Пра курсы
ГАРАДЫ :


20.04.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Сучасны пурызм

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Ёсць шмат азначэнняў такой лінгвістычнай з’явы, як пурызм. Возьмем найбольш агульнае: пурызм – гэта напрамак у фармаванні літаратурнай мовы,  накіраваны на яе “ачышчэнне”  ад усіх элементаў, якія не лічацца роднымі (часта суб’ектыўна), у першую чаргу ад рознага кшталту запазычанняў, і ўзбагачэнне яе перадусім за кошт уласных рэсурсаў (неалагізмаў, часам дыялектнай лексікі і нават архаізмаў).

Трэба адзначыць, што сённяшні беларускі пурызм характарызуецца пэўнай несіметрычнасцю, бо праяўляецца ў адштурхоўванні ад элементаў, якія ўспрымаюцца як пранікненні з рускай мовы і практычна не закранае польскія. Больш за тое, часта менавіта польскія словы або словаўтравальныя мадэлі ці сінтаксічныя канструкцыі служаць тымі элементамі, якія выкарыстоўваюцца для замены рускіх. Гэта звязана перадусім з так званай сітуацыяй білінгвізму, пры якой мова тытульнай нацыі de jure лічыцца першай дзяржаўнай,  але de facto знаходзіцца, як мы ўсе цудоўна ведаем, у стане “ўнутранай эміграцыі” і працяглы час паслядоўна, часта пры падтрымцы дзяржавы, выцясняецца з розных сфераў рускай мовай.

Польская ж на сённяшні дзень непасрэднай пагрозы існаванню нашай мовы не ўяўляе. Акрамя таго, некаторыя прадстаўнікі сучаснага пурызму не вельмі добра ведаюць польскую і многія “жывыя” паланізмы ўспрымаюць ак арыгінальныя беларускія слоўцы ці неалагізмы. Такія словы становяцца ў іх маўленні  пажаданымі і нават моднымі. Такім чынам, ідэю сучаснага пурызму можна сфармуляваць наступным чынам: “Абы не так, як па-руску”. І гэта ў прынцыпе цалкам лагічна і прадказальна, бо мы вымушаны бараніцца ад вялікай колькасці русізмаў, якія патрапілі ў нашу мову ў час русіфікацыі і прывялі фактычна да парушэння структуры мовы і, па сутнасці, яе сістэмнай дэфармацыі. Аднак тут непазбежна ўзнікае праблема выцяснення шмат якіх спрадвечна беларускіх словаў, якія належаць агульнаславянскай ці агульнаўсходнеславянскай спадчыне і пашыраныя не толькі ў сучаснай беларускай і рускай мовах, але і ў дыялектах (човен замест лодка (праславянк.); спяваць замест пець (але ж маем слова певень); алей нават у значэнні ‘сметанковае масла’; тлусты замест тоўсты; выйсце ва ўсіх кантэкстах замест выхад; шэраг, шыхт замест рад; дзеля замест для). Такая тэндэнцыя непазбежна прыводзіць да збяднення мовы шляхам адмаўлення ад яе спрадвечнай лексікі, а часам і да няправільнага ўжывання словаў.

На нашу думку, умераны пурызм, які абапіраецца на ўласныя сродкі мовы, на так званую шырокую народную базу, і часта з’яўляецца паказальнікам росту нацыянальнай самасвядомасці, карысны. Пры гэтым ёсць таксама адрозны погляд на пурызм як на з’яву, што тармозіць развіццё мовы. Так Аляксандр Лукашанец, намеснік дырэктара Цэнтра беларускай мовы і культуры, сцвярджае: “…на сучасным этапе існавання беларуская мова павінна пазбавіцца ад комплексу блізкароднаснага адштурхоўвання. Моўны пурызм як самамэта на сучасным этапе рэальна стрымлівае развіццё мовы і яе паўнацэннае выкарыстанне ў найбольш важных і актуальных для жыцця сучаснага грамадства камунікатыўных сферах.”

Празмерны ж пурызм можа часам выклікаць і камічны эфект, асабліва калі ён датычыць замены так званых інтэрнацыяналізмаў. Параўнай: тэлевізар – даляба́ч, тэлефон – далягук і перамаўляч; мабільнік – далькажык; тэлефанаваць па мабільным – далькажыць; фатаграфія – святлопіс; вентылятар – душнік; бібліятэка – кніжня; тостар – апякач; пыласос – пыласмок; пыласосіць – пыласмактаць; пральная машына – пральня і г.д. Вось яшчэ забаўныя, на маю думку, варыянты замены “шкодных” англіцызмаў, якія прапануюць некаторыя беларусы: замест стрыптыз  цялярства, галярства ці нават агалярства; замест айклаўд захмар’е, захмарыца, паднябесіца; замест каўчсёрфінг паўсюльдом, вандрасвет, канапалёт, простасвет, дармасвет, дармаспын, дарманоч.

Аднак трэба заўважыць, што гэтыя неалагізмы, нават калі яны падаюцца нам дзіўнымі і часам смешнымі, таксама маюць права на існаванне, як мае права на існаванне любая інавацыя, любы эксперымент, а мова, як жывая сістэма, у далейшым зробіць свой выбар, пакінуўшы ці занядбаўшы пэўныя з іх. Прыжыліся ж у нас хмарачос, землятрус, крыжаванка.

Вядомы лінгвіст, дыпламат і грамадскі дзеяч Пятро Садоўскі ў сваім артыкуле “Моўныя інавацыі 90-х гадоў у мове беларускіх недзяржаўных выданняў” прыводзіць найбольш распаўсюджаныя прыклады сучаснага пурызму, абапіраючыся перадусім на мову  медыяў і інтэрнэту. У класіфікацыі ніжэй нароўні з уласным матэрыялам мы выкарыстаем таксама некаторыя з іх.

 

На акцэнталагічным і фанетычным узроўнях:

1. Несупадзенне націску са словамі літаратурнай мовы:

Пасе́джанне, выхо́дныя, куплёны, выбра́ны, учо́рашні, сярэ́да – не пасяджэ́нне, выхадны́я, ку́плены, вы́браны, учара́шні, серада́

2. Як пурыстычная з’ява можа разглядацца сёння вяртанне да дарэформавага правапісу з перадачай заходнееўрапейскага l як мяккага, ф як т, в як б, цвёрдых д, т, з, с і інш., згодна еўрапейскай традыцыі (як у граматыцы Тарашкевіча):

Сымбаль, міт, барбар, газэта – не сімвал, міф, варвар, газета

 

На словаўтваральным і марфалагічным узроўнях:

1. “агрэсіўнае пашырэнне” назоўнікаў мужчынскага роду на -нік, -оўца, -аўца, -авец, -эц, -ца, -янт, -ар, -ук/-юк  замест -чык, -шчык, -чы, -ер, -цель, -анін:

Даследнік, выкладнік – не даследчык, выкладчык

Здрайца, выступоўца, пікетоўца – не здраднік, выступаючы, пікетоўшчык

Міліцянт, паліцыянт – не міліцыянер, паліцэйскі

Мысляр – не мысліцель

Мянчук / мінчук, гамяльчук – замест мінчанін, гамяльчанін

2. Пашырэнне ўжывання назоўнікаў жаночага роду з суфіксам - для абазначэння асобаў па прафесіі:

Дыктарка, лідарка, хакерка, менеджарка – не дыктар, лідар, хакер, менеджар

3. Назоўнікі жаночага роду з суфіксам -н-:

Бальшыня, мыйня, лядоўня, маразільня, збройня – не большасць, мыйка, халадзільнік, маразільнік, ваенны завод

4. Пашырэнне аддзеяслоўных назоўнікаў мужчынскага роду з нулявым канчаткам і назоўнікаў ніякага роду з суфіксамі -ін-, -ів-:

Скарот, каментар, распаўсюд, сумнеў, супраца – не скарачэнне, каментарый, распаўсюджанне, сумненне, супрацоўніцтва

Паховіны, замовіны, печыва, сочыва, марозіва – не пахаванне, замаўленне, пячэнне, варэнне, марожанае

5. Пазбяганне ўжывання суфіксаў -ірава- / -ырава-:

Фарсаваць, маршаваць, камандава́ць, каментаваць / каментараваць, бамбаваць / бамбардаваць / бамбіць – не фарсіраваць, маршыраваць, камандзірава́ць, каменціраваць, бамбардзіраваць

6. Замена прыставак са-, па-, раз- на су-, пад-, вы:

суаўтар, субрат, судружнасць, суўдзельнік – не сааўтар, сабрат, садружнасць, саўдзельнік

Падвышацца, падляпшаць – не павышацца, паляпшаць

Выведка, выве́днік – не разведка, разведчык

7. Перавага суфіксаў -ов- / -ев перад -н- у прыметніках:

Двухтамовы, месяцовы, прэстыжовы, стопрацэнтовы, цэментовы – не двухтомны, месячны, прэстыжны, стопрацэнтны, цэментны

8. Поўнае адмаўленне ад дзеепрыметнікаў на -уч-/ -юч-, -ач-/ -яч-, -ом- / -ём-, -ым- / -ім-, -ўш-:

Кіраваны, пастаўляны, гнаны, аплатны, суперны, будаваны, наступант – не кіруемы, пастаўляемы, ганімы, аплачаны, супернічаючы, будуемы, наступаючы

9. Тэндэнцыя да пашырэння канчаткаў -аў/ -яў у родным склоне назоўнікаў множнага ліку:

Словаў, моваў, справаў, асаблівасцяў – не слоў, моў, спраў, асаблівасцей

10. Непаслядоўнае ўжыванне націскных канчаткаў -ом/ -ём у давальным склоне і -ох/ -ёх у месным склоне назоўнікаў множнага ліку:

Нашым слухачом,  па лясох і палёх – не нашым слухачам, па лясах і палях

11. Ужыванне ў родным склоне так званага “паэтычнага” канчатка -ае:

Нашае дэлегацыі, новае газеты – не нашай дэлегацыі, новай газеты

12. Ужыванне прастамоўнага варыянта займеннікаў іхні замест іх, ягоны замест яго і ейны замест яе, часам нават у дачыненні неадушаўлёных прадметаў:

Ейныя (канферэнцыі) вынікі,  для ягонага (плана) выканання,  у іхніх (газетах) артыкулах – не яе вынікі, для яго выканання, у іх артыкулах

13. Ужыванне назоўнікаў у іншым, чым у літаратурнай мове, родзе:

Тэза, крыза, плацдарма, генэза, адрэса – не тэзіс, крызіс, плацдарм, генэзіс, адрас

 

На сінтаксічным узроўні:

1. Імкненне пазбегчы ўжыванне прыназоўніка па ў словазлучэннях з мэтавым значэннем:

Камісія ў выбарах, пастанова ў справе, супернік у партыі, іспыты з гісторыі, на гэтую прычыну – не камісія па выбарах, пастанова па справе, супернік па партыі, іспыты па гісторыі, па гэтай прычыне

2. Перавага надаецца ўжыванню назоўнікаў у назоўным склоне пасля дзеяслова-звязкі стаць, быць у прошлым і будучым:

Мы былі падрыхтаваныя, станем роўныя – не былі падрыхтаванымі, станем роўнымі

Прычым калі ў цяперашнім часе захоўваецца дзеяслоў-звязка ёсць, назоўнік ужываецца ў творным склоне:

Мова ёсць душой народа, еўрапейская Беларусь ёсць нашай марай – не ёсць душа народа, ёсць наша мара

3. Пашыранае ўжыванне формаў запрошлага і працяглага будучага часу, а таксама сінтэтычнай формы загаднага ладу:

Была сказала, быў хадзіў, рабіцьмем, спявайма – не сказала, хадзіў, будзем рабіць, давайце спяваць

 

На лексічным узроўні:

1. Ужыванне дыялектызмаў і падвышэнне статусу гутарковых і прастамоўных словаў:

Спарон, хрост, пералёк, сярэда, мейсца, тутака, тамака, ёсцека, цыцкі – не аборт, хрышчэнне, перапуд, серада, месца, тут, там, ёсць, грудзі

2. Ужыванне запазычанняў з польскай мовы:

Уважаць, выбітны, самаход, слынны – не лічыць, выдатны, аўтамабіль, славуты

3. Стварэнне калек для замены іншамоўны словаў:

Брухамоўца, спашукальнік – не чэрававяшчальнік, саіскальнік

4. Абеларушванне ўласных назваў:

Іван Жахлівы, Саната месяцовага / месячнага святла, Пятро І, Вялікая Брытанія – не Іван Грозны, Лунная саната, Пётр І, Вялікабрытанія

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Знайдзіце афіцыйныя адпаведнікі да наступных словаў:

Галоўны вайскавод – *галоўнакамандуючы

Мурын  – *чарнаскуры

Шараговец – *радавы

Спраўца – *справавод

Лётнік – *лётчык

Кшталтавальнік – *нармалізатар

Душпастыр – *спавядальнік

Месціч – *гараджанін

Праломнік (кампутарн.) – *хакер

Фартэцыя – *крэпасць

Багажня – *камера захоўвання

Гаўбец – *балкон

Гаманец – *кашалёк

Капэрта – *канверт

Прабойнік – *дзіракол

Канапка – *бутэрброд

Балонка, бачына – *старонка

Гучнамовец – *мегафон

Плашчына – *плоскасць

Закалот – *палітычны бунт, мяцеж

Собскі – *уласны

Ачольваць – *узначальваць

Агалосіць вырак – *агучыць прысуд

Капальня – *шахта

Каркадзёр, адкаркоўнік – *штопар

Ловы – *паляванне

Жарсны – *страсны

Уцале – *цалкам

Страйкавы – *забастовачны

Дароўца – *дарыльшчык

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат