Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Генадзь Бураўкін

01.10.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Урбанонімы — назвы гарадскіх аб’ектаў

Урбанонімы — назвы гарадскіх аб’ектаў

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў (вуліц, праспектаў, плошчаў) называюць у лінгвістыцы ўрбанонімамі. Як і назвы населеных пунктаў, урбанонімы таксама адлюстроўваюць розныя гістарычныя перыяды ў развіцці нашай краіны, і нават у значна большай ступені, бо некаторыя вуліцы пераймяноўваліся за адносна кароткі прамежак часу мноства разоў: напр., сённяшняя вул. Мяснікова называлася Старая Койданаўская дарога, Каралеўскі Шлях, Раманаўская, Койданава-Раманаўская, Маскоўская, Нова-Маскоўская.

У гісторыі ўрбанонімаў, паводле даследчыка Івана Сацукевіча, можна вылучыць некалькі перыядаў:

  • Зыходны перыяд, калі фармаваліся першасныя назвы вуліц. Яны перадусім былі матываваныя рэльефам мясцовасці (Падгорная, Зарэчная, Крывая); важнымі аб’ектамі, якія на ёй знаходзіліся або да якіх яна вяла (Замкавая, Рынкавая, Койданаўская); родам заняткаў тых, хто на ёй пражываў (Златарская, Рымарская, Рэзніцкая); нацыянальнай прыналежнасцю жыхароў (Жыдоўская, Вялікая Татарская, Нямецкая).
  • Расійскі перыяд, які пачаўся з сярэдзіны ХІХ ст., адрозніваўся сур’ёзным умяшальніцтвам у мясцовую ўрбаніміку і масавымі перайменаваннямі. З’явіліся вуліцы Кутузаўская, Мураўёўская, Таганрогская, Уфімская, Аляксандраўская (у гонар Аляксандра І); у Гародні пацярпелі і вуліцы, звязаныя з каталіцкімі аб’ектамі (Баніфратарская → Татарская, Дамініканская  → Саборная).
  • Польскі перыяд (у Заходняй Беларусі) цягнуўся да 1939 года. За гэты час у Гародні былі вернуты старыя найменні вуліц (Брыгіцкая, Дамініканская), іншыя вуліцы былі перайменаваныя ў гонар польскіх і беларускіх дзеячаў (Паштовая → Князя Вітаўта, Мураўёўская → Ажэшкі, Сафійская → Пілсудскага). У Менску за кароткі перыяд у 1919-1920 гг. таксама адбылося некалькі перайменаванняў: Каломенская → Ігуменская, Маскоўская → Брэсцкая, Мікалаеўская → Беларуская.
  • Савецкі перыяд, фактычна, падзялаецца на 2 этапы ў звязку з нямецкай акупацыяй. Характарызуецца з’яўленнем шматлікіх назваў у гонар партыйных лідараў, герояў грамадзянскай вайны, савецкіх культурных дзеячаў, а таксама савецкіх тэрмінаў, падзей і святаў (Леніна, Чапаева, Камсамольская, Мопраўская, Савецкая, Сацыялістычная, Чырвонаармейская). Пасля вайны з’явілася новая тэндэнцыя – увекавечванне герояў Вялікай Айчыннай вайны: партызанаў, падпольшчыкаў, салдат, камандзіраў (Заслонава, Карбышава, Гастэлы, Харужай, Бяды, Каржа, Варанянскага, Казея). Таксама ў гэты перыяд шмат вуліц было названа імёнамі дзеячаў расійскай гісторыі і культуры (Лермантава, Мендзелеева, Дабралюбава, Кутузава).
  • Нямецкі перыяд звязаны з нямецкай акупацыяй. У Менску, напрыклад, агулам было перайменавана 135 вуліц з савецкімі і “расійскімі” назвамі (К.Маркса → Камендатурная, Бялінскага → Алеся Гаруна, Чычэрына → Паўлюка Багрыма, Рабкораўская → Нашаніўская, Рэвалюцыйная → Кірхенштрасэ).
  • Сучасны перыяд распачаўся ў 1990-ых гадах. Характарызуецца вяртаннем шэрагу гістарычных назваў (Лагойскі тракт, Даўгінаўскі тракт, Ракаўская, Раманаўская Слабада), новымі назвамі ў гонар дзеячаў беларускай культуры (Драздовіча, Дамейкі, Сыракомлі, Ваньковіча).

Дарэчы, у горадзе ёсць адна старажытная вуліца, назва якой не мянялася – Няміга, або вуліца Нямізская

Такім чынам, сучасныя даследаванні сведчаць пра тое, што ўрбанонімы ў сённяшняй Беларусі паводле сваёй матывацыі размяркоўваюцца наступным чынам: самая вялікая група (больш за 15%) – гэта назвы, звязаныя з Другой сусветнай вайной; на другім месцы (каля 9%) – назвы, матываваныя расійскай гісторыяй і культурай дасавецкага перыяду; затым савецка-камуністычныя назвы (больш за 6%); наступныя групы – назвы, звязаныя з беларуска-савецкай гісторыяй і культурай, а таксама беларускай гісторыяй і культурай дасавецкага часу. Відавочна, што сярод былых савецкіх рэспублік Беларусь па сваёй урбаніміцы засталася самай “савецкай”, пры гэтым яшчэ і з моцным расійскім ухілам.

Яшчэ адной важнай праблемай з’яўляецца прынцып перакладу шматлікіх назваў вуліц з рускай на беларускую, які супярэчыць агульнапрынятай сусветнай практыцы. Паводле міжнародных стандартаў прынята даваць назвы на нацыянальнай мове і транслітараваць іх на іншыя мовы (Крынічная – Криничная, Вясёлкавая – Веселковая). У выніку перакладу з рускай на беларускую або, радзей, з беларускай на рускую часта маем дзве розныя назвы, якія блытаюць жыхароў і гасцей горада, парушаючы асноўную функцыю назваў – арыентацыя на мясцовасці (адрас). Часам людзі папросту не разумеюць, што перад імі не дзве розныя вуліцы, а адна: Бэзавая – Сиреневая, Шпалерная – Обойная, Чыгуначная – Железнодорожная, Прамысловая – Промышленная, Пераможцаў – Победителей і г.д. Аднак з транслітарацыяй / транскрыпцыяй таксама не ўсё так проста, бо ўзнікае пытанне пра тое, што гэтыя назвы будуць выдаваць на трасянкамоўныя (Чигуначная, Переможцев, Безовая…). Аднак трэба ведаць, што парадак напісання беларускіх геаграфічных назваў замацаваны на заканадаўчым узроўні. Закон “Аб найменаваннях геаграфічных аб’ектаў” сцвярджае адназначна: «У Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой шляхам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову.» (ст.17, ч.1).

Існуе нават “Праект вяртання гістарычных назваў некаторым вуліцам і плошчам Менска” (Іван Сацукевіч), паводле якога наступныя гістарычныя назвы павінны быць вернутыя вуліцам і плошчам нашага горада:

1.    Плошча 8-га Сакавіка → Замкавая плошча
2.    Вуліца Дзімітрава → Пятніцкая вуліца
3.    Вуліца Вызвалення → Уваскрасенская вуліца
4.    Віцебская вуліца → Няміга-Ракаўская вуліца
5.    Безназоўны праезд каля хлебазавода №1 → Юрава-Завальны завулак
6.    Плошча Парыжскай камуны → Плошча Траецкая гара
7.    Вуліца Камунальная набярэжная → Траецкая набярэжная
8.    Гандлёвая вуліца → Зыбіцкая вуліца (вернутая)
9.    Вуліца Герцэна → Бернардзінская вуліца
10.    Частка Інтэрнацыянальнай вуліцы ад плошчы Свабоды да вуліцы Янкі Купалы → Валоцкая вуліца
11.    Частка Інтэрнацыянальнай вуліцы ад плошчы Свабоды да вуліцы Валадарскага → Зборавая вуліца

12.   Частка вуліцы Энгельса ад плошчы Свабоды да праспекта Незалежнасці → Дамініканская вуліца
13.    Частка Камсамольскай вуліцы ад вуліцы Няміга да праспекта Незалежнасці → Феліцыянская вуліца
14.    Частка вуліцы Леніна ад плошчы Свабоды да вуліцы Маркса →   Францішканскі бульвар
15.    Рэвалюцыйная вуліца → Койданаўская вуліца
16.    Вуліца Валадарскага → Пішчалаўская вуліца
17.    Вуліца Свярдлова → Ігуменская вуліца
18.    Вуліца Мяснікова → Вуліца Каралеўскі шлях

Зусім нядаўна ў старым горадзе з’явіліся новыя шыльды з пералікам ранейшых назваў менскіх вуліц. Падобна, што гэта ўжо сур’ёзны крок да вяртання гістарычнай урбанімікі.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Напішыце тыя гістарычныя назвы менскіх вуліц, якія ведаеце:

Вул. Герцэна – *Бернардзінская, Малая Бернардзінская, Бернардзінскі завулак, Зазыбіцкая, Герцэнаўская

Вул. К. Маркса – *Лошыцкая, Базарная, Падгорная, Свярдлова, Адраджэння, Камендатурная

Вул. Валадарскага – *Лошыцкая, Турэмная, Се́рпухаўская, Ліпавая (пры немцах)

Вул. Інтэрнацыянальная – *Збораўская (частка вуліцы ад Кальвінскага збору), Турэмная (злучала з Пішчалаўскім замкам), Праабражэнская; Валоцкая, Хрышчэнская, Кастрычніцкая (усходняя частка)

Вул. Рэвалюцыйная – *Койданаўская, Фердынанда Ласаля (1919), Кірхенштрасэ (у беларускіх колах падчас акупацыі – вуліца Рагнеды)

Вул. Янкі Купалы – *часткі называліся Траецкая, Ягораўская, Паліцэйская, Набярэжная, Пралетарская, Кастрычніцкая, Івана Луцкевіча

Пр-т Незалежнасці – *Захар’еўская, Захараўская, пр-т Міцкевіча, Савецкая, Хаўптштрасэ, пр-т Сталіна, пр-т Леніна, пр-т Францыска Скарыны

Вул. Камсамольская – *Феліцыянаўская, Богаяўленская, Багадзельная

Вул. Кірава – адна частка – *Міхайлаўская, 11 ліпеня; другая частка Крамная, Універсітэцкая

Вул. Леніна – *Францысканская, Губернатарская, Маркса, Энгельса

Вул. Энгельса – *Дамініканская, Петрапаўлаўская, Валадарскага

Вул. Чырвонаармейская – *Кашарская, Батальённая, Скобелеўская

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат