Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Мова мястэчак Беларусі

07.12.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Габраізмы

Габраізмы


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Першыя звесткі пра габрэяў на тэрыторыі ВКЛ з’явіліся ўжо ў XIV стагоддзі. З тых часоў беларусы і габрэі, таксама як і іх мовы і культуры, знаходзіліся ў шчыльным узаемадзеянні (вядома, што на мяжы XIX-XX стагоддзяў колькасць габрэйскага насельніцтва ў некаторых беларускіх гарадах і мястэчках даходзіла аж да 80 адсоткаў).

На нашай тэрыторыі габрэі шырока карысталіся мовай ідыш, якая паўстала на базе сярэдненямецкіх дыялектаў з шырокім выкарыстаннем пазычак са старажытнагабрэйскай і арамейскай моваў. За перыяд існавання на беларускай тэрыторыі габрэі ўзбагацілі мову ідыш вялікай колькасцю ўласна беларускіх словаў. Але адбываўся таксама і адваротны працэс, калі ў беларускія гаворкі і літаратурную мову трапляла шмат запазычанняў з мовы ідыш і іўрыту (спыніла сваё існаванне ў якасці размоўнай мовы прыкладна ў ІІ ст. н.э., аднак захоўвалася як мова габрэйскай літургіі й рабінскай літаратуры; у ХІХ-ХХ стст. мова была адроджаная пры актыўным удзеле Эліэзэра Бэн-Егуды з вёскі Лужкі). Дарэчы, самі словы іўрыт і ідыш – таксама габраізмы.

У літаратурную мову траплялі звычайна словы з іўрыта пры пасярэдніцтве іншых еўрапейскіх моваў або з рэлігійных тэкстаў: алілуя (‘хваліце Госпада’), амэн/ амінь (‘верую’), сатана (‘перашкода, супраціўнік’), херувім, садамія (ад назвы габрэйскага горада Садом), субота і Шабат (‘спыняць дзейнасць, супакойвацца’), бегемот (‘жывёла’).

Некаторыя запазычанні з мовы ідыш — ідышызмы – траплялі ў нашу мову пры непасрэдных кантактах габрэяў і беларусаў. Гэты працэс, магчыма, быў не самым актыўным, паколькі габрэі вельмі хутка засвойвалі беларускую мову і з мясцовым насельніцтвам размаўлялі пераважна на ёй. Да больш-менш бясспрэчных габраізмаў адносяць, напрыклад, гандаль, рахунак, кахля (кафля), лотр (‘злодзей’), разынкі, труна, хабар, кадка. Ёсць яшчэ цікавая група запазычнанняў з габрэйскіх моваў, якія звычайна не ўжываюцца ў літаратурнай мове і маюць негатыўную канатацыю. Так, сінонімамі да словаў небарака, дурында выступаюць наступныя ідышызмы:  шлімазул (шлімазл), шлёма, мішугін, ламедуда, кепала (‘дурная галава’). Малых свавольнікаў беларусы маглі называць габрэйскімі словамі шэйгец, бахур, ламперт, гіцаль, а дзеўку-падлетка, што хацела выглядаць дарослай – сікша.

Дрэннымі, абразлівымі назвамі для жанчыны былі лахудра, лярва. Пра махляра маглі сказаць герцгерцыка пра блазана – лабушнік.

З ідыш у беларускую мову патрапілі і набылі зніжанае значэнне таксама наступныя словы: кагалхеўра (дарэчы, слова з тым самым коранем — хаўрус — таксама пазычаннае з мовы ідыш), хаіць/хаяць  (‘ганіць’), пейсы  (нечасаныя брудныя валасы), афэрдала/фэрдала (худы, замораны конь) і інш.

Цікава, што, паводле меркаванняў даследчыкаў, шмат якія словы турэмнага жаргону, або арго, маюць таксама габрэйскае паходжанне: фраер (‘свабодны, той, які не сядзеў у турме’), шмон (‘ператрус’), ксіва (‘пашпарт, дакумент’), феня (‘спосаб, чын’), ботаць (‘размаўляць’), халява (‘дарам, бясплатна’ ад іўр. малако; паводле інфармацыі, у ХІХ ст. габрэі Расійскай імперыі збіралі для габрэяў Палестыны “дмей халав” – “грошы на малако”), хіпеш (‘вобшук’), маліна (‘злодзейскі прытулак’ ад іўр. малон – гатэль, прытулак, месца начлегу).

У таемных мовах беларусаў таксама сустракаліся габрэйскія словы. Возьмем, напрыклад, назву мову дрыбінскіх шапавалаў (катрушніцкі лемезень) або мову шклоўскіх краўцоў і шапавалаў (парушніцкі лемез). Мяркуецца, што самі словы лемезень і лемез паходзяць ад слова leimaden, leimed з мовы ідыш, якое мае значэнне ‘тайная згода’.  Шэраг ідышызмаў зафіксаваны, напрыклад, у лабарскай гаворцы – таемнай мове з мястэчка Янава (лабарамі называлі мужчын, што займаліся даволі рэдкім промыслам – збіралі ахвяраванні на царкву): хаза (‘дом’), фандыбэрысты (‘ганарысты’), хеўра (‘кампанія’), хана (‘канец’), шнайдаць (‘пілаваць’, хутчэй за ўсё ад нямецкага

Schneiden праз пасярэдніцтва ідыша), мендэль (‘млынар’, хутчэй за ўсё ад габрэйскага імені Мендл).

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Назавіце адным словам:

      1. Пазашлюбнае дзіця – *байструк
      2. Гандаль, угода, здзелка – *гешэфт
      3. Апошняя бітва Бога супраць Сатаны – *Армагедон
      4. Вучэнне, якое шукае аснову ўсіх рэчаў у лічбах і літарах габрэйскага алфавіту – *кабала
      5. Негабрэй – *гой
      6. Эфірны алей, болепатольны сродак, касметычнае рэчыва – *бальзам
      7. Кшталт габрэйскага верхняга адзення, доўгі сурдут, пераносн. доўгая падраная апранаха, лахманы – *лапсердак
      8. Тварожная страва, якую гатуюць да Вялікадня – *паска
      9. Расліна з духмяным і рэзкім на смак зернем, якое сёння выкарыстоўваецца, напрыклад, пры квашэнні капусты – *кмен
      10. Шасцікрылы анёл – *серафім
      11. Пяцікніжжа Маісея, святая кніга іудаізму – *тора
      12. Зямны рай, райскі сад – *эдэм
      13. Анёл, які ахоўвае рай – *херувім
      14. Салодкая страва габрэйскай кухні, пераносн. сутнасць; тое, што трэба– *цымес, цымус
      15. Прадстаўнік рэлігійна-палітычнай секты ў старажытнай Іудзеі, які адрозніваўся фанатызмам, пераносн. крывадушны чалавек – *фарысей
      16. Гучны крык, здзек – *гвалт
      17. Збор дагматычных рэлігійна-этычных і прававых пастулатаў іудаізму, пераносн. таўшчэзная кніга – *талмуд
      18. Грошы, багацце, злы дух, чэрава як сімвал хцівасці, прагнасці – *мамона
      19. Справа, гісторыя, жаргон. чуткі; вядро для выпражненняў у турме – *параша
      20. Продаж тавару, пераносн. ашуканства, падман – *шахер-махер
      21. Пакаранне, турма, засценак – *цугундар (браць на цугундар)
      22. Габрэйскія праснакі, што гатаваліся да свята праснакоў  – *маца

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат