Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Скірмунты

16.02.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Падваенне і падаўжэнне

Падваенне і падаўжэнне


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Падваенне зычных гукаў адбываецца на сутыку марфем: прыстаўкi i кораня, кораня i суфiкса або суфікса і постфікса. На пісьме яно перадаецца дзвюма лiтарамi: ад-даць, бяз-зубы, асен-нi, насцен-ны, камен-ны. У дзеяслове раз-злавацца, нарыклад, два выпадкі падваення: зз (з прыстаўкі і з кораня) і цц (ц суфікса і ц постфікса). Аднак з гэтага правіла існуюць выключэнні. Перадусім гэта словы расада і расаднік, якія абазначаюць маладыя расліны і пітомнік для іх. Па правілах тут павінна быць падваенне, бо словы ўтвораныя ад прыстаўкі рас-, якая заканчваецца на с, і кораня сад, які таксама пачынаецца з с. Але ў гэтых словах адбылося так званае сцягненне, у выніку якога застаўся толькі адзін с. А вось слова рассаджваць – то бок садзіць на розныя месцы – і ўтвораны ад яго назоўнік рассаднік са значэннем ‘крыніца для чаго-небудзь’ мы будзем пісаць з двума с. Адно с вымаўляецца і пішацца таксама ў словах расол і расольнік, пры ўтварэнні якіх супалі (сцягнуліся) канцавы с прыстаўкі і пачатковы с кораня.  Адзін с застаўся таксама ў выключэнні ростань, утворанага ад  прыстаўкі рос- і кораня стран. Цікава, што роднасныя словы расстанне і расставанне падваенне захавалі.

Падваенне часта блытаюць з падаўжэннем. Аднак гэта розныя з’явы. Падваенне гэта марфалагічная з’ява, характэрная не толькі для нашай мовы, але, напрыклад, і для расейскай. А вось падаўжэнне – гэта фанетычная з’ява, якая лічыцца адметнай рысай беларускай мовы. Яно ўзнікла ў выніку гістарычных фанетычных зменаў, а менавіта падзення рэдукаваных на месцы спалучэння “мяккі зычны + ь” у пазіцыі паміж галоснымі. Могуць падаўжацца ў нашай мове сёння не ўсе зычныя, а толькі  ж, з, дз, л, н, с, ц, ч, ш: бездарожжа, маззю, стагоддзе, раздолле, насенне, калоссе, багацце, сучча, зацішша.

 Ва ўласных назвах славянскага паходжання або старых запазачаннях  падаўжэнне таксама адбываецца: Наталля, Таццяна (але паралельна вядомыя і народныя формы Наталя, Тацяна), Зарэчча, Залессе. Выключэнне складаюць імёны Ілья, Ульян, Ульяна, Емяльян, Касьян, Юльян, Юльяна (у народнай мове таксама сустракаюцца з падаўжэнне і без: Ілля, Улляна, Юляна. Юлляна) , а таксама вытворныя ад іх.  

 У словах iншамоўнага паходжання падаўжэнне звычайна не адлюстроваецца: метал, граматыка, алея, калона, касса, Ала, Іна, Адэса.  Традыцыйна вылучаецца невялікая група іншамоўных словаў, якія ў нашай мове пішуцца з падаўжэннем: ванна, манна, панна, Ганна, Жанна, Мекка і інш. Звярніце ўвагу, што калі пры ўтварэнні памяншальнай або фамільярнай формы да ўласнага імені дадаецца суфікс –к-, то пішацца адна літара: Ганка, Жанка. А вось у памяншальна-ласкальных формах з суфіксам –ачк- захоўваюцца адзве літары: Ганначка, Жанначка.

Калі ж у іншамоўным слове аднолькавыя літары сустракаюцца на сутыку марфем, то гэта ўжо марфалагічная з’ява падваення, якое  захоўваецца на пісьме: сюррэалізм, транссексуал. Гэты ж прынцып прымяняецца і да складаных словаў: паліттэхнолаг, омметр.

 Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Устаўце, калі трэба, літары:

        1. Палоз…е  – *палоззе
        2. Ал…а  – *Ала
        3. Мадон…а – *мадонна
        4. Шмат…амовы – *шматтамовы
        5. Марок…а  – *Марока
        6. Без…аганны – *беззаганны
        7. Піц…а – *піца
        8. Пяц…юдзесяц…ю  – *пяццюдзесяццю
        9. Рас…днік – *расаднік і рассаднік
        10. Увуш…у – *увушшу
        11. Сум…а – *сума
        12. Саван…а – *саванна
        13. Сюзан…а – *Сюзанна
        14. Сібір…ю  – *Сібір’ю
        15. Іл…інскі – *Ільінскі
        16. Рым…а – *Рыма
        17. Ніц…а – *Ніца
        18. Емял…ян  – *Емяльян
        19. Бяс…энсіца  – *бяссэнсіца
        20. Рас…ольнікавы – *расольнікавы
        21. І…на – *Іна
        22. Ра…таваць – *раставаць
        23. Рас…тавацца – *расставацца
        24. Вакуум…етрыя – *вакуумметрыя
        25. Рас..адны – *расадны
        26. Сам…іт  – *саміт

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат