Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Хатняя адукацыя

17.05.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Дзеканне і цеканне

Дзеканне і цеканне

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Дзядзька дзякаваў мядзведзю –

Дзядзьку выхадзілі ледзьве.

Дзядзьку дзякаваў мядзведзь –

Дзядзька дыхае ледзь-ледзь.

Прачытайце фразу па-руску: «Дяди, тети и дети сидели в тени деревьев». Першае, што ловяць нашыя вушы ў гучанні гэтай фразы – шматлікія дз’ і ц’, зусім неўласцівыя рускай мове.

У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра фанетычную з’яву, якую для беларуса вельмі складана кантраляваць, бо цягам доўгага часу ягоны артыкуляцыйны апарат прыстасаваўся менавіта для вымаўлення такіх мяккіх гукаў (памятаем, што пара д і т па мяккасці менавіта дз’ і ц’, а не д’ і т’). І не дзіўна. З’ява так званага дзекання і цекання, паводле даследчыкаў (напр., Поль Векслер), сфармавалася ў нашай мове прыкладна ў перыяд з XIV па XVI стагоддзе і хутчэй за ўсё была сваёй (сярод іншых усходнеславянскіх моваў яе няма), не пазычанай з захаду, хоць ёсць і менш папулярная гіпотэза яе польскага паходжання. Як бачна, было досыць часу, каб кончык нашага ненапружанага языка пры памякчэнні д і т прызвычаіўся імкнуцца да пярэдняй часткі паднябення, а не да зубоў, як у рускай. Дзякуючы гэтаму ў вымаўленні дз’ і ц’ у нашай мове прысутнічае прыгук невялікай шапялявасці, аднак ён не такі выразны, як у польскай. Гэтая артыкуляцыйная асаблівасць ва многім паўплывала на асаблівасць гучання беларускай мовы – мяккае, далікатнае і пяшчотнае.

Калі ж адбываецца дзеканне і цеканне?

  1. Перад е, ё, ю, я, і і мяккім знакам: дзень, цень, шэсць, рэдзька
  2. Пры асіміляцыйнай мяккасці перад мяккім в’: дзве, цвік, мядзведзь, цвёрды

Пераход д і т у дз’ і ц’ не адбываецца на мяжы марфемаў у прыстаўках і суфіксах на д і т (падвезці, у таварыстве), а таксама ў некаторых іншых словах (брытве, бітве, пітве, Літве).

Аднак гэтае вымаўленне і напісанне звычайна не выклікае ў нас вялікіх складанасцяў. Пытанні пачынаюцца тады, калі нам сустракаецца менавіта запазычанае слова неславянскага паходжання.

У запазычаных словах, а таксама ў вытворных ад іх цвёрдыя д і т звычайна захоўваюцца: тэхніка, дэлегат, тыраж, дыктар. Аднак ёсць невялікі шэраг словаў, які пішуцца з дз і ц (іх напісанне трэба запомніць або правяраць па слоўніку): арцель, бардзюр, накцюрн, нацюрморт, цітр, цір, цюль, эцюд і інш.

Перад суфіксамі –ін-, -ір-, -ёр-, -еец-, -ейск- у словах іншамоўнага паходжацця і ў вытворных ад іх пішуцца дз і ц: сульфіды — сульфідзін, газета – газеціна, гвардыя – гвардзеец і гвардзейскі, каманда – камандзір, індзеец, індзейскі (выключэнне: Індыя — індыец, індыйскі, індыйцы).

Звярніце ўвагу на памяншальна-ласкальны суфікс –ік-, перад якім пішуцца дз і ц: білецік, стэндзік. Калі маем аманімічны яму суфікс –ык- без памяншальна-ласкальнага значэння, перад ім пішацца т: дагматык, матэматыка (выключэнні: лунацік, масціка).

Перад суфіксамі лацінскага і ангельскага паходжання -ыст-, -ызм-, -ынг- звычайна цвёрдыя д і т захоўваюцца: ерэтызм, аўтызм, авангардыст, мітынг.

Уласныя імёны пішуцца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: Дзмітрый, Дзіяна, Палесціна, Тэрэза, Атэла, Людміла, Ядвіга.

У клясычным правапісе напісанне некаторых словаў не супадае з афіцыйным або магчымая варыянтнасць: Палестына, бляндын, актор, Валянтына і Валянціна, Канстантын і Канстанцін, Хрыстына і Хрысціна.

Што да ініцыялаў, дык калі імя ці імя па-бацьку пачынаецца з Дз (Дзмітрый, Дзіяна, Дзянісавіч), у якасці ініцыяла выступае толькі літара Д: Дзяніс Дзянісавіч Дзянісаў – Д.Д. Дзянісаў (не вельмі лагічна, бо дз – гэта адзін гук, з якога пачынаюцца гэтыя імёны.


Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Запішыце па-беларуску:

Титры – *цітры

Титул – *тытул

Индеец – *індзеец

Индиец – *індыец

Дерматин – *дзермацін

Лунатик – *лунацік

Авантюра – *авантура

Командировка – *камандзіроўка

Серпантин – *серпанцін

Артишок – *арцішок

Ватикан – *Ватыкан

Бригантина – *брыганціна

Мундир – *мундзір

Гипотенуза – *гіпатэнуза

Одесса – *Адэса

Ядвига – *Ядвіга

Трактир – *тракцір

Тюльпан – *цюльпан

Тир – *цір

Дивизия – *дывізія

Еретик – *ерэтык

Дерматит – *дэрматыт

Бомбардир – *бамбардзір

Монтировать – *манціраваць і мантаваць

Ватин – *вацін

Аутентика – *аўтэнтыка

Атлантида – *Атлантыда

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат