Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Беларускі гістарычны анекдот

10.01.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Свет і святы

Свет і святы


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Сёння мы пагаворым пра словы свет і святы. Свет у нашай мове – слова старажытнае, вядомае яшчэ з праславянскага перыяду, дзе яно мела спачатку значэнне ‘святло’, а пазней і ‘сусвет’. У сучасных славянскіх мовах слова шырока ўжывальнае, прычым у шэрагу з іх захаваліся абодва гэтыя асноўныя значэнні: укр. світ – ‘святло’ і ‘сусвет’; рус. свет – ‘святло’ і састар. ‘сусвет’ (пойти в широкий свет, что на свете делается). У іншых сучасных славянскіх мовах, уключна з нашай, страціла значэнне ‘святло’: польск. świat, чэшск. svět і інш. – ‘сусвет’. Дарэчы, гэтае слова мае паралелі і ў неславянскіх мовах – старажытна-індыйскай, авестыскай, літоўскай і інш.

Сёння свет – слова мнагазначнае. Па-першае, светам у нашай мове называюць Зямлю і ўсё, што на ёй. Са словам свет маем шмат устойлівых выразаў: Стары свет = Еўропа; Новы Свет = Амерыка; гэты свет = свет людзей, зямля; той свет = мёртвыя і пад. Трэба звярнуць увагу на тое, што свет – не поўны сінонім рускаму слову мир. І назву рамана Талстога “Война і мір” нельга перакласці як “Вайна і свет”, бо ў рамане вядзецца менавіта пра мір у значэнні не-вайна. У другім значэнні свет – гэта тое, што і сусвет, то бок наша і іншыя цывілізацыі. Трэцяе значэнне слова свет – чалавечае грамадаста, аб’яднанае пэўным грамадскім ладам: антычны свет, новы свет. Свет – гэта таксама асобная галіна жыцця, з’яваў, дзейнасці: жывёльны свет, духоўны свет, навуковы свет. Падобна, што роднасным да слова свет з’яўляецца слова святло прамяністая энергія,  якая робіць навакольны свет бачным, не-цемра ў шырокім сэнсе слова. Сярод словаў, якія выйшлі з аднаго кораня, узгадаем светлы, святлець, асвятляць, свечка, світанне / світанак і інш. Трэба запомніць, што ў складаных словах, утвораных ад назоўніка святло, каранёвая галосная я ў першай частцы пішацца нязменна:  святло- / святла- (святлафор, святлацень). Аднак калі першая частка слова ўтворана ад прыметніка светлы, то ў ёй будзе захоўвацца е: светлавалосы, светласкуры.

Слова свята сугучнае слову свет. Лічыцца, што ў нашу мову яно магло прыйсці з польскай. Праўдападобна, што яно звязана са словам святы́. То бок, свята – гэта святы дзень, дзень, які адзначаецца царквой або грамадствам традыцыйна ў гонар нейкага святога або падзеі. Гэта таксама выходны, непрацоўны дзень. Але калі ў рускім слове праздник падкрэсліваецца менавіта яго значэнне ‘праздность, нічоганерабленне’, то ў нашай мове матывацыяй слова свята, праўдападобна, служыць менавіта святасць. Ну і тут мы можам узгадаць цэлы шэраг роднасных словаў: святар (святары), святыня,  асвячаць, святцы. Звярніце ўвагу на тое, што ў гэтых словах маем не яканне (як у выпадку са словам светлы), а этымалагічнае нязменнае я, якое пішацца незалежна ад націску.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Падбярыце эквіваленты са словам свет да наступных словаў/выразаў:

        1. Памерці – *пайсці на той свет
        2. Нарадзіцца – *прыйсці на свет
        3. Загубіць – *зжыць са свету
        4. Апублікаваць – *выйсці ў свет
        5. Быць апублікаваным  – *пабачыць свет
        6. Пайсці, куды вочы глядзяць– *пайсці ў свет
        7. Адусюль – *з усяго свету
        8. Нешта даўно вядомае – *старое як свет
        9. Далёка (знаходзіцца) – *не блізкі свет
        10. Далёка (пайсці) – *на край свету

Перакладзіце на беларускую мову:

        1. Светать – *світаць, развідняцца, днець, днецца
        2. Светлейший (тытул) – *найяснейшы, яснавяльможны, найсвятлейшы
        3. Светлячок – *святляк, светлячок
        4. Световой – *светлавы
        5. Светоизмеритель – *святловымяральнік
        6. Светлоглазый – *светлавокі
        7. Светомузыка – *святламузыка
        8. Светоизлучение – *святловыпраменьванне
        9. Святить – *асвячаць
        10. Святотатец – *святататнік
        11. Миропонимание – *светаразуменне
        12. Зверобой – *святаяннік

Аднавіце прыказкі і прымаўкі:

      1. Баба з калёс  – *Баба з калёс — каню свята.
      2. Прыйдзе, тата,… – *Прыйдзе, тата, і наша свята.
      3. Для вар’ята…  – *Для вар’ята няма свята.
      4. … — той сарочкі латае  – *Хто свята пытае, той сарочкі латае.
      5. Аддам на … – *Аддам на святы Адам.
      6. …, ні чорту галавешка  – *Ні Богу свечка, ні чорту галавешка.
      7. Як Бог дапусціць, то і … – *Як Бог дапусціць, то і святыя не абароняць

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат