Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: 1939 год

24.09.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Руска-беларускі слоўнік 1937 г.

Руска-беларускі слоўнік 1937 г.

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

«Руска-беларускі слоўнік» 1937 года пад рэд. А. Александровіча – сімвал русіфікацыі і збяднення беларускай мовы

На змену актыўнай беларусізацыі 20-х гадоў з яе багатымі лексікаграфічнымі набыткамі прыходзяць змрочныя 30-я, якія суправаджаюцца сумна вядомым выкрыццём «нацдэмаў» і, як вынік, вынішчэннем спецыялістаў у розных галінах навукі і культуры. Аднымі з першых пад молат сталінскіх рэпрэсій трапляюць лінгвісты, шмат хто з іх абвяшчаецца ворагамі народу, а іх працы апынаюцца пад забаронай. Сярод іх былі і слоўнікі 20-х гадоў, у тым ліку «Расійска-беларускі слоўнік» Некрашэвіча і Байкова 1928 года. Картатэка «Слоўніка жывой беларускай мовы», праца над стварэннем якога актыўна вялася ў 20-я гады, знішчаецца. Такім чынам, на пачатку 30-х у рэспубліцы востра адчуваецца адсутнасць нарматыўных беларускіх слоўнікаў. І з 1930 па патрабаванні партыі і ўрада распачынаецца падрыхтоўчая праца па стварэнні «ідэалагічна правільнага» руска-беларускага слоўніка, якая кваліфікуецца як «бліжэйшая баявая задача» Інстытута мовазнаўства. Хутка высвятляецца, што ён будзе двухтомны. Слоўнік мусіць пабачыць свет у 1932 годзе. Пазней тэрмін здачы пераносіцца на 1933 год.  На слоўнік у прэсе нават абвяшчаецца падпіска. Аднак у 1933 годзе ў шэрагах тых, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы слоўніка, абдываецца выкрыццё «нацдэмаў», якія нібыта імкнуліся «засмеціць» новы, рыхтаваны да друку руска-беларускі слоўнік». Да таго ж, працу над слоўнікам ускладняе рэформа правапісу 1933 года. Такім чынам, нягледзячы на ўсе заклікі і абвінавачанні ў адрас Акадэміі навук, слоўнік у меркаваны час так і не пабачыў свет.

Дзесьці ў 1934 годзе распачынаецца праца над новым слоўнікам. Яго рэдактарам становіцца член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларускай ССР,  дырэктар Інстытута мовы Андрэй Александровіч, вядомы яшчэ з пачатку 30-ых сваёй актыўнай барацьбой з “нацдэмамі”. Дарэчы, менавіта выкрыццю “нацдэмаў” ён прысвяціў сваю паэму “Цені на сонцы”.

Слоўнік пад рэдакцыяй Александровіча  пабачыў свет у 1937 годзе. Гэта ці не самы сумнавядомы слоўнік у гісторыі беларускай лексікаграфіі, у якім ад беларускай мовы засталіся практычна толькі “рожкі ды ножкі”. У сваёй прадмове да слоўніка Александровіч раскрытыкаваў усе папярэднія лексікаграфічныя выданні, абвінаваціўшы іх у паланізацыі, засмечванні “архаізмамі, мёртвымі словамі, штучна створанымі па нацыяналістычнаму тыпу… адрыве ад мовы жыцця, ад гаворак рабочага класа, працоўнага сялянства”. Яны “рашуча выганялі з мовы элементы пролетарскага інтэрнацыяналізма, вялі барацьбу супроць слоў, народжаных рэволюцыяй, супроць слоў, аднародных з рускай мовай, стараючыся зрабіць беларускую мову незразумелай, затрымаць беларускі народ у цемры, каб перадаць на рабства раз’юшанаму фашызму”. Але, паводле ягоных словаў, “Беларускі народ пад баявым кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б выявіў заклятых ворагаў, бязлітасна разграміў іх на мовазнаўчым участку, як і на ўсім фронце соцыялістычнага будаўніцтва”. Мы ўсе добра ведаем, што было з тымі, каго ў прадмове кляйміць Александровіч, але таксама разумеем, што, магчыма, у яго амаль не было выбару…  Дарэчы, гэтыя словы ў далейшым не выратавалі самога Александровіча ад рэпрэсій і ён стаў тым самым “ценем на сонцы”, пра якія пісаў раней у паэме…  Быў арыштаваны ў 1938 годзе, асуджаны да 15 гадоў лагераў. У 1947 годзе выйшаў на волю і зноў у 1949 годзе быў арыштаваны і сасланы ў Краснаярскі край.

Ужо ў самой прадмове фактычна былі сфармуляваныя асноўныя прынцыпы слоўніка: выбар на карысць русізмаў, пазбяганне паланізмаў, дыялектнай лексікі, архаізмаў і наватвораў — словам, усяго таго, што робіць беларускую мову беларускай. Такім чынам, выкінуўшы вялікі пласт самабытнай лексікі беларускай мовы і збольшага следуючы прынцыпу  “адно рускае  слова – адзін беларускі адпаведнік”, слоўнік практычна пазбавіў афіцыйную беларускую мову сінаніміі, збядніў яе і звёў да чыста тэхнічнага сродка перадачы інфармацыі, як сцвярджае прафесар Г.Цыхун.

Такім чынам, для перакладу рускага слова ў слоўніку звычайна прапанаваліся:

  1. Адзін адпаведнік, які мог быць як русізмам, так і ўласнабеларускім словам (больш за 80% выпадкаў – параўнай са слоўнікам Некрашэвіча і Байкога, дзе такіх выпадкаў не больш за 15%): брусчатка – брусчатка, кляуза – кляўза, возня – вазня, завещание — завяшчанне; беседка – альтанка, известь – вапна, оборка – фальбонка.
  2. Два адпаведнікі, адзін з іх звычайна быў русізмам (каля 15% – у Некрашэвіча і Байкова больш за 35%): воплощать – уваплашчаць, увасабляць; всасываться – усасвацца, усмоктвацца; копчение — капчэнне, вянджэнне; перерасчет – перарасчот, пераразлік; белка – белка, вавёрка; бред – брэд, блюзненне; керосин – газа, карасін.
  3. Тры і болей адпаведнікаў (менш за 3% — у Некрашэвіча і Байкова каля 50%): запугать – запалохаць, застрашыць, запужаць; приближаться – прыбліжацца, набліжацца, надыходзіць.

Слоўнік таксама меў і іншыя хібы. Перадусім гэта невялікі аб’ем самога слоўнага рэестра, адсутнасць многіх складаных для перакладу словаў (мировосприятие, предпочтительный, изваяние і інш.), адсутнасць граматычных паметаў, ігнараванне шматлікіх выпадкаў мнагазначнасці, адсутнасць фразеалагізмаў і ідыём.

У тэксце выкарыстаны тэкст прадмовы да слоўніка А. Александровіча, матэрыялы самога слоўніка, а таксама факты з артыкула “Да перадгісторыі “Руска-беларускага слоўніка” пад рэдакцыяй А. Александровіча” Сяргея Запрудскага.


Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Знайдзіце сучасныя адпаведнікі словам з Руска-беларускага слоўніка 1937 года:

Арамат (рус. аромат) – *духмянасць, пах, водар (НБ: арамат, пахучасьць)

Благародны, добрародны (рус. благородный)  – *шляхетны, высакародны, прыстойны (НБ: шляхетны, дабрародны)

Бруха, жывот (рус. брюхо)  – *пуза, лантух, жывот, чэрава, мамона, трыбух (НБ: чэрава, бруха, пуза)

Адкос (рус. откос)  – *адхон (НБ: спад, пакат)

Адуванчык (рус. одуванчик) – *дзьмухавец, адуванчык, бага́тка (НБ: дмухавец, дзьмухавец, пухар, ксяндзоў плеш)

Устропка, узбучка (рус. встрепка) – *наганяй, лазня (НБ: нагонка, лайка, чос, ча́палас)

Гадзіць (рус. гадить) – *паскудзіць, спаганьваць (НБ: гадзіць, гідзіць, паскудзіць, касьці́ць, псаваць)

Дрэбедзень (рус. дребедень) – *лухта (НБ: недарэчнасьці, ца́пстрыкі)

Жалабшчык (рус.жалобщик) – *скаржнік (НБ: скаржнік, жальбіт)

Заложнік (рус. заложник) – *заложнік, закладнік (НБ: закладнік)

Зацеі (рус. затеи) – *вы́чвары, выдумкі, забавы (НБ: вы́мудры, вы́гадкі)

Іней (рус. иней) – *шэрань, іней (НБ: шэрань, намаразь, іней, садзь)

Каварства (рус. коварство) – *хітрасць, падступнасць, каварства (НБ: здрада, подступ)

Кубак, кружка (рус. кружка) – *конаўка, кубак, куфель, кухаль, збанок, кварта (НБ: кубак, карэц, конаўка, бляшанка)

Лікаваць (рус. ликовать) – *радавацца, весяліцца, трыумфаваць (НБ: радавацца, весяліцца)

Мракабес (рус. мракобес) – *цемрашал (НБ: невук, неасьвечаны)

Адвёртка (рус. отвертка) – *адкрутка, адвёртка (НБ: адмычка, адкрутка, шрубнік)

Праваджэнне, правядзенне (рус. препровождение (времени) – *марнаваннне, баўленне (НБ: паржнаваньне, марнаваньне)

Рыззё, рызманы (рус. тряпьё) – *рыззё, анучы, рызманы, разманы, лахманы, транты, стары́зна, бэ́бахі (НБ: рызьзё, транты, лахманы, шкумацьцё, андрамоны)

 

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат