Пра курсы
ГАРАДЫ :


26.02.2015
ВЕРШЫ Рыгора Барадуліна

Нанова!

На адкрыццё курсаў “Мова Нанова”

Немінуча,

Гаюча,

Нанова

Раскрываецца шчырае слова.

Мова маці –

Крыніца святая –

Да вытокаў

Намеры вяртае.

Як высокія мроі,

Аблокі

Думкі неба

Ратуюць ад спёкі.

Мы на гэтым свеце

Павінны

Гадаваць мову

Роднай Айчыны.

13.I.2014

 

* * *

Дзед, як дзіця.

Хаця…

12.VII.2013

 

* * *

Ратуй узятых на смерць і няўжо

адрачэшся ад вырачаных на згубу?

Прыпавесці Саламона 24:11

 

Узятыя на смерць павінны жыць.

Яны прыйшлі ў жыццё,

Каб цемра знікла.

Каб д’яблавы ашчэраныя іклы,

За ганьбу помсцячы,

Ушчэнт скрышыць.

Дай моцы духу

Ратнікам святла.

Рашучыя не могуць быць рабамі.

Хай здрайцы ў дол пакоры

Б’юць ілбамі,

Трывацьме непахіснасці скала.

Не памірае праведная кроў,

Яна ў вяках

Не ведае сутрыму.

Злу непадлеглую сваю Радзіму

Світальна

Бачаць вочы ваяроў!..

2.І.2011

 

* * *

Ростань смагла прыкута да болю.

Роспач сноў

Прачынаецца ў страце.

Сустракаемся мы з табою,

Быццам стрэлкі на цыферблаце…

12.IV.2012

 

* * *

Ці гэта я,

Ці толькі цень мой пудкі

З дазволу неба

Затрымаўся тут.

Сачыўся час

Няспынна

Суткі ў суткі.

Ахвотна маладзеў

Бацькоўскі кут.

Калі прыйду туды,

Дзе нічагуткі

Таго, што тут,

Згадаю,

Як з пакут

Сачыўся час

Няспынна

Суткі ў суткі.

Ахвотна маладзеў

Бацькоўскі кут…

5.VII.2013

 

Шляхам бульбы

Паспела бульба-спешка

І агарнула спешка

Ашчадна выкапаць і звезці,

У кіпні выкупаць і з’есці.

На плечы ўзяць хатуль бы

І рушыць шляхам бульбы.

Старацца ў гэтым жыць

Жыцці,

Дзе ні пасадзяць –

Узысці!

14.ІХ.2013

 

* * *

Спартанцы збiралiся на вайну –

Вайстрылi мечы,

Прымервалi латы.

З уciмi стаў у шарэнгу адну

Спартанец нягеглы,

Падслепаваты.

– Куды ты, нашто ты

Такi на вайне? –

Спытаўся нехта.

Нябога прызнаўся:

– Як iншай карысцi няма –

Аб мяне

Варожы затупiцца меч

Прынамсі…

I ў днi,

Калi душы падпальвае змрок,

Калi цяжарнее

Жахам калоссе,

Прымаюць смерць

I паэт, i прарок,

Каб меней

У ворага куль засталося!

27.09.98

УВАГА!

49 кніг Рыгора Барадуліна ў электронным варыянце ГЛЯДЗІЦЕ ТУТ

Іншыя паасобныя вершы паэта ЧЫТАЙЦЕ ТУТ

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат