоў, каханне, мілаванне

Любоў, каханне, мілаванне


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

У “Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў”, укладзеным Міхасём Клышкам, даецца аж 5 сінонімаў да слова любоў: каханне, закаханасць, любасць, мілаванне, любошчы. Ну і, канечне, нельга забывацца на слова секс (часам пішуць праз э – сэкс) як фізічнае каханне. У Барадуліна знаходзім яшчэ сінонім мілосць.

Адна выкладчыца ў сеціве напісала пытанне, з якім звяртаецца да студэнтаў: “Ну а цяпер перакладзіце без страты сэнсу на рускую мову: “Я люблю сваіх суседак, але кахаю толькі жоначку”. Або вось што піша Адам Глобус у адной са сваіх нататак: “Міле не хапала кахання. Ёй не хапала менавіта кахання, бо любоў і любошчы ў яе былі.” На абсягах інтэрнэту нядаўна знайшла дэматыватар: “Беларуская мова – гэта тое, што дапаможа не называць любоў да піва і каханне да дзяўчыны адным і тым жа словам”J Адсюль пытаннечка: ну і навошта нам столькі словаў пра гэта? Наяўнасць багатага сінанімічнага шэрагу сведчыць не толькі пра багацце нашай мовы, але і пра актуальнасць панятку для яе носьбтаў (параўнайце колькасць назваў снегу ў эсімосаў і пяску ў жыхароў Сахары). Відаць, нездарма кажуць, што беларуская мова – мова кахання)) Прычым усе вышэй прыведзеныя словы — не абсалютныя сінонім, якія ўвогуле ў мове – з’ява надзвычай рэдкая. Гэта словы, што часткова адрозніваюцца семантыкай і ўжываннем.

Любоў – пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці; каханне; схільнасць, цяга да чаго-небудзь.  Словы  коранем lub- шырока ўжываліся яшчэ ў праславянскай мове і першапачаткова азначалі, паводле амерыканскага славіста Хенрыка Бірнбаўма, актыўнае каханне, а вось словы з коранем mil- — пасіўнае, жаданае каханне (“Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”). Звярніце ўвагу на тое, што ў родным, давальным і месным склонах назоўнік мае варыянтныя формы: любові і любві. А вось уласнае імя Любоў мае толькі форму Любові. У творным склоне – любоўю – апостраф не ўжываецца.

Любасць — пачуццё глыбокай прыхільнасці, пяшчоты да каго- або чаго-небудзь, прыязнасць, каханне, ласкаваць і пад.

Любошчы – любоўныя адносіны; каханне, заляцанне, мілаванне. Сёння слова любошчы ўсё часцей становіцца сінонімам слова секс. У ім суфікс -ошч-, магчыма, сведчыць пра ўкраінскае паходжанне (укр. любошчи). Часта гэта слова ў слоўніках даецца з паметай “гутарковае”. Гэта слова адносіцца да катэгорыі множналікавых.

Каханне, закаханасць – звычайна пачуццё да мужчыны або жанчыны, але магчымыя і іншыя варыяцыі. Камічна гучыць, напрыклад, фраза “Кахаю Парыж, хоць не была ў ім ніколі” або рэкламны слоган “Каханне з першай лыжкі” (гэта прыклад моўнай гіперкарэкцыі, калі пры адсутнасці добрых ведаў мовы ёсць моцнае  жаданне напісаць вельмі па-беларуску, пазбегчы словаў і канструкцый, уласцівых рускай мове). Кахаць, каханне – гэта, хутчэй за ўсё, даўняе запазычанне з польскай яшчэ ў старабеларускую мову.

Мілаванне – любоў, каханне, далікатныя адносіны. Слова мае праславянскае паходжанне.

Зваротныя дзеясловы любіцца, кахацца раней ужываліся ў значэнні ‘кахаць адзін аднаго’, а сёння перадусім маюць значэнне ‘займацца сексам’.  Дзеяслоў мілавацца ужываем са значэннем ‘цалавацца, абдымацца, лашчыцца’.

Падсумуем. Калі слова любоў можа ўжывацца ў дачыненні як любой жывой істоты, так і неадушаўлёнага прадмета або працэсу, то словы каханне, закаханасць, любоў, любошчы, заляцанне звычайна накіраваныя на чалавека. Такім чынам, слова любоў мае самае шырокае значэнне і ўключае ў сябе семантыку ўсіх астатніх словаў гэтага сінанімічнага шэрагу.


Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Запішыце словы з лексіка-тэматычнай групы “любоў, каханне, адносіны паміж людзьмі” па-беларуску:

          1. Любимый – *любы, каханы, улюбёны
          2. Ухаживание; ухажер – *заляцанне, залёты; залётнік
          3. Влюбленность; влюбленный – *закаханасць, закаханы
          4. Нелюбовь; нелюбимый – *нялюбасць; нялюбы
          5. Умиление – *замілаванне, замілаванасць
          6. Нежность – *пяшчота
          7. Нежить, лелеять – *мілаваць, песціць, кукобіць, пялегаваць
          8. Ласкать – *лашчыць, песціць/span>
          9. Наслаждение – *асалода, любата
          10. Объятия – *абдымкі, абоймы
          11. Прижимать – *прытуляць, прыціскаць
          12. Невинность – *цнота, цнатлівасць, нявіннасць
          13. Прелести – *вабноты, хараство
          14. Искушение, искуситель – *спакуса, спакуснік
          15. Страсть; страстный  – *жарсць, пал, палкасць; палкі, жарсны, гарачы, заўзяты
          16. Похоть; похотливость – *юр; юрлівасць
          17. Вожделение – *пажадлівасць
          18. Чувственность – *пачуццёвасць
          19. Разврат, распутство; распутник  – *распута, блуд; распуснік, блуднік, марцовы кот
          20. Ревность; ревнивец  – *рэўнасць, зайздрасць; раўнівец
          21. Измена – *здрада
          22. Любовник, любовница – *палюбоўнік, каханак, палюбоўніца, каханка

Скончыце прымаўкі і прыказкі пра каханне:

        1. Хто каго кахае, той … – *Хто каго кахае, той таго й чапае.
        2. Хто каго любіць, … – *Хто каго любіць, той таго чубіць; Хто каго любіць, той таго і прыгалубіць.
        3. Сілаю не быць… – *Сілаю не быць мілаю.
        4. Да каханка ішла то ўсё скачучы, а дахаты … – *Да каханка ішла то ўсё скачучы, а дахаты то ўсё плачучы.
        5. Хіба чорт задумаў гэтыя залёты: ані ўночы… – *Хіба чорт задумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень работы.
        6. Каб той марна здох, што любіць … – *Каб той марна здох, што любіць разам двох.
        7. Кахаў Ганулю, ды ўзяў … – *Кахаў Ганулю, ды ўзяў дулю.
        8. Кахаў Ядвігу, ды далі … – *Кахаў Ядвігу, ды далі фігу/хвігу.
        9. Відаць па вочках, хто … – *Відаць па вочках, хто ходзіць уночках.
        10. Любі Якава, ды … – *Любі Якава, ды не ўсякага.
        11. Цяжка ўздыханне … – *Цяжка ўздыханне — далёка каханне.
        12. Хоць пад лаўкаю пасяджу, а … – *Хоць пад лаўкаю пасяджу, а на любага пагляджу.
        13. Хоць у шалашы, абы … – *Хоць у шалашы, абы мілы на душы.
        14. Хоць у будане жыць, абы … – *Хоць у будане жыць, абы з каханым быць.

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат