Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.12.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Зваротак (+ВІДЭА)

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Зваротак – гэта слова або спалучэнне словаў, якое называе адну або некалькі асобаў (часам прадмет), да якіх звернута выказванне. Асноўная функцыя зваротка – прыцягнуць увагу слухача да выказвання, заахвоціць яго да пэўнага дзеяння. Часцей за ўсё ў ролі зваротка выступаюць імёны, прозвішчы, назвы асобаў па роднасці, у савецкі і постсавецкі час – нават па палавой ці ўзроставай прыкмеце (мужчына, жанчына, малады чалавек, дзяўчына, дзевушка).

Беларускія звароткі кшталту дзядзька, цётка, часта не звязаныя са сваяцкімі адносінамі. Так маглі звярталіся малодшыя да старэйшых знаёмых ці нават зусім незнаёмых, часта таксама да вельмі шанаваных людзей (дзядзька Рыгор – так звярталіся да Рыгора Барадуліна; Янка Купала ў сваім лісце да Браніслава Тарашкевіча ў 1913 годзе пісаў: “Дзядзька Тарас! Што чуваць у Вас з беларускай граматыкай?”).

Пашыранымі ў вуснай мове пры звароце да незнаёмых мужчын аднаго з моўцам узросту былі і ў некаторых месцах застаюцца звароткі кшталту братка, браток, браточак, браце, брат.

Шырока ўжываюцца цяпер у афіцыйнай мове звароткі спадар, спадарыня, спадарства, вядомыя яшчэ са старабеларускага перыяду (у 16 ст. паэт Андрэй Рымша ў сваёй одзе на герб Льва Сапегі называе яго спадаром; слова таксама сустракаецца ў Статуце ВКЛ 1588 г.). Слова спадар, відавочна, паходзіць ад гаспадар (параўнай рус. сударь ад государь).

Яшчэ адным традыцыйным звароткам з часоў ВКЛ з’яўляецца слова пан (пані, панове), якое сёння менш папулярнае за зваротак спадар і часта ўжываецца з адценнем іранічнасці ў стасунках паміж калегамі і сябрамі (пан прафесар, пані дырэктарка).

Часта ў якасці зваротку выкарыстоўваюцца адпрыметнікавыя назвы асобы кшталту любка, любачка, мілка, а таксама прыметнікі любая, даражэнькі, стары, малы (Што ты хочаш, стары? Любая, я па табе сумую!). У народна-паэтычнай творчасці ў якасці звароткаў могуць ужывацца метафарычна пераасэнсаваныя словы, што абазначаюць канкрэтныя прадметы, якія акружаюць чалавека: галубочак (Галубочак мой, паедзем дамой!), сонейка, красачка, саколік і інш.

У паэтычных тэкстах у якасці звароткаў таксама могуць выступаць неадушаўлёныя назоўнікі: Краю мой родны! Як выкляты Богам…); Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег(Багдановіч)

Часта назоўнік у ролі зваротку стаіць у так званай клічнай форме: княжа (Гуслям, княжа, не пішуць законаў!), браце (Зямля тут, браце, залатая!), дружа, Антосю. У сучаснай беларускай мове клічную форму ўтвараюць толькі назоўнікі мужчынскага роду:

  • канчатак –у маюць назоўнікі, якія заканчваюцца на к (каточку, братку), а таксама назоўнікі на зацвярдзелыя ж, ш, ч, р (мужу, Рыгору);
  • канчатак –ю маюць усе назоўнікі на мяккія зычныя і й (Андрэю, гаю);
  • канчатак –е маюць астатнія назоўнікі на цвёрдыя зычныя (сыне, Іване);
  • канчатак –а маюць назоўнікі, аснова якіх заканчваецца на г, к, ц, х, што чаргуюцца з ж, ч, ш,  (бядак — бядача, друг — дружа, хлопец – хлопча).

Знакі прыпынку пры зваротках:

  • Зваротак заўсёды вылучаецца коскамі, а калі вымаўляецца з клічнай інтанацыяй, то пасля яго ставіцца клічнік: Бярозка мая белакрылая! Якая ж ты, сонейка, мілая…
  • Калі аднародныя або развітыя звароткі разрываюцца членамі сказа на часткі, то кожная з іх выдзяляецца коскамі: Ты красуй, наш сад, красуй і шумі, зялёны.
  • Калі перад звароткам стаіць займеннік ты ці вы, коскамі вылучаецца толькі зваротак: Рана ты, жоўтае лісце, са звонам журботным злятаеш.
  • Выклічнікі ой, эх, ах і падобныя да іх аддзяляюцца ад зваротка коскай: Ой, каханне маё бясконцае, не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
  • Часціца о ад зваротка коскай не аддзяляецца: О Беларусь, мая калыска, жыццё маё, прытулак мой!

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Пастаўце імёны ў лічнай форме:

Андрусь – *Андрусю

Адам – *Адаме

Аляксей – *Аляксею

Анатоль – *Анатолю

Антаніна – *няма

Апанас – *Апанасе

Барыс – *Барысе

Валер – *Валеру

Валянцін – *Валянціне

Вітаўт – *Вітаўце

Генадзь – *Генадзю

Дамінік – *Дамініку

Ігар – *Ігару

Кірыла – *Кірыле

Кастусь – *Кастусю

Мікалай – *Мікалаю

Мікола – *Міколе

Піліп – *Піліпе

Янка – *Янку

Юрась – *Юрасю

Пастаўце знакі прыпынку пры зваротках:

Эх браце Якаў няма прасвету. – *Эх, браце Якаў, няма прасвету.

Бывай Прыпяць бывай рака-працаўніца рака-чараўніца! – *Бывай, Прыпяць, бывай, рака-працаўніца, рака-чараўніца!

О журавы ляціце сваёй дарогай, вясёлай і шумнай, бы крыгаход! – *О журавы, ляціце сваёй дарогай, вясёлай і шумнай, бы крыгаход!

Не сумуй па мне старая будзь здарова маці. – *Не сумуй па мне, старая, будзь здарова, маці.

Ой ты мора люблю тваё сваволле. – *Ой ты, мора, люблю тваё сваволле.

О гай праменны табе паклон за хараство пачуццяў весніх… – *О гай праменны, табе паклон за хараство пачуццяў весніх…

Не спыняйцеся ногі на пад’ёмах і схілах, углядяйцеся вочы ў новыя небасхілы! – *Не спыняйцеся, ногі, на пад’ёмах і схілах, углядяйцеся, вочы, у новыя небасхілы!

Ой ты маё сонца як жа свеціш ясна! – *Ой ты, маё сонца, як жа свеціш ясна!

Яначка ўставай сыночак ужо сонца ўсходзіць! – *Яначка, уставай, сыночак, ужо сонца ўсходзіць!

Эх маці-печ ты рай нябесны і найпатрэбнейшая рэч! – *Эх, маці-печ, ты рай нябесны і найпатрэбнейгая рэч!

Гэй ляці маленства рвіся ў люстраную даль. – *Гэй, ляці, маленства, рвіся ў люстраную даль (С. Шушкевіч).

Эх лета-лецейка любое ты адцвітаеш залатое. – *Эх, лета-лецейка любое, ты адцвітаеш, залатое.

Слаўся ж восень дарамі багатымі! – *Слаўся ж, восень, дарамі багатымі!

О вецер вецер не дзьмі безустанку. – *О вецер, вецер, не дзьмі безустанку.

Цёплы вечар ціхі вецер свежы стог улажылі спаць мяне вы на зямлі. – *Цёплы вечар ціхі вецер свежы стог улажылі спаць мяне вы на зямлі.

Васілёчак каласочак сынку мой… Куды ж цябе, за што цябе, за якія грахі, дзяціначку маю. – *Васілёчак, каласочак, сынку мой… Куды ж цябе, за што цябе, за якія грахі, дзяціначку маю.

Гэй паромшчык давай пераправу! – *Гэй, паромшчык, давай пераправу!

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат