Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Праклёны

26.01.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Лаянка

Лаянка


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Лаянка – гэта словы і выразы, якія не адносяцца да літаратурнай мовы, забароненыя ў публічных месцах, маюць выразную эмацыйна-экспрэсіўную афарбоўку і негатыўную канатацыю, аднак у той ці іншай ступені вядомыя ўсім носьбітам мовы. Узгадаем анекдот пра тое, як перад галоўным корпусам Акадэміі навук забыліся закрыць вечкам каналізацыйны люк. І хто б у яго ні зваліўся – прафесар або просты працоўны, — словы былі прыблізна адны і тыя ж. J

Жорсткая забарона за публічнае ўжыванне нецэнзурнай лаянкі раней падтрымлівалася царквой, а ў сучаснасці – перадусім школай і іншымі культурнымі інстытуцыямі. Дарэчы, у нашай краіне ўжыванне нецэнзурных словаў у публічных месцах разглядаецца як дробнае хуліганства і караецца паводле Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях. На жаль, гэтым артыкулам часта злоўжываюць…

Такім чынам, лаянка, як нас вучылі з самага дзяцінства, гэта дрэнна. І гэта мы, канечне ж, не ставім пад сумнеў J Аднак, паводле даследаванняў брытанскіх вучоных з Кілскага ўніверсітэта, нецэнзурная лаянка можа дапамагчы атрымаць больш высокія вынікі ў сілавых спаборніцтвах і нават суцішыць боль (для гэтага ўдзельнікаў эксперыменту прасілі, напрыклад, трымаць рукі ў ледзяной вядзе, і тыя, хто пры гэтым лаяўся, мог рабіць гэта амаль утрая даўжэй за тых, хто падчас працэдуры маўчаў). Праўда, магчыма, тут справа не ў лаянцы, а ў высокім узроўні эмоцый, адрэналіне, які дадае сілаў і робіць менш адчувальным да болю.

Адкуль жа ўзялася лаянка і ці ўсе народы яе маюць?

Так, сапраўды, лаянка вядомая ўсім народам здаўна. І беларуская мова – не выключэнне. Ёсць меркаванне, што лаянкавыя словы былі аднымі з першых у арсенале чалавека. Яны выконвалі культавую, рытуальную функцыю, былі шырока прадстаўлены ў розных сельскагаспадарчых, вясельных і іншых абрадах, звязаных з плоднасцю. Нядаўна словы, якія мы сёння называем мацернымі, былі знойдзены ў берасцяных граматах ХІІ-ХІІІ стагоддзяў. Прычым навукоўцы даказваюць, што прыпісванне татарскага паходжання так званаму “расейскаму” мату не мае пад сабой ніякай падставы. Словы з найбольш вядомай мацернай трыяды – на х.., п.. і я/е/ё.. – праўдападобна, маюць інда-еўрапейскае і праславянскае паходжанне. Калі прыняць гэтую гіпотэзу, а не гіпотэзу запазычання з цюркскіх моваў, тады становіцца зразумелым, чаму на нашай тэрыторыі гэтыя словы атрымалі такі шырокі распаўсюд. Паводле расійскага прафесара Уладзіміра Макіенкі, гэтыя словы паходзяць ад праславянскага *jebti – ‘біць, стукаць’;  *huj – роднаснае хвойнаму дрэву, ‘іголка хвоі, штосьці колкае’; *pisьda – ‘мочаспускальны орган’. Таксама як і больш “мяккія” словы: на б… роднаснае назоўніку блуд, блудзіць, слова на г.. паходзіць ад праславянскага *govьno, роднаснае старому слову говядо ‘буйная рагатая жывёла’ (говядина ў старабеларускім лексіконе – ‘адна галава быдла’).

Цікава расказвае пра этапы развіцця брыдкаслоўя ў адным са сваіх інтэрв’ю этнактуролаг Таццяна Валодзіна. Усё пачынаецца з вярхоўнага Бога Грымотніка і Зямлі, якую ён апладняе сваімі грымотамі і даждом. У выніку старажытнага табуявання Бог пачынае замяняецца сабакам, а Зямля спачатку жанчынай, а потым і маці субяседніка. Адсюль, верагодна, і паходзіць вядомы мацерны выраз “… тваю маць”, а таксама і самі словы мацюкі, мат, мацерны. Ну і словы лаяцца, брахаць мы таксама ўжываем невыпадкова. Бо лаюць і брэшуць менавіта сабакі. Узгадаем выразы “сучы сын”, “сука”, “пся крэў”, пёс з ім”, “пайшоў к чарцям сабачым”… Чаму гэты персанаж менавіта сабака? Лічыцца, што гэта тлумачыцца старажытным вераваннем у тое, што сабака – спадарожнік д’ябла.

Цікава таксама, што разнастайныя адсыланні (пайшоў ты…), звязаныя з палавымі органамі, расшыфроўваюцца як дасыланне ў нябыт, туды, дзе цябе яшчэ не было, адкуль ты з’явіўся. А вось адсыланне ў зад, які асацыюецца ў народзе з нечым цёмным і нячыстым, магло мець сэнс адсылання ў пекла, на той свет.

Тое, пра што мы гаварылі вышэй, мае дачыненне да так званай нецэнзурнай лексікі, табуяванай, некадыфікаванай, той, якая не існуе ў пісьмовай форме. Аднак ёсць і больш “мяккая” лексіка – гэта разнастайныя абразлівыя словы, якіх таксама было шмат у нашай мове. І калі мацернымі словамі спрадвеку карысталіся пераважна мужчыны, то абразлівую лексіку больш ужывалі жанчыны. Шмат такіх цікавых словаў можна знайсці, напрыклад, у запісах Міхала Федароўскага і іншых этнографаў, у разнастайных дыялекталагічных слоўніках. Сярод абразлівых мянушак можна ўзгадаць назвы жывёлаў (гад/гадаўка, свіння, каза, авечка, пес/пёс/сабака/сука/кабель; такая прыгожая, як жаба/рапуха), іншыя словы ў пераносным значэнні (лантух = рыззё ‘марудны чалавек’, бот, дуб ‘дурны’, халера ‘дрэнны’, скула ‘сквапны або надакучлівы’). У народнай мове шмат абразаў утворана пры дапамозе розных ацэначных суфіксаў: -уй/-юй - абалдуй, папсуй ‘няўмека, усё псуе’; -ук/ -юк  — цяльпук, блазнюк; -ун/ -юнпярхун ‘той, хто часта кашляе’, брахун; -ух/-юхсмярдзюх, цянцюх ‘таўсматы чалавек’. Таксама вельмі прадуктыўныя суфіксы –ік/-ак і –ец: мярзотнік, паскуднік, вылюдак, паршывец. Сярод абразлівых назваў сустракаюцца назоўнікі агульнага роду на –а: румза, брыда, няўмеха. Ну і, канечне, шмат пазычак: ідыёт (грэч. ‘той, хто не цікавіцца палітыкай’), абармот (ням. ‘свавольнік’), басурманін (ад цюркск. ‘мусульманін’), шэйгец (габр. ‘свавольнік’). Для большай выразнасці і моцы ўжываюць цэлыя словазлучэнні: жаба разлезла, жабін клунак, лысы чорт, дудок смярдзячы, ёлупень стары, дурня кусок, вылупень казліны і інш.

Лічыцца, што чыста жаночай зброяй былі менавіта праклёны. У той сітуацыі, калі мужыкі кідаліся ў бойку, жанчыны звычайна практыкаваліся ў праклёнах, часта з’едлівых і грубых. Ёсць думка, што гэта зброя безвыходнасці і адчаю. Дарэчы, менавіта беларускі фальклор вылучаецца найбольшай колькасцю выслоўяў-праклёнаў: Трасца табе ў бок! Каб табе каўтун звіўся! Каб яго барада аблезла неўзабаве! Каб табе Бог не дапамог! Аббрахаў ён мяне, каб ён, Бог даў, па полю і лесу бегаючы брахаў! Каб цябе бура панесла! Каб яго душу чэрці па пекле пхалі! Ах, каб цябе ў чыстым полі дзверы сціснулі! Адварочваецца ён ад мяне, каб яму, Бог даў, галаву завярнула на патыліцу! Каб яго, Божа дай міленькі, голага гнялі! Каб табе язык аблез! Каб ты каменем сеў!

Трэба адзначыць, што табуяваныя словы ў народзе часта эўфемізаваліся, замяняючыся больш “прыстойнымі” (пра палавыя органы — дрын, струк, цюцька, кілбаска, чаропка, шмонька і г.д.). Эўфемізмы да табуяваных словаў шырока прымяняюцца і сёння: піпец і пісец, блін, хрэн.

Ну і асобна трэба вылучыць лаянкавыя словы, якія страцілі сваю асноўную афектыўную функцыю і служаць не для выражэння эмоцый, а проста для звязкі словаў пры маўленні. Да апошніх людзі так прызвычайваюцца, што практычна не могуць без іх абысціся, а таксама з цяжкасцю ад іх пазбаўляюцца. Такія словы можна лічыць моўнымі паразітамі, што звычайна ўласцівыя маўленню людзей са збедненым лексіконам і кругаглядам.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Што азначаюць гэтыя абразлівыя словы?

        1. Шлёма – *дурны, недалёкі чалавек
        2. Набрыдзь – *навалач, прышлы чалавек
        3. Афэлак – *ідыёт, ёлупень
        4. Звягун – *звяглівая, крыклівая, скандальная асоба
        5. Шлёндра – *дзяўчына лёгкіх паводзін, прасталытка, самадайка
        6. Пранцаваты – *абразлівае слова ад пранцы = сіфіліс
        7. Цянцю́х – *тоўсты, непаваротлівы чалавек
        8. Гіцаль, герцык – *махляр
        9. Пэтлах – *хлопец з доўгімі валасамі
        10. Жлукта – *выпівоха
        11. Мішугін – *ёлуп, дурань
        12. Зломак – *лайдак, няўмека
        13. Карачун – *нізкарослы чалавек
        14. Лярва – *1. курва, сцерва; 2. здаровая гультаяватая жанчына (лац. лічынка, маска)
        15. Ласкатун – *балбатун (ад ласкатаць = балбатаць)
        16. Бабзды́р – *аматар жанчын, бабнік
        17. Капуснік (пра дзіця) – *байструк
        18. Парх – *паршывец, шалудзівы
        19. Чарава́ч – *чалавек з вялікім жыватом (чэравам)
        20. Шыбельнік, шыбенік – *дрэнны чалавек (ад шыбеніца)

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат