Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Радзіны

24.05.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Зборныя і рэчыўныя назоўнікі

Зборныя і рэчыўныя назоўнікі

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Зборныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў ці асобаў як адно цэлае. Яны ўжываюцца звычайна ў адзіночным ліку і не маюць множнага (выключэнне складае цэлы шэраг назваў ягад, якія часта маюць толькі множны лік: клубніцы, суніцы, журавіны, чарніцы). Звычайна зборныя назоўнікі спалучаюцца з няпэўна-колькаснымі словамі шмат, многа, мала, трохі, а вось з колькаснымі лічэбнікамі – не. Утвараюцца пры дапамозе суфіксаў –ств-/-цтв- (вучнёўства, настаўніцтва, сялянства, студэнцтва); -нік-/-няк- (бярэзнік, асіннік, дубняк); -й-/ нулявы суфікс (звяр’ё, вецце); -ін-/-ын- (гародніна, садавіна); -в- (дзятва, братва). Слова моладзь таксама з’яўляецца зборным, а вось словы атрад, армія, войска, аркестр, клас, народ хоць і абазначаюць сукупнасць асобаў, але да зборных не адносяцца (маюць множны лік).

У адрозненне ад рускай мовы, катэгорыя зборных назоўнікаў у нашай мове больш шырокая. У нас ёсць формы, што не маюць аналагаў у рускай: каменне, карэнне, крылле. Трэба звярнуць увагу, што гэтыя назоўнікі як зборныя не маюць множнага ліку. Таму формы каменні, карэнні, крыллі, якія даволі часта сустракаюцца ў літаратуры і ў мове СМІ, няправільныя. У множным ліку можна ўтварыць адзіную форму без падаўжэння: камяні, карані, крылы.

Рэчыўныя назоўнікі абазначаюць назвы рэчываў аднароднага складу. Да іх адносяць назвы хімічных элемантаў і карысных выкапняў (кісларод, хлор, вугаль, нафта); прадуктаў харчавання (соль, цукар, гарбата); лекаў (карвалол, парацэтамол, цытрамон); сельскагаспадарчых культур (авёс, жыта, каноплі); тканін і матэрыялаў (шоўк, бавоўна, дуб, ясень). Дарэчы, трэба адрозніваць назоўнікі канкрэтныя і рэчыўныя: падысці да дуба (канкрэтны прадмет) і мэбля з дубу (матэрыял).

Як і зборныя, рэчыўныя нельга палічыць. Але іх можна вымераць пры дапамозе адзінак вымярэння: кілаграм, грам (вага), мілілітр, літр (аб’ём), сантыметр, метр (даўжыня, шырыня). Рэчыўныя назоўнікі могуць быць або толькі адзіночнага ліку (кава, проса, тлушч), або толькі множнага (кансервы, вотрубі, духі). Некаторыя рэчыўныя назоўнікі, калі гаворка ідзе пра якасці або гатункі, могуць набываць множны лік: глыбокія снягі, разнастайныя сокі, каляровыя металы, чырвоныя і белыя віны.

Існуюць таксама так званыя адзінкавыя назоўнікі – гэта тыя назоўнікі, што  абазначаюць асобныя прадметы, вылучаныя з сукупнасці аднародных прадметаў або аднароднага рэчыва, якія ўтвараюца ад зборных і рэчыўных назоўнікаў пры дапамозе суфіксаў –ін-/-ын- і -інк-/-ынк- (снег – сняжынка, маліны – малініна, гарох – гарошына).


Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыце множны лік і зборную форму назоўнікаў:

Бервяно – *бярвёны, бярвенне

Зуб – *зубы,зуб’е

Корань – *карані, карэнне

Колас  – *каласы, калоссе

Брус – *брусы, бруссе

Галіна  – *галіны, голле

Пяро  – *пёры, пер’е

Купа  – *купы, куп’ё

Ліст – *лісты, лісце, лістота

Волас  – *валасы, валоссе

Палена – *палены, паленне

Сук  – *сукі, сучча

Птушка  – *птушкі, птаства

Прамень  – *промні, праменне

Перакладзіце назоўнікі:

Конопля   – *каноплі

Зерновые, зерно   – *збожжа, збажына

Крупа  – *крупы

Касторка – *рыцына

Сосняк – *сасоннік, хвойнік

Отруби– *вотруб’е

Тряпьё  – *рыззё

Бархат  – *аксаміт

Голубика – *буякі, дурніцы

Дрожжи– *дрожджы

Заросль, кустарник   – *хмызняк, зарасці, кустоўе

Известняк  – *вапняк

Брусника  – *брусніцы

Говядина – *я́лавічына

Масло– *алей, масла, аліва

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат