Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Смачна есці!

16.12.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Таемныя мовы беларусаў

Штучныя таемныя (тайныя) мовы беларусаў

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

На тэрыторыі Беларусі ў старыя часы існавалі так званыя ўмоўныя (штучныя тайныя, таемныя, сакрэтныя) мовы – мовы рамеснікаў, жабракоў, злачынцаў. Іх асноўнай мэтай было зацямніць, зрабіць незразумелай сваю гаворку для іншых носьбітаў мовы, каб захаваць прафесійныя сакрэты. Свабодна таемнымі мовамі валодалі пераважна мужчыны як носьбіты прафесійных ведаў, яны звычайна карысталіся імі па-за домам падчас вандровак. Сёння актыўных носьбітаў гэтых моваў засталося мала. Асобныя словы і выразы захавалі некаторыя іх нашчадкі.  Актыўна таемныя мовы пачалі вывучацца ў ХІХ – ХХ стст. Адным з першых збіраць і даследаваць іх стаў вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Еўдакім Раманаў.

У Беларусі да такіх таемных моваў адносіліся:

  • катрушніцкі лемезень (мова шапавалаў з мястэчка Дрыбін Магілёўскай губерніі);
  • парушніцкі лемез (мова шклоўскіх краўцоў і шапавалаў са Шклоўшчыны);
  • адверніцкая гаворка (мова рамеснікаў Крычава Магілёўскай губерніі);
  • любецкі лемент (мова жабракоў Мсціслаўскага, Чавускага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага паветаў Магілёўскай губерніі; а таксама Чарнігаўскага і Бранскага паветаў);
  • мова семежаўскіх жабракоў (вёскі Семежава Слуцкага павета Мінскай губерніі);
  • лабарская гаворка (мова так званых янаўскіх лабараў – прафесійных збіральнікаў ахвяраванняў на царкву (мястэчка Янава (Іванава) Кобрынскага павета тагачаснай Гродзенскай губерніі).

Спынімся на дзвюх з іх: мове дрыбінскіх шапавалаў і лабарскай гаворцы.

Катрушніцкі лемезень

На Дрыбіншчыне традыцыйна тайнай мовай карысталіся вандроўныя шапавалы, якія хадзілі на заробкі ў іншыя губерніі. Катру́шніцкі ле́мезень яны звычайна не выкарыстоўвалі на радзіме. Назва мовы шапавалаў паходзіць ад словаў катруха (‘шапка’), катрушнік (‘шапавал’) і лемезень (‘мова’, а таксама ‘язык’).

Адметнасцю гэтай мовы з’яўляюцца:

  • Наяўнасць так званых крыптаэлементаў ку-, шу-, ш-, якія дадаюцца да агульнаўжывальнага слова (кулета, кудзень, кугадзіна, кучалавек, шумесяц, шугод, шугара).
  • Замена першага склада слова (югун ‘чугун’, шусень ‘восень’, чмурак ‘дурак’, шэдзь ‘медзь’)
  • Дадатковыя суфіксы ў першую чаргу ў дзеясловах і прыметніках (слыхціць ‘слухаць’, чыторыць ‘чытаць’, шырчымны ‘шырокі’)
  • Вузка дыялектныя і штучна створаныя словы з празрыстай матывацыяй (сівар ‘снег, мароз’ (параўнай з сівер, сібер), зубрык ‘зуб’, коцень ‘кола’, вісляк ‘яблык і ўвогуле любая садавіна’)
  • Запазычанні з розных моваў (лемезень хутчэй за ўсё ад ідыш Leimaden ‘вучэнне, навукі’, шнейдзер з ідыш ‘кравец, шавец’, ахвес ‘Бог’ ад яхве са старагабрэйскай праз грэчаскую, явлыда ад авлыда, явлюда з новагрэчаскай праз украінскую; бакштэй ‘бацька’ з цюркскіх моваў; калурный ‘чорны’ ад цыганскага кало; стоды ‘багаты’ са шведскай; цыр ‘зямля’ са ст-грэч., воліць ‘хацець’ з нямецкай; гавэндаць ‘размаўляць’ з польскай)
  • Перастаноўка складоў (ласома ‘салома’)

Лабарская гаворка

Узнікла як тайная мова збіральнікаў ахвяраванняў на рамонт і будаўніцтва храмаў. Гэтым прамышлялі многія янаўцы, збіраючы часам ахвяраванні не толькі ў царкоўную скарбонку, але і сабе ў кішэню. Іх называлі ла́барамі (мяркуецца, што ад лацінскага Labor ‘праца’, паколькі ксяндзы, выпраўляючы збіраць грошы, маглі іх па-латыні называць працаўнікамі).

Лексіка лабараў пераважна складалася з дыялектных словаў, запазычанняў, скажоных словаў і наватвораў: калган ‘галава’, магчыма, з цюркскіх моваў са значэннем ‘драўляная міска, коўш’;  хана ‘канец’ з іўрыту ‘рабыць прыпынак, прывал’, гіцаль ‘махляр’ было, хутчэй за ўсё, запазычана праз польскую з нямецкай і значыла ‘жывадзёр, скуралуп’, катанько ‘рамізнік’, махалка ‘каса’, кабуля ‘цыбуля’, кірня ‘п’янка’, гавэндаць ‘размаўляць’ з польскай.

Прыклады словазлучэнняў з умоўных моваў:

Лухтавіна кудня – сярэдзіна дня

Няклёва сасклавіць – сапсаваць

Шыхта куўрэеўская – паненка

Багроўка калуверная – чарніцы

Склавіць мамурлей – сячы

Галошчаная псалыга – селядзец

Галёмы кудзень – Вялікдзень

Таўпыжніца саладзімная – морква

На ёнае ўлепка ўлепаець – аднавокі

Хаўбы швырошныя – грошы

Галёмэ шусто – горад

Ахвеса ёнус – Хрыстос

Пленная кумса – белый хлеб

Галёмая дэлька – мора

Суга стычыць – возера

Хвесь манеськый – ей-богу

Цікава, што ў сённяшняй жаргоннай і гутарковай мове захаваліся некаторыя словы з беларускіх таемных мовай, якія мы ўжываем, нават не здагадваючыся пра гэта: хаза (дом, хата), патлы (валасы), ха́ваць (глытаць), чмурыць (гаварыць лухту), петрыць (разумець), хана́ (канец), хахміць (смяшыць), клёвы (добры) і шмат якія іншыя.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Адшукайце сучасныя агульнаўжывальныя адпаведнікі:

Лапавіна – *палавіна

Куйшчарка – *яшчарка

Ша́каваць – *дзякаваць

Згуборыць – *згубіць

Снёбры – *добры

Воліць – *хацець

Ляпена – *палена

Хадула – *нага

Кімка – *ноч (кімарыць — спаць)

Куграч – *музы́ка

Сіварыць – *мерзнуць

Керыць – *піць

Купляшка – *пляшка, бутэлька

Шырчымны – *шырокі (шырка – папера)

Слыхта – *вуха

Шкрадзьмак – *вядзьмак

Масола – *салома

Хаваць – *глытаць

Хрушч – *(залаты) рубель

Мікры – *маленькі

Махер – *нож

Кузвушніца – *завушніца

Псаліць – *пець (псалка – песня)

Плыксіць – *плакаць

Шмурак – *бурак

Ва ўроку выкарыстаныя матэрыялы выданняў “Катрушніцкі лемезень: Слоўнік дрыбінскіх шапавалаў” Дрыбінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі; “Дыялектычны слоўнік лабарскай гаворкі Іванава” Іванаваўскай раённай бібліятэкі;  манаграфія Алены Лукашанец  “Беларускiя сацыялекты XIX стагоддзя: Вопыт тыпалагічнага апісання”.

 

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат