Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Гарэцкія

25.02.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Яканне

Яканне

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Яканне — варыянт акання, толькі адбываецца яно выключна пасля мяккіх зычных. Як і ў выпадку з аканнем у вузкім сэнсе слова, наконт паходжання якання няма адзінай думкі. Шэраг вучоных лічыць гэтую з’яву вынікам балцкага ўплыву. Іншыя мяркуюць, што з’ява якання пачала развівацца пазней, у ХІІ, пасля таго, як ужо замацавалася аканне. Паколькі яканне стала адлюстроўвацца ў пісьмовых тэкстах толькі пачынаючы з ХIV стагоддзя, ёсць таксама меркаванне, што яно ўзнікла ў гэты час.

 Сярод усходнеславянскіх моваў яканне сустракаецца ў нашай мове, у шэрагу дыялектаў рускай мовы і зусім невядомае ўкраінскай. У літаратурнай рускай мове замест я ў пераднаціскным складзе вымаўляецца і (мИсной, лИгушка). На тэрыторыі Беларусі, акрамя пераднаціскнога якання, замацаванага як норма літаратурнай мовы (мЯне́, цЯбе́, зЯмля́), сустракаецца таксама поўнае яканне, якое адбываецца ў любым ненаціскным складзе (сЯрада́, ве́цяр, во́сянь – часткова Гродзенская і Менская вобласці), дысімілятыўнае яканне (зЯмлі́, але зІмля́ – Віцебская вобласць) і еканне (мЕне́, цЕбе́, зЕмля́ — Палессе).

 

Такім чынам, яканне – гэта пераход галосных о, э з папярэдняй мяккасцю ў а з папярэдняй мяккасцю ў першым складзе перад націскам, альбо, калі казаць папросту, — пераход е, ё ў першым складзе перад націскам у я. У нашай мове гэта не толькі норма вымаўлення, але і норма правапісу.

 

Звярніце ўвагу на тое, што ў выпадку з часцінкай не і прыназоўнікам без гэтае правіла ў частцы правапісу не працуе. Нягледзячы на тое, што вымаўляць спалучэнні кшталту не быў, не трэба, без жартаў, без нас мы мусім з яканнем (нЯ быў, нЯ трэба, бЯз жартаў, бЯз нас), паколькі не і без не маюць свайго націску, прымыкаюць да знамянальнага слова і фактычна аказваюцца ў пазіцыі перад націскам, яны, паводле сучаснага правапісу, мусяць пісацца з літарай е. Хоць, напрыклад, паводле граматыкі Тарашкевіча і ў сённяшнім класічным правапісе, у такой пазіцыі яны пішуцца з я.

Яканне распаўсюджваецца на ўласнабеларускую лексіку, а таксама на ўласныя назвы славянскага паходжання: вясковы, зямля, няхай, Яфі́м, Яфрэмаў. Аднак яно не  адбываецца ў пераважнай большасці запазычанняў з неславянскіх моваў: калектыў, легенда, берэт, метро, а таксама пасля заднеязычных г, к, х: кефір, герой, гербарый. Вылучаецца толькі невялікая група старых адаптаваных запазычанняў з неславянскіх моваў, у якіх развілося яканне: дзяжу́рства, калянда́р, сяржант.

З’яву якання не варта блытаць з выпадкамі, калі я з’яўляецца каранёвым. У такім разе яно захоўваецца незалежна ад націску:  ві́цязь, су́вязь, за́яц, яравы́, вяза́ць, ме́сяц, па́мяць і інш. Літара я таксама пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (бо́язь, дро́бязь) і дзеясловаў (ла́яць, ве́яць, се́яць, ка́шляць, ба́яць, му́ляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (ла́янка, ве́ялка, се́ялка).

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакласці на беларускую мову:

Лениться – *ленавацца

Восемнадцать – *васямнаццаць

Можжевеловый – *ядлаўцовы

Кедровник – *кедроўнік

Медуза – *медуза

Неграмотный – *непісьменны

Ефрейтор – *яфрэйтар

Тетеревы – *цецерукі

Мягковатый – *мяккаваты

Семьсот – *семсот

Налим – *мянтуз

Пятерня – *пяцярня

Керамика – *кераміка

Есенин – *Ясенін

Ястребок – *ястрабок

Гладь (поверхность)  – *роўнядзь

Герасим – *Герасім

Пятьдесят – *пяцьдзясят

Сервант – *сервант

Семьюстами– *сямюстамі

Вопить – *лямантаваць

Степанида – *Сцепаніда

Сплетничать – *пляткарыць

Герань – *герань

Семнадцать – *сямнаццаць

Выносливый – *цягявіты

Кедровник – *кедроўнік

Енот– *Янот

Белинский – *Бялінскі

Девятый – *дзявяты

Адский– *пякельны

Зеландия – *Зеландыя

<>

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат