Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Старыя фотаздымкі

18.03.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Ў, або “у нескладовае”

Ў, або “у нескладовае” 

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

 

Станцыя У нескладовае

(cл. і музыка Рамана Арлова, пры удзеле Аляксандра Памідорава)

Аксамітна блакітная новая станцыя
Так заўсёды бывае. Калі ўсё пачынаецца
Час сустрэцца, мой сябра, і час развітацца
Будуць новыя лініі. На далонях і пальцах

Прыпеў

Станцыя “У нескладовае”
Вось маршрут табе і мне
Станцыя “У нескладовае”
Мы з табой на адной вайне

Мы згубіліся недзе. Здаецца – усё страчана
Мы героі учорашніх дзён
Толькі ўсё-ткі наперадзе новая станцыя
Калі не пойдзе цягнік пад адхон

 

Ў, або “у нескладовае” ці “у кароткае” – унікальная літара беларускага алфавіта. Гэтую ўнікальнасць, канечне, можна аспрэчыць, паколькі дакладна такая самая літара ёсць, напрыклад, ва ўзбекскім кірылічным алфавіце. Таму адзначым, што сярод славянскіх моваў яна сапраўды адна адзіная. Гэта ўнікальнасць і была падкрэслена ў 2003 г., калі ў Полацку з’явіўся помнік літары ў.

Упершыню ў сучаснай беларускай мове літара ў з’явілася ў ХІХ стагоддзі, прычым у сваім лацінкавым варыянце — ŭ. Адным з першых яе ўжыў Ян Чачот у сваёй вершаванай брашуры «Da milych mužyczkoú» (1846 г.), але ў гэтым выданні яна выглядала як u з рыскай — úЎ сустракаецца таксама ў тэкстах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. І толькі ў Францішка Багушэвіча яна набывае свой сучасны выгляд— ŭ (у кракаўскім выданні «Dudka Białaruskaja», 1891). Кірылічная літара была прапанаваная ў 1870 г. філолагам Пятром Бяссонавым, які з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. Яна, напрыклад, з’явілася ў вершы Аляксандра Ельскага «Сынокъ! Разсказъ зъ праўдзиваго здарэння… 1895 року». І толькі дзесьці напрыканцы першага дзесяцігоддзя ХХ стагоддзя літару ў пачалі ўжываць у беларускай кірыліцы больш-менш паслядоўна.

Ці значыць гэта, што да ХІХ стагоддзя гук [ў] быў невядомы нашай мове? Канечне ж не! Гэты гук фіксуецца яшчэ ў старабеларускіх тэкстах (а таксама ў кітабах), праўда асобнай літары для яго перадачы не існавала, тады ён  перадаваўся праз в, л, у, (вжо, прышовъ, вслышалшы, по узгоркохъ).

У 2010 г. былі ўведзеныя змены ў правілы беларускай арфаграфіі, якія закранулі і правапіс літары ў. Дарэчы, у выніку літара ў пачала ўжывацца часцей, чым раней.

Узгадаем,  дзе, калі і пры якіх умовах сёння ў нашай мове пішацца ў.

Ў – гэта літара, якая абазначае зычны гук і пiшацца згодна з беларускiм лiтаратурным вымаўленнем толькі пасля галосных.

У Ў

У чаргуецца з у ў пачатку слова: сонца ўзыдзе, хацела ўзяць, ва ўніверсітэце. Звярніце ўвагу на тое, што пасля двукосся і злучка ў будзе ў адпаведнай пазіцыі захоўвацца, паколькі ні двукоссе, ні злучок (а таксама квадратныя дужкі) – не знакі прыпынку: супрацоўнікаў “Аліварыі” ўзнагародзілі паездкай у санаторый, жанчына-ўрач. Дарэчы, так папулярны цяпер J смайлік усё ж лічыцца знакам прыпынку і пасля яго у не скарачаецца.

У сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі у звычайна таксама пераходзіць у ўпаўза, фаўна, саўна, аўкцыён. Выключэнне складае слова французскага паходжання траур, што пішацца з у (дарэчы, да гэтага слова ў нас ёсць свой сінонім жалоба). Трэба запомніць, што у не чаргуецца з ў у запазычаных словах, якiя заканчваюцца на -ум, -ус: акварыум, атрыум, радыус, страус, соус i вытворных ад iх. Таксама не чаргуецца ў запазычаных словах, калі стаіць пад націскам: Люблінская у́нiя, беларускі у́зус, новыя у́нты, тэýрг, дэміýрг. У канцы запазычаных слоў ненацiскное у не скарачаецца: ток-шоу, Бернард Шоу, фрау. У пачатку геаграфічных назваў і ўласных имёнаў вялікая літара Ў таксама не ўжываецца, толькі У: ва Украіне,  да князя Усяслава. Тут выключэнне складаюць ўласныя назвы кшталту Галерэя “Ў”. Калі ж нейкую назву мы запісваем вялікімі літарамі, то тут дзейнічаюць агульныя правілы: БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ. У не будзе скарачацца ў абрэвіятурах: РУУС, БДЭУ (але саўгас, Саўмін).

У паэтычнай мове ўжыванне ў можа не адпавядаць агульнаму правілу ў выпадку, калі нясе фанетыка-інтанацыйную нагрузку, а таксама для захавання рытму і рыфмы. Напрыклад, у паэме “Курган” Янкі Купалы бачым:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі, -

Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,

Сухазелле у грудзі ўпілося….

В Ў

Ў можа таксама ўтварацца на месцы этымалагічнага в: грыва – грыўка, крыві – кроў, любові – любоў, Аўстрыя, Каўказ. Выключэнні складаюць геаграфічныя назвы, дзе в захоўваецца: у В’етнаме, войска В’етконга, рака Влтава.

Л Ў

Нескладовае ў таксама можа ўтварацца з этымалагічнага л у канцы слова і перад зычнымі гукамі: былабыў, чытала – чытаў, поўны, коўзкі, воўк, шоўк. Але тут трэба запомніць, што л ніколі не пераходзіць у нескладовае ў:

-  на канцы назоўнікаў мужчынскага роду назоўнага склону адзіночнага ліку: стол, кол;

-  на канцы назоўнікаў жаночага роду роднага склону множнага ліку: школ, скал;

-  у сярэдзіне слова, калі можа з’явіцца беглы галосны: галка – галак, палка — палак;

-  у словах іншамоўнага паходжання кшталту салдат, балкон, Алжыр.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Устаўце патрэбную літару:

Ба…гарыя  *Балгарыя

Опі…м  *опіум

Да…н  *даўн

Па-…краінску  *па-ўкраінску

Для …ніята  *для ўніята

Паводле …льтыматуму  *паводле ўльтыматуму

Стра…с  *страус

Фа…на  *фаўна

Ка…гас  *калгас

Жанчына-ўролаг  *жанчына-ўролаг

Па…за  *паўза

Тайм-а…т  *тайм-аўт

Но…-ха…  *ноу-хау

Натары…с  *натарыус

Ра…т  *раўт

Меды…м  *медыум

Шо…-рум  *шоу-рум

Шоўмен  *шоўмен

Тэрарыум  *тэрарыум

Каля …рны  *каля урны

А…л  *аул

Са…гас  *саўгас

Здаць ва …тыль  *здаць ва ўтыль

Адамста…н  *Адамстаўн

Анчо…с  *анчоус

Гэткая …топія  *гэткая ўтопія

Гук [у] … фанетычнай сістэме…  *Гук [у] ў фанетычнай сістэме…

Со…с  *Соус

Цэнтральны …ніверсальны магазін  *Цэнтральны ўніверсальны магазін

ЦЭНТРАЛЬНЫ …НІВЕРСАЛЬНЫ МАГАЗІН  *ЦЭНТРАЛЬНЫ ЎНІВЕРСАЛЬНЫ МАГАЗІН

Хлопцы-…дальцы  *хлопцы-ўдальцы

Пакга…з  *пакгаўз

Ка…пак  *каўпак

“Мова Нанова” … кавярні “Грай”  *“Мова Нанова” ў кавярні “Грай”

Ваку…м  *вакуум

Ра…нд  *раўнд

Крыкі “…ра”  *крыкі “ўра”

Бура-…раган  *бура-ўраган

Ба…л  *баул

<>

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат