Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Лынтупы

16.11.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Словаўтваральныя гнёзды

Словаўтваральныя гнёзды


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Словаўтваральнае гняздо – гэта блок аднакаранёвых словаў, які складаецца з вяршыні (невытворнага слова) і ўтвораных ад яго словаў. Нагадаем, што невытворнае слова тоеснае кораню і звычайна не мае празрыстай матывацыі ў мове (кот, дом). Пры дапамозе прыставак,  суфіксаў, злучальных галосных, постфіксаў утвараюцца новыя словы, якія ўваходзяць у словаўтваральныя ланцужкі: бегчы бягун бегунок, бегчы бег, бег бягом; дом дамок дамочак, дом дамашні па-дамашняму, дом дамавік. Іншымі словамі, гэтыя ланцужкі з тым самым матывуючым коранем і складаюць словаўтваральнае гняздо. Чым болей словаў уваходзіць у словаўтваральнае гняздо, тым большая актуальнасць гэтых словаў і паняткаў у мове.

Такім чынам, найбольш шматколькасныя і разгалінаваныя гнёзды ўтвараюць у нашай мове дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі, якія адносяцца да лексікі актыўнага ўжытку. Найменшую колькасць адзінак у словаўтваральным гняздзе маюць неалагізмы, новыя запазычанні, а таксама словы, што належаць да пасіўнай лексікі, то бок рэдка ўжываюцца носьбітамі мовы.

Паводле гэтай класіфікацыі гнёзды падзяляюцца на нулявыя, або патэнцыйныя (уваходзіць толькі адно слова: альма-матар); слаба разгорнутыя (два словы, адно з якіх з’яўляецца вяршыняй: маянэз – маянэзны) і моцна разгорнутыя гнёзды (уключаюць тры і больш словаў).

У вузкім сэнсе слова словаўтваральнае гняздо – гэта такая структура, што складаецца выключна са словаў, семантычная сувязь паміж якімі відавочная носьбіту мовы. Межы гнёздаў могуць змяняцца разам са стратай такой бачнай семантычнай сувязі паміж словамі. Аднак у шырокім сэнсе слова можна разглядаць словаўтваральнае гняздо ў яго гістарычным развіцці (у дыяхраніі).

Возьмем, для прыкладу, семантычнае гняздо з вяршыняй “род”. Само слова род сустракаецца ва ўсіх славянскіх мовах, часам у трошкі адрозным гучанні (напрыклад, ва ўкраінскай гэта рід, у польскай ród). Гэта дае падставу меркаваць, што яно мае праславянскае паходжанне. Больш за тое, некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што прыйшло яно яшчэ з інда-еўрапейскіх часоў (ад інда-еўрапейскага кораня *uerdh- (*urodh-). Пра што сведчыць яго існаванне не толькі ў славянскіх мовах, а, напрыклад, у літоўскай, латышскай, старажытна-індыйскай і іншых.

Само слова першапачаткова азначала ‘шэраг пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка’. Яно фіксуецца ў пісьмовых помніках, пачынаючы ўжо з ХІ стагоддзя. Відавочна, што гэта лексема вельмі важная для беларусаў, бо яна ўваходзіць у моўнае ядро нашай мовы і адлюстроўвае этнакультурныя асаблівасці народа, яго светапогляд. Сёння пад словам род мы маем на ўвазе не толькі племя, сям’ю, пакаленні, але і сукупнасць прадметаў, якія валодаюць нейкай агульнай якасцю (сінонім кшталт), і напрамак дзейнасці. Гэта таксама біялагічны тэрмін, які аб’ядноўвае сваяцкія віды жывёлаў і раслін, і лінгвістычны тэрмін (жаночы род, ніякі род).

Пра актуальнасць для нас панятка род сведчыць надзвычай вялікае словаўтваральнае гняздо, аб’яднанае гэтым коранем. Гэта родзіч, родны, радня – людзі адной крыві; роды, радзіны, нараджэнне, радніць – працэсы;  народ, які пайшоў з аднаго кораня, радзіма – родная зямля. Цікава, што той самы корань мае і слова радзімка – прыродная плямка на скуры чалавека, бо лічылася, што яна была ўжо пры нараджэнні чалавека. Да словаўтваральнага гнязда ў шырокім сэнсе слова адносіцца і слова прырода, якая родзіць усё жывое, а таксама слова парода, калі мы кажам пра нейкія разнавіднасці раслінаў і хатніх жывёлаў, а раней і пра саслоўі дарэчы. Пародай таксама называюць мінеральныя выкапні. Адсюль і аднакаранёвае слова радовішча, якое таксама пайшло ад слова род, бо гэта месца, дзе здабываюць карысныя выкапні – то бок, месца іх нараджэння. Ураджай і ўрадлівы таксама маюць той самы корань і звязаныя з колькасцю атрымання пладоў у прамым і пераносным сэнсе слова.

Усе вышэй пералічаныя словы не маюць у мове адмоўнай афарбоўкі ў адрозненне ад словаў урод і вырадак, утвораных пры дапамозе прыставак у- і вы-.  Далучэнне гэтых прыставак да кораня род дае нам словы для называння людзей, што адарваліся ад роду, ад яго традыцый, сталі бязроднымі. Сёння так звычайна называюць чалавека з нейкімі фізічнымі і маральнымі адхіленнямі (цікава, што ў польскай мове слова uroda мае зусім іншае, нават процілеглае значэнне — ‘прыгажосць’). Дарэчы, слова юродзівы таксама паходзіць ад кораня род. Так раней называлі не проста вар’ятаў, а тых, хто валодаў дарам прадказання. Сёння мы таксама скажам блазнаваты.

Існуе яшчэ шмат шырокавядомых словаў з тым самым коранем: дзень народзінаў, нараджальнасць, адраджэнне, перараджэнне, выраджэнне, высакароднасць, Багародзіца. І адна з назваў вялікага свята, што ўжо зусім хутка прыйдзе да нас – Раства – таксама паходзіць ад слова род!

Такі чынам, аб’яднальным значэннем для большасці словаў з коранем род перадусім будзе з’яўленне на свет і сувязь паміж пакаленнямі.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Узнавіце элементы словаўтваральнага гнязда (у шырокім сэнсе слова) з вяршыняй мова:

      1. Назоўнікі:– *Мова
        Змова,Замова,Умова Прамова,Прадмова,Адмова,Намова,Размова,Перамовы,перамоўны,Дамова,Дамоўленасць,Маўленне,Моўца,Суразмоўца,Прамоўца,Змоўца,Перамоўца,Сумоўе,Прымаўка,Мовазнаўства Моватворчасць,Бязмоўе,Немаўля,Метамова,Шматмоўе,Двухмоўе,Крыптамова,Вымаўленне
      2. Прыметнікі: – *Моўны
        Маўленчы
        Умоўны
        Адмоўны
        Іншамоўны
        Міжмоўны
        Шматмоўны
        Беларускамоўны
        Дамоўлены
        Размоўны
        Мовазнаўчы
        Моватворчы
        Бязмоўны

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат