Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Расстраляная паэзія 1937-2017

26.10.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Псеўданімы

Псеўданімы

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Псеўданім – несапраўднае, выдуманае імя-маска, за якой хаваецца творца, радзей грамадскі дзяяч, палітык, навуковец. Традыцыя стварэння псеўданімаў была запачаткаваная яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. Але свайго росквіту дасягнула ў ХVII-XVIII стагоддзях, калі аўтары публіцыстычных тэкстаў вымушаныя былі зашыфроўваць сваё імя, каб не выклікаць абурэнне з боку ўладаў. Так, у Вальтэра, напрыклад, было больш за 160 псеўданімаў (сапраўднае яго прозвішча — Arouet).

Адным з першых і найбольш вядомых беларускіх псеўданімаў стала імя  Сімяон Полацкі — псеўданім Самуіла Гаўрылавіча Пятроўскага-Сітнятовіча (ХVІІ ст.). Больш актыўна да псеўданімаў беларусы сталі звяртацца ў ХІХ-ХХ стагоддзях. Матывацыя гэтай з’явы ў розныя перыяды беларускай гісторыі была розная. Так, у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя гэта былі прадстаўнікі шляхты, якія хацелі наблізіцца да простых людзей, да якіх звярталіся ў сваіх творах, але і часам схавацца ад цэнзуры царскіх часоў, таму ў якасці псеўданімаў абіралі народныя імёны. Каліноўскі падпісваў свае адозвы – Яська-гаспадар з-пад Вільні; Алаіза Пашкевіч звалася не толькі Цёткай, але і Крапіўкай, і Крапівіхай, і Мацеем Крапіўкай, і Гаўрылам з Полацку, і Тымчасовым. У раннія савецкія часы некаторыя псеўданімы не толькі літаратараў, але і палітыкаў абіраліся з мэтай паказаць іх далучанасць да пралетарыяту, часам прыхаваць “няправільнае” паходжанне ці габрэйскае прозвішча: Міхаіл Кудзелька – Міхась Чарот, Максім Бяднейшы, Юрка Куртаты, В.Чарот; Яўген Скурко – Максім Танк; Іосіф Плашчынскі — Язэп Пушча; Арон Маўшэнзон – Аркадзь Маўзон; Канстанцін Вашына — Лукаш Калюга, Зміцер Жылуновіч – Беларус-Камуніст і інш.

Сярод іншых прычынаў з’яўлення псеўданімаў узгадаем жаданне адлюстраваць у іх сутнасць творчасці (Крапіва – вастрыня, Маўр – экзотыка); пазбегчы блытаніны, выкліканай супадзеннем прозвішча аўтара з прозвішчам іншай вядомай асобы (Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас і Адам Міцкевіч); жаданне абраць у якасці псеўданіма мілагучнае самабытнае беларускае слова; містыфікацыя; сціпласць аўтара; страх фіяска і інш. У сучаснасці псеўданім можа таксама быць звязаны з жаданнем схаваць саё імя і асобу, каб пазбегчы рэпрэсій (усім вядомы Мірон, што вывешвае бел-чырвона-белыя сцягі), або папросту замяніць не зусім адметнае, “шараговае” імя на гучнае, моднае, камерцыйнае, часам немясцовае, якое выклікае шэраг асацыяцый (спевакі Аляксандр Яфімік — Саша НЭМА, Алена Лепохіна – Алёна Ланская, Юрый Наўроцкі – Юзары).

Вядомыя выпадкі, калі з пэўных меркаванняў мужчыны бяруць у якасці псеўданіма жаночае імя (Максім Багдановіч у рускай прэсе часам выкарыстоўваў псеўданім Екатерина Февралёва. У сваіх успамінах Зоська Верас, узгадвае, як Багдановіч казаў: “Я пагадзіўся ўжо са сваёй хваробай і з тым, што жыць засталося няшмат, што не магу мець сям’і. Я так люблю дзяцей… напісаў калыханку і аддаў яе ў друк, падпісаўшы псеўданімам. Усе, хто яе чытаў, думалі, што напісала яе жанчына, жанчына-маці. У гэты твор я ўлажыў усё сваё пачуццё”). Ёсць і адваротныя выпадкі, калі жанчыны выкарыстоўвалі мужчынскія імёны (узгаданая вышэй Алаіза Пашкевіч падпісвалася Гаўрылам, Гаўрылам з Полацку, Мацеем Крапіўкай). Часам мог існаваць і калектыўны псеўданім. Так, імя Я. Лупаты аб’ядноўвае трох творцаў — Брыля, Панчанку і Скурко. Колькасць псеўданімаў аднаго аўтара можа быць розная: нехта праз усё жыццё задавольваецца адным псеўданімам, як Максім Танк, а іншы мае іх дзясяткі (Зміцер Жылуновіч, напрыклад, меў, паводле звестак, 61 псеўданім, а Канстанцін Міцкевіч – 59).

Паводле класіфікацыі аўтара “Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.)” Янкі Саламевіча, псеўданімы падзяляюцца на тры групы:

  • Уласна псеўданімы, якія імітуюць імя і прозвішча (Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот).
  • Абагульняльныя псеўданімы, у якіх называецца нацыянальнасць, сацыяльнае становішча, род дзейнасці і іншыя факты біяграфіі, а таксама прыкметы стылю (Янук з-пад Мінска – Іван Луцэвіч, Максім Беларус – Максім Гарэцкі, Стары Педагог – Яўхім Карскі, Янка Журба – Іван Івашын)
  • Крыптанімы, што ўтвараюцца шляхам разнастайных скарачэнняў імёнаў, імёнаў па бацьку, прозвішчаў, уласна псеўданімаў: Б-ч ці Б-віч – Максім Багдановіч; Е. – Яўхім Карскі; А. Б-рэка – Адам Бабарэка; Е.Р.Р. – Еўдакім Раманаў; A.D., Dem. – Францішак Багушэвіч).

Варыянтам псеўданімаў можна лічыць выдуманыя сеціўныя аўтаназовы – nicknames, або нікі. Асноўнае адрозненне ніка ад псеўданіма – сфера ўжывання, бо нік выкарыстоўваецца выключна ў інтэрнэце. Нікі блогераў, напрыклад, могуць складаца як з літар, так і са спалучэння літар, лічбаў і графічных значкоў: burbalka, veragodna, fima9898, stasya_lerkina, $@$#@. Цікава, што ў ніках часта наўмысна парушаюцца беларускія правапісныя нормы: ranicca, blondzinko, kufarrr. У беларукім сегменце сацыяльных сетак надзвычай папулярнымі сёння сталі такія нікі, як Беларус, Ліцвін, Ліцвінка, Крывічка, Тутэйшы, Спадар.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Каму належаць псеўданімы?

      1. Кузьма Чорны – *Мікалай Раманоўскі
      2. Змітрок Бядуля – *Самуіл Плаўнік
      3. Янка Лучына – *Іван Неслухоўскі
      4. Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава  – *Францішак Багушэвіч
      5. Францішак Вядзьмак-Лысагорскі  – *Ніл Гілевіч
      6. Зьніч – *Алег Бембель
      7. Ядвігін Ш. – *Антон Лявіцкі
      8. Максім Крыніца – *Максім Багдановіч
      9. Звычайны Пятрусь – *Пятрусь Броўка
      10. Власт, Юры Верашчака – *Вацлаў Ластоўскі
      11. Андрэй Мрый – *Андрэй Шашалевіч
      12. Адам Глёбус – *Уладзімір Адамчык
      13. Алесь Гарун – *Аляксандр Прушынскі
      14. Міхась Зарэцкі – *Міхась Касянкоў
      15. Алесь Чабор, Авось Савось, Алесь Каліна – *Рыгор Барадулін
      16. Джэці – *Вера Бурлак (Жыбуль)
      17. Янка Маўр – *Іван Фёдараў
      18. Кандрат Крапіва – *Кандрат Атраховіч
      19. Максім Лужанін – *Аляксандр Каратай
      20. Анка Упала – *Алена Казлова
      21. Карусь Каганец – *Казімір-Рафаіл Кастравіцкі
      22. Канстанцыя Буйло – *Канстанцыя Калечыц
      23. Уладзіслаў Сыракомля – *Людвік Кандратовіч
      24. Гаўрыла з Полацку – *Алаіза Пашкевіч
      25. Дзядзька Карусь, Карусь Лапаць, Агарак, Лесавік, Марцін з-за рэчкі – *Канстанцін Міцкевіч
      26. Сімяон Полацкі – *Самуіл Пятроўскі-Сітнятовіч
      27. Цішка Гартны – *Зміцер Жылуновіч
      28. Уладзіслаў Галубок – *Уладзіслаў Голуб
      29. Алесь Мара  – *Аляксей Марачкін
      30. Зоська Верас  – *Людвіка Сівіцкая-Войцік
      31. Тодар – *Зміцер Вайцюшкевіч

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат