Правілы скарочанага напісання словаў
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Існуюць агульнапрынятыя скарачэнні, якія ўжываюцца ў любым пісьмовым тэксце і не патрабуюць расшыфроўкі. Ёсць таксама скарачэнні ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльных тэкстах – іх звычайна можна расшыфраваць пры дапамозе слоўнічка/ спісу скарочаных напісанняў , што даецца ў тэксце. У адрозненнi ад абрэвiятур графiчныя скарачэннi заўсёды чытаюцца цалкам.
Да агульнапрынятых адносяць скарачэннi, якiя ўжываюцца:
1) пасля лічбавых абазначэнняў: г. – год, гг. – гады, ст. – стагоддзе, стст. – стагоддзі, н. э. – нашай эры, с. – старонка, руб. – рубель; кг – кілаграм;
2) пры спасылках: гл. – глядзi, параўн. – параўнай, напр. – напрыклад, т. – том, арт. – артыкул;
3) пасля пералiчэння: i г. д. – i гэтак далей, i iнш. – i iншае, і пад. – і падобнае, i да т.п. — i да таго падобнае, г. зн. – гэта значыць;
4) пры геаграфічных назвах у якасці агульнага назоўніка: г. – горад, в. – вёска, р. – рака, вул. – вуліца, пл. – плошча;
5) у iншых выпадках устойлівых ужыванняў, напрыклад, у назвах асобаў паводле пасады, звання, а таксама для абазначэння розных выданняў: праф. — прафесар, дац. – дацэнт, заг. – загадчык, зб. – зборнiк, кн. – кніга.
Асноўныя правілы напісання скарачэнняў:
- нельга скарачаць на галосную лiтару, на ь, на й i на ў;
- пры спалучэннi дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робiцца пасля першай зычнай: насен. фонд, мяк. зычны;
- пры збегу дзвюх або некалькiх зычных скарачэнне робiцца на апошнюю зычную: зычн. гукі, народн. творчасць;
- калi iмя або iмя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то iнiцыялам выступае толькi лiтара Д: Д.Д. — Дзмiтрый Дзмiтрыевiч;
- пры графiчных скарачэннях ставiцца кропка i захоўваюцца тыя ж знакi i пачатковыя лiтары, якiя ўласцiвы поўнаму напiсанню: В.-Д. к. — Волга-Данскi канал, с.-д. Партыя — сацыял-дэмакратычная партыя, чл.-кар. — член-карэспандэнт;
- калі пакідаюцца толькі першыя і апошнія літары слова, то паміж імі пішацца злучок: ун-т – універсітэт, пр-т – праспект, в-аў – востраў, К-с — Колас;
- ёсць шэраг скарочаных словаў, што складаюцца з першай і апошняй літары слова або з усіх зычных слова, у якіх традыцыйна не ставіцца злучок і кропка: др — доктар, млн — мільён, млрд – мільярд;
- стандартныя скарочаныя абазначэннi метрычных мер пiшуцца без кропак: га — гектар, см — сантыметр, кг — кiлаграм, км — кiламетр i iнш.
- Скарачэнні фізічных адзінак вымярэння, абазначаных у сучасных ДАСТах, пішуцца з вялікай літары: В — вольт, А — ампер, Дж — джоўль;
- ёсць скарачэнні, што пішуцца праз слэш: г/п – гарадскі пасёлак, п/п – па парадку.
Сёння спіс скаротаў папоўніўся дзякуючы смс – кароткім тэлефонным паведамленням, якія яшчэ зусім нядаўна мелі абмежаваную колькасць знакаў. Таму карыстальнікі імкнуліся розным чынам скарачаць словы, каб уціснуць у тэкст як мага болей інфармацыі. Адсюль з’явіліся скарачэнні кшталту дзяк (дзякуй), прывіт (прывітанне), кл (калі ласка). Шэраг такіх скарочаныз словаў з мовы смс патрапіў у моладзевы слэнг.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Расшыфруйце скарачэнні:
б. – *былы
в.а. – *выконваючы абавязкi
в-аў – *востраў
воз. – *возера
гр. – *грамадзянiн
н.ст. – *новы стыль
п-аў – *паўвостраў
сс. – *старонкi
с/с – *сельскi савет
ст.ст. – *стары стыль
тт. – *тамы
Д.-Б. к. – *Днепра-Бугскi канал
Запішыце скарочаную форму:
2 тысячы год да нашай эры – *2 тыс. г. да н.э.
Кандыдат фізіка-матэматычных навук – *к.ф.-м.н.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – *В.Д.-М.
Лінгвістыка – *лінгв.
Спадарыня – *сп-ня
Інстытут – *ін-т
Збор твораў – *зб.тв.
Прафесійна-тэхнічная лексіка – *праф.-тэхн. лекс.
Сельскі – *сел.
Мільярд– *млрд
Насценнае мацаванне – *наст. мацав. (ан.)