Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Выцінанка

23.10.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Цяпер і зараз

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Слова цяпер адносіцца, ўсёй верагоднасці, да праславянскага перыяду і, паводле меркавання навукоўцаў, паходзіць ад двух словаў: тот і першы. Слова за́раз у нашай мове, хутчэй за ўсё, старое запазычанне з польскай, на што ўказвае яго распаўсюджанасць менавіта ў заходне-славянскім рэгіёне, а таксама націск. Унутраная форма слова таксама празрыстая: za raz. Дарэчы, маем і ўласнае народнае прыслоўе зара́з з іншым націскам у значэнні ‘адразу, за адзін раз’. Трэба зазначыць, што ў народнай мове гэтыя прыслоўі размяжоўваюцца наступным чынам: зараз прэвалюе ў заходніх гаворках, а цяпер – ва ўсходніх.

Такім чынам, абодва словы ўжываюцца ў нашай мове даўно і актыўна і фактычна выступаюць у ролі сінонімаў. Наяўнасць сінонімаў — з’ява, тыповая для любой мовы. Аднак вядома, што поўныя сінонімы доўга ў мове не існуюць, яны збыткоўныя, мове папросту непатрэбныя. Бо які сэнс называць той самы прадмет ці з’яву двума рознымі словамі?.. Каштоўнасць сінонімаў перадусім у тым, каб надаваць слову нейкія дадтковыя адценні. Гэта можа быць адрозненне ў сэнсе, стылістычнай афарбоўцы, ужыванні, спалучальнасці. Такім чынам, з’яўленне пэўнай семантычнай або стылістычнай дыферэнцыяцыі першапачаткова тоесных па значэнні і ўжыванні словаў – працэс натуральны. І чым багацейшыя шэрагі, якія аб’ядноўваюць сінонімы з рознымі адценнямі, тым, уласна кажучы, багацейшая і мова.

У беларускай прасторы дагэтуль перыядчна ўзнікаюць спрэчкі, ці поўныя сінонімы словы цяпер і зараз. Адны лічаць, што так, гэта абсалютныя сінонімы і яны могуць узаемазамяняцца ў любым кантэксце: зараз я пішу ліст і зараз я напішу ліст, цяпер я пішу і цяпер я напішу… Іншыя сцвярджаюць, што не, гэта няпоўныя сінонімы, бо яны маюць дыферэнцыяцыю па значэнні. Цяпер ужывецца толькі ў цяперашнім часе ў момант гутаркі. А вось зараз належыць прасторы будучага часу і павінна ўжывацца з дзеясловамі будучага часу: зараз я напішу ліст (але цяпер пішу ліст). Сярод беларусаў-нелінгвістаў існуе нават думка, што ў сувязі з блізкасцю беларускага прыслоўя цяпер да рускага теперь яго ўжыванне не вельмі пажаданае і яго варта замяняць прыслоўем зараз. Аднак яны забываюцца на тое, што прыслоўе цяпер, відавочна, больш старажытнае ў нашай мове і нават сёння частотна больш пашыранае. Параўнайце ўжыванне (статыстыка ўзятая з Беларускага N-корпуса):

Аўтар Цяпер Зараз
Якуб Колас 145 46
Кузьма Чорны 504 96
Іван Мележ 325 68
Максім Гарэцкі 364 68
Уладзімір Караткевіч 514 442
Васіль Быкаў 4410 681
Беларускія народныя казкі 43 13

Сапраўды, калі прааналізаваць большасць выпадкаў ужывання, дык у момант гутаркі ў цяперашнім часе прыслоўі цяпер і зараз найчасцей супадаюць: Цяпер я занятая і Зараз я занятая. Параўнайце, напрыклад, у Коласа: “Кажу «стаяў», бо зараз яго няма на свеце” (“Адзінокі курган”), але “Цяпер восеньтам зіма. Дзе ж ты дзенешся зімою?” (“Сымон-музыка”).

У спалучэнні з дзеясловамі будучага часу ў значэнні  ‘неўзабаве, у самым хуткім часе’ ўжываецца часцей прыслоўе зараз: я зараз вярнуся, я зараз прыйду ці проста: Я зараз! Тое самае і ў канструкцыі кшталту: Дапамажы мне. – Зараз, у якой падкрэсліваецца, што дзеянне будзе зроблена ў хуткім часе. Калі ж мы ўжываем цяпер з будучым часам дзеясловаў, гэта перадусім паказвае на нейкую змену падзеяў і сведчыць пра тое, што папярэдне нейкае дзеянне ўжо адбылося: Цяпер перакладзі вось гэты абзац (значыць, што нейкі іншы ўжо перад тым быў перакладзены). Да прыслоўяў могуць таксама далучацца злучнікі і часціцы: а вось зараз, і цяпер, вось цяпер і г.д. У гэтых канструкцыях таксама важным з’яўляецца дадаковае адценне: зараз = неўзабаве, цяпер = пасля таго, што адбылося. Параўнай: Вось зараз яна прыйдзе (= праз хвіліну) і Вось цяпер яна прыйдзе (= пасля таго, як я ёй патэлефанавала, напрыклад).

Зараз можа таксама паказваць на тое, што нешта адбылося толькі што, зусім нядаўна (прошлы час): толькі зараз прыгатавала абед, прачытаны зараз артыкул. Цяпер таксама можа спалучацца з дзеясловамі прошлага часу, калі мае дадатковае адценне значэння ‘пасля таго, што адбылося’: Цяпер яна ездзіла да маці кожны дзень. Цяпер яны абое гулялі па вечарах.

У імператыўных канструкцыях  звычайна з часціцай жа ўжываецца менавіта прыслоўе зараз: Зрабі зараз жа! Трэба гэта зараз жа спраўдзіць!

Відавочна, шмат у якіх выпадках ужыванне прыслоўяў цяпер і зараз сёння супадае. І сцвярджаць, што штосьці правільна або няправільна, не выпадае, бо ў мове на сённяшні момант натуральны працэс дыферэнцыяцыі яшчэ не завяршыўся. І гэта тычыцца не толькі ўзгаданых словаў. Асноўная ўмова вырашэння падобных праблем натуральным, негвалтоўным чынам палягае ў пашырэнні беларускай мовы і актыўным ужыванні яе ва ўсіх сферах. Аднак усё ж можна адзначыць, што апошнім часам сапраўды назіраецца больш актыўнае ўжыванне слова зараз, чаму спрыяе тэндэнцыя да адштурхоўвання ад рускай мовы.

Цяпер і зараз у беларускіх прыказках і прымаўках

Быў ляснічым, а цяпер нічым.

Бачылі вочы, што бралі, а цяпер плачце, хоць павылазьце.

Бывала, што й варона кувала, а цяпер і зязюля не каркае.

Чужую бяду зараз развяду, а на сваю бяду райца не знайду.

Была нядзеля — і мы дудзелі, цяпер серада — працуй, грамада.

Мялі, Апанас, цяпер твой час.

Лепей цяпер, чым у чацвер.

Цяпер нас катуеш, можа, калі і сам патанцуеш.

Спазніўся пан да абеда, а вячэра не зараз.

Гаспадар шалее з радасці, бо зараз дачакаецца новага хлеба.

Бывала і варона …аўно клявала, а цяпер не хоча.

Быў калісьці Яўхім, ды цяпер чорт яго ўхапіў.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакладзіце на беларускую мову:

Что б сейчас же в доме был порядок! – *Каб зараз жа ў хаце быў парадак!

Я долго не буду гулять, сейчас же вернусь. – *Я доўга не буду гуляць, зараз жа вярнуся.

Сейчас я допишу письмо. – *Зараз я дапішу ліст і Цяпер я дапішу ліст.

Подожди, я сейчас закончу собеседование. – *Пачакай, я зараз скончу сумоўе.

Школу построили новую, красивую, и теперь, если говорить о детях, то они очень довольны. – *Школу пабудавалі новую, прыгожую, і цяпер, калі гаварыць пра дзяцей, яны вельмі задаволеныя.

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат