Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Кажаны

01.11.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Мянушкі людзей

Мянушкі людзей


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Калі імя даецца дзіцяці бацькамі пры нараджэнні, прозвішча перадаецца ў спадчыну, а псеўданім прыдумляецца самім чалавекам, дык мянушка звычайна даецца чалавеку цягам жыцця іншымі чальцамі калектыву (школа, універсітэт, праца, турма, суседзі, аднавяскоўцы), часта  насуперак жадання самога чалавека. Мянушкі ўзнікаюць і часцей існуюць пераважна ў вусным маўленні і падкрэсліваюць нейкія індывідуальныя асаблівасці чалавека, вылучаюць яго з натоўпу. У адрозненне ад імені мянушка амаль заўсёды эмацыйна афарбаваная. Прычым, паводле даследаванняў, мянушкі з адмоўнай канатацыяй у значнай ступені пераважаюць над мянушкамі нейтральнымі і, што зусім ужо рэдка, станоўчымі. Таму мянушкі звычайна ўжываюць у дачыненні да трэцяй асобы (за вочы), рэдка – у твар. “Радыё Свабода” ў 2013 годзе правяло апытанку, ці былі / ёсць мянушкі ў чытачоў. І больш за 70% прызналіся, што мелі ці дасюль маюць мянушкі. Мне здаецца, што насамрэч гэтая лічба хіба не 100%, таму што некаторыя нават не здагадваюцца ці не хочуць здагадвацца, як іх клічуць паміж сабой калегі, суседзі, сябры, аднакласнікі і аднагрупнікі)))

Мянушка – самае старажытнае з найменняў чалавека. У паганскія часы мянушка выкарыстоўвалася ў функцыі імені і адлюстроўвала нейкія прыкметы, дзеянні, аб’ект знешняга свету. Перадусім гэта было звязана з той магічнай функцыяй, якой старажытныя людзі надзялялі імя чалавека. Яно мусіла адпалохаць ці падмануць злых духаў, хваробы, смерць (Воўк, Мядзведзь, Вавёрка, Сабачы Хвост, Някрас, Хвароша, Няўзор, Няклюд). Дарэчы, з гэтым вераваннем быў звязаны таксама старажытны абрад “падмены”, калі бацькі выносілі дзіця з хаты, а затым чужы чалавек заносіў яго назад, нібыта іншае дзіця, і віншаваў бацькоў з нованароджаным, якому адразу давалі новае імя (Нянаш, Нянаша, Нясвой, Найдзёна). Імёны-мянушкі маглі таксама паказваць чаканасць або нечаканасць з’яўлення дзіцяці (Ждана, Жадан, Дораг, Мілуша, Люба; Няждан, Бяда, Не́люб, Нялюба, Няміл), а таксама час нараджэння (Зіма, Вясна) ці парадак з’яўлення ў сям’і (Пяршак, Аўторак,Трацяк).

Пасля прыняцця хрысціянства шырока ўжывальнымі сталі грэчаскія і рымскія імёны. Аднак, паколькі іх значэнне не было зразумелае людзям, яны яшчэ працяглы час паралельна з “афіцыйным” кананічным імем ужывалі “хатняе” паганскае імя, якое мела празрыстую форму. З цягам часу магічная функцыя імені старачвалася, і сувязь гукавай абалонкі імені з ягоным значэннем паступова знікала.

Аднак многія старажытныя мянушкі не зніклі цалакам, а сталі асновай для беларускіх прозвішчаў і такім чынам дайшлі да нас (Кулак, Рудак, Галавень, Бірук, Вол). Сярод іх таксама былі і сямейныя мянушкі, якія пераходзілі ад бацькоў да дзяцей (Каваль – Кавалёў, Кавальчук, Кавалец, Кавальскі). Яны маглі адрознівацца ў залежнасці ад полу і ўзросту: бацька Ганчар, жонка Ганчарыха, сын Ганчарык.

Такім чынам, з распаўсюдам хрысціянства і выцясненнем паганства мянушкі перастаюць быць тоеснымі імёнам, але працягваюць існаваць паралельна з імі. Цікавая традыцыя ўжывання мянушак у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе іх мелі многія князі: Трайдзень Хіжы (мянушку атрымаў ад ворагаў), Жыгамонт Стары (мянушку атрымаў таму, што яшчэ пры жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго 10-гадовага сына Жыгамонта ІІ Аўгуста),  Аўгуст Моцны (з прычыны фізічнай сілы), Радзівіл “Сіротка” (падчас прыёмаў, калі ўсе бавіліся, нібыта заставаўся адзін у пакоі і плакаў як сірата), Юрый Радзівіл Геркулес, яго сыны Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны (па колеры барады), Караль Станіслаў Радзівіл “Пане Каханку” (паводле яго ўлюбёнага звароту да ўсіх). Прасачыць ужыванне мянушак побач з імёнамі і прозвішчамі ў ВКЛ можна па Метрыках, якія ўключалі рознага кшталту юрыдычна-рэгістрацыйныя тэксты.

Сярод прычынаў узнікнення мянушак у сучасным свеце называюць, па-першае, недастаковасць афіцыйных уласных назоваў, калі, напрыклад, у  вёсцы жывуць шматлікія сем’і (часта сваякі) з аднолькавым прозвішчам, а таксама калі ў калектыве ёсць некалькі людзей з тым самым імем або прозвішчам. Па-другое, імкненне да індывідуалізацыі, вылучэння чалавека з натоўпу паводле нейкай прыкметы (Таўстун, Прафесар, Начальнік, Пчолка).

Можна вылучыць наступныя асноўныя тэматычныя групы сучасных індывідуальных мянушак:

  • паводле знешняга выгляду чалавека (Сыцік – сыты, Трэсачка – тонкая, Цыган – чарнявы, Лупаты – з вялікімі вачыма);
  • паводле назваў жывёлаў, птушак, раслін (Кажан – небяспечны чалавек, той, хто дзейнічае пакрыёма; Верабейка – малога росту, Вол – працавіты, Баран – з кучаравымі валасамі; упарты, Бярозка — стройная);
  • паводле рысаў характару, паводзінаў, фізічных асаблівасцяў, роду дзейнасці (Абібок, Кульга, Мямля, Дундук, Маўчун, Мусар, Белка – настаўніца беларускай мовы);
  • паводле імёнаў і прозвішчаў (Касцет ад Кастусь, Кальян ад Мікалай (Калян), Бор – ад Бароўскі, Сарока – ад Сарокіна);
  • паводле геаграфічных назваў, паходжання (Лях, Цыган, Маскаль, Жодзінскі – з Жодзіна, Марачок – прыехаў з вёскі Морач, Чудзінка – прыехала з вёскі Чудзін);
  • паводле няправільнага вымаўлення словаў, словаў-паразітаў (Каклета ад катлета, Тазік ад Стасік, Додзік ад дожджык, Тудэма-сюдэма, Пане Каханку, Божухна);
  • паводле нейкага асобнага выпадку (Аварыя – чалавек, які аднойчы стварыў аварыйную сітуацыю, Сіротка – плакаў, калі дарослыя балявалі; Сведка – чалавек, які быў не самым удалым сведкам на вяселлі; Камерсант – няўдала прадаў карову).

Асобна можна вылучыць і турэмныя мянушкі – традыцыя, якая налічвае некалькі стагоддзяў. Абавязкова мянушкі маюць “злодзеі ў законе” (Цімоха Гомельскі – Аляксандр Цімашэнка, Галей – Дзмітрый Галееў, Муму – Алег Герасімовіч, Мядзведзік Гомельскі – Аляксандр Мядзведзеў, Пашцет Мінскі – Павел Алексіевіч, Лебедзь Барысаўскі — Руслан Лебедзеў). Зняволеныя таксама звычайна маюць мянушкі (Палітычны – той, хто сядзіць за палітыку; Аляксандр Казулін і Андрэй Саннікаў – Прэзідэнты;  Андрэй Клімаў — Дэпутат; Зміцер Дашкевіч – Сектант і г.д.).

Групавыя мянушкі:

  • мянушкі жыхароў населеных пунктаў, іх раёнаў, вуліц, навучэнцаў установаў, у тым ліку ў слэнгавыя (Молакаўцы – жыхары вуліцы Молакава ў Оршы, Хутаранцы – тыя, хто жыве ў новым раёне, нібы на выселках, Танкісты і Педыкі – студэнты Педуніверсітэта імя М. Танка);
  • неафіцыйныя мянушкі людзей па нацыянальнасці, звычайна з негатыўнай канатацыяй (фрыцы і гансы (паводле найбольш ужывальных імёнаў), фашысты – немцы; кацапы – рускія, бо насілі бароды (ад укр. цап – казёл); хахлы – украінцы, бо казакі насілі голеную галаву і чуб; макароннікі – італьянцы).
 Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Патлумачце, ад якіх словаў паходзяць наступныя мянушкі:

      1. Брухмель – *з тоўстым жыватом
      2. Немка – *выкладчыца нямецкай мовы; маўклівая жанчына
      3. Бодыль – *высокі
      4. Перахлябісты – *худы
      5. Космач – *непрычасаны
      6. Зінгер – *жанчына, якая шыла на машчынцы “Зінгер”
      7. Хамут – *слабавольны
      8. Таўкач – *някемлівы
      9. Рукаты – *умелец; злодзей
      10. Цяцера – *глухі
      11. Пуплік – *маленькага росту
      12. Шчукар – *аматар рыбнай лоўлі
      13. Плінтус – *нізкага росту
      14. Жыжа – *тоўстая жанчына
      15. Бабёр – *з вялікімі пярэднімі зубамі
      16. Цудоўненька – *ад слова-паразіта
      17. Мамант – *чалавек з валасатым целам
      18. Скулля – *сквапная жанчына (скулля табе)
      19. Грыбазвон – *з вялікімі вуснамі
      20. Хмыр – *нелюдзімы чалавек
      21. Шныр – *вяртлявы чалавек
      22. Рэшата – *пляткарка; баўбатлівая жанчына
      23. Радыё – *гаваркі
      24. Звяга – *сварлівы
      25. Мазоль – *песіміст
      26. Радзібога – *ад слова-паразіта
      27. Пень – *дурны; самотны
      28. Рэкецір – *падатковы інспектар
      29. Вэксаль – *чалавек, у якога можна пазычыць грошы
      30. Чабурашка – *з вялікімі вушамі

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат