Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Беларускае мысленне

22.09.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Слоўнік жывой беларускай мовы

Слоўнік жывой беларускай мовы

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

У сваім дакладзе “Сучасны стан вывучэння беларускай мовы” на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая адбылася 90 год таму, старшыня аддзелу мовы і літаратуры Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) Сцяпан Некрашэвіч казаў пра тое, што Камісія па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы “дасць беларускаму грамадзянству такі ж слоўнік, які маюць і іншыя культурныя народы”. Дык што ж гэта за слоўнік такі, які маюць іншыя і ў 20-ыя гады ХХ ст. не мелі мы?

Гаворка ідзе пра так званы тэзаўрус – слоўнік, у якім даецца максімальны ахоп лексікі мовы з тлумачэннямі і прыкладамі яе ўжывання ў тэкстах. Да такога тыпу адносіцца знакаміты Оксфардскі слоўнік англійскай мовы, які пачаў выдавацца з 1884 года (першае выданне налічвала больш за 300 тысяч слоўнікавых артыкулаў). У іншых славянскіх народаў таксама выдаваліся падобныя слоўнікі. З найбольш значных варта назваць так званы “Варшаўскі слоўнік”  пад рэдакцыяй Я.Карловіча, А.Крыньскага і  В.Нядзведзкага ў 8 тамах (1900-1927 гг.); “Слоўнік украінскай мовы” («Словарь української мови») Барыса Грынчанкі (1907-1909 гг.); “Толковый словарь живого великорусского языка” У. Даля (1863-1866 гг); выданне Югаслаўскай Акадэміі навук у Заграбе ў 23-х тамах (1880-1976гг.). Нешта падобнае меў на мэце і беларус Іван Насовіч, складаючы свой слоўнік у ХІХ ст., аднак ён быў зведзены да звычайнага дыялектнага слоўніка “рэдактарамі” з Расійскай Імператарскай Акадэміі Навук, якія выкінулі з яго ўсе беларускія словы (ці, як пісалі, “общерусские слова”), якія сустракаюцца ў слоўніках рускай мовы.  Ужо ў ХХ ст. падобны слоўнік зрабілі і нашы літоўскія суседзі.

Якім жа павінен быў быць наш слоўнік жывой мовы? Асноўныя яго прынцыпы выклаў Сцяпан Некрашэвіч у сваёй працы “Да пытання аб укладанні слоўніка жывой беларускай мовы”.

  • “…слоўнік павінен адбіць як народную, гэтак і літаратурную беларускую мову”.
  • Народнаму кампаненту павінна аддавацца перавага.
  • Тэрыторыя збору лексічнага матэрыялу мусіць ахопліваць не толькі Савецкую Беларусь, але ўсю этнічную беларускую тэрыторыю.
  • Слоўнік павінен адлюстраваць перыяд усяго ХІХ і першай чвэрці ХХ стагоддзя (“ад часу так званага несвядомага адраджэння аж да нашых дзён”).
  • Тлумачэнні словаў мусяць давацца па-беларуску.

З 1925 года закіпела сапраўдная лексікаграфічная праца. Сталі складацца слоўнікі паасобных пісьменнікаў, “якія заставілі значны след у нашай літаратуры”: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Багушэвіча і інш. Што тычыцца не літаратурнай, а народнай мовы – у слоўнік павінны былі ўключацца матэрыялы этнаграфічных запісаў Насовіча, Дабравольскага, Шпілеўскага і інш. Але найважнейшай задачай было збіранне слоўнага матэрыялу з вуснаў носбітаў жывой беларускай мовы. Такім збіраннем актыўна заняліся мясцовыя краязнаўчыя таварыствы, якія кіраваліся спецыяльна падрыхтаванымі для гэтага інструкцыямі для апытанняў. Тут Сцяпан Некрашэвіч перажываў з нагоды таго, што былі цяжкасці са зборам матэрыялу на Гомельшчыне, Смаленшчыне, Пскоўшчыне і ў Заходняй Беларусі – тэрыторыях, якія не ўваходзілі ў склад тагачаснай савецкай рэспублікі.

Агульны збор матэрыялаў для слоўніка было запланавана скончыць прыкладна да 1929 года. На канец 1926 года ўжо была сабрана картатэка, якая ўключала звыш 260 тысяч словаў.

У 1928 годзе Сцяпан Некрашэвіч становіцца віцэ-прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук, а ў 1929 – дырэктарам Інстытута мовазнаўства, пры гэтым застаючыся старшынёй Камісіі па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Аднак ягоным грандыёзным планам не было наканавана спраўдзіцца. Ужо ў 1930 годзе акадэмік быў арыштаваны па абвінавачанні ў “нацдэмаўшчыне”, выключаны са складу Акадэміі навук, пазбаўлены “ганаровага звання акадэміка” і высланы ва Удмурцію на лесапавал. А ў 1937 годзе ізноў арыштаваны і дастаўлены ў Менск у кайданах, дзе адразу быў расстраляны.

Велізарная картатэка слоўніка жывой народнай мовы пазней была раскіданая. Ёсць сведчанні, што ў 1944 годзе тэрыторыя вакол галоўнага будынка Акадэміі навук была ўся пакрытая белым снегам картак менавіта з гэтай картатэкі…

Такім чынам, планы па стварэнні слоўніка жывой беларускай мовы так і не былі рэалізаваныя. Трэба сказаць, што найбольш багацце жывой беларускай мовы з улікам матэрыялаў картатэкі знайшло адлюстраванне ў “Расійска-беларускім слоўніку” С.Некрашэвіча і М.Байкова 1928 года. У некаторых яго слоўнікавых артыкулах падаецца па 5-6 і нават болей беларускіх сінонімаў: неожиданно – неспадзявана, неспадзеўна, нечакана, знячэўку, знянацку; свободный – вольны, павольны, свабодны, слабодны, раскошны, прасторны, улежны; сгинуть – згінуць, загінуць, прапасці, запрапасці, запаветрыцца, знікнуць.

Што ж усё-такі мы маем на сённяшні дзень? Пакуль што маем даволі значны па аб’ёме (звыш 220 тысяч пазіцый) рэестр словаў у так званым “Вялікім слоўніку беларускай мовы” Фёдара Піскунова (2012). Гэта найбольшы пералік беларускіх словаў, якія б маглі скласці аснову слоўніка жывой беларускай мовы. Акрамя таго маем слоўнікі пісьменнікаў: Янкі Купалы, картатэку слоўніка Якуба Коласа, слоўнік Кандрата Крапівы на дыску, а таксама нядаўна выдадзены Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.  І гэта нямала, не гаворачы ўжо пра вялікую колькасць дыялектных слоўнікаў, якія пры пэўнай апрацоўцы і адборы могуць быць уключаны ў слоўнік жывой мовы. Уладзімір Анчэнка выдаў “Вопыт літаратурна-дыялектнага слоўніка беларускай мовы” (Гомель, 1999), які ўтрымлівае 40 тысяч апрацаваных дыялектных словаў. Вось, напрыклад, некалькі сінанімічных шэрагаў з гэтага слоўніка:

Заблытанасць, заклума, заплутанасць, каламеса, ліхатня.

Зняславіць, агудзіць, ашпеціць, збасцяць, збрыдзіць, згудзіць.

Заданне

Назавіце ўсе вядомыя вам сінонімы да наступных словаў:

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Абшар – *прастора, прастор, прасцяг, абсяг, прыволле, раздолле, разлегласць, разлог.

Абрус – *настольнік, настольніца, стальніца, сурвэта.

Баяцца – *пабойвацца, страшыцца, палохацца, пужацца, пудзіцца, жахацца, дрэйфіць, трусіць, дрыжаць, дрыжэць, калаціцца, трэсціся ад страху, глядзець у кусты, падтульваць хвост і г.д.

Знепрытомнець – *страціць прытомнасць, самлець, абамлець, абмерці, упасці ў забыццё.

Маланка – *бліскавіца, бліскаўка, зарніца.

Могілкі – *магілкі, пагост, цвінтар, могільнік, магільнік, кладзішча, клады.

Наваселле – *уваходзіны, уходзіны, улазіны.

Недахоп – *хіба, брак, дэфект, няспраўнасць, недаробка.

Непагадзь – *непагода, нягода, слата́, хлюпота, хлюпа, халепа, макрэдзь.

Сажалка – *копанка, капаніца, копань, садок, стаў, ставок.

Цвісці – *квітнець, красаваць.

Шарпак – *шарон.

Халасцяк – *нежанаты, бабыль, кавалер.

Фіга – *дуля, кукіш, шыш.

Уздоўж – *паўз, усцяж.

Ствол (дрэва) – *камель.

Гарышча – *гара, вышкі, падстрэшша, паддашак.

<>
Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат