Пра курсы
ГАРАДЫ :


26.11.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Род абрэвіятур (+ВІДЭА)

powerpoint70  СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70  СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70  СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

На момант свайго ўзнікнення абрэвіятуры маюць той самы род, што і апорнае (асноўнае) слова ў словазлучэннях, ад якіх яны ўтварыліся: на пачатку абрэвіятура НЭП (новая эканамічная палітыка) была жаночага роду па апорным слове палітыка, пазней – мужчынскага роду. Аднак з цягам часу некаторыя з іх мяняюць свой род па аналогіі з агульнымі назоўнікамі, да якіх яны падобныя па сваёй гукавой абалонцы.

Каб правільна вызначыць род абрэвіятуры, спачатку трэба вызначыць яе тып паводле структуры: гукавая, складовая або літарная. Гукавыя і складовыя абрэвітуры звычайна маюць род тых назоўнікаў, да якіх яны падобныя па знешняй форме. Часцей за ўсё гэта абрэвіятуры, якія заканчваюцца на зычную  і маюць мужчынскі род па аналогіі з назоўнікамі стол, дом: МУС (Міністэрства замежных спраў), ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія), калгас (калектыўная гаспадарка). Аднак ёсць цэлая група абрэвіятур кшталту АЭС, ГЭС, ГРЭС, якія, нагледзячы на канцавую зычную, адносяцца да жаночага роду: Чарнобыльская АЭС (станцыя). Род запазычаных абрэвіятур вызначаецца часцей за ўсё па аналогіі з беларускімі назоўнікамі: УЕФА – жаночы род (Union of European Football Associations – Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый).

Род літарных абрэвіятур, а таксама абрэвіятур, утвораных ад першага склада прыметніка і цэлага назоўніка, вызначаецца па родзе апорнага слова: КНДР (Карэйская Народная Дэмакратычна Рэспубліка) – жаночы род; медсястра – жаночы род. Калі ў абрэвіятуры апорнае слова мае множны лік, яе род не вызначаецца: СМІ (сродкі масавай інфармацыі).

Скланенне абрэвіятур

Ступень скланяльнасці абрэвіятур часта таксама залежыць ад іх структурнага тыпу. Найбольшай ступенню нескланяльнасці валодаюць літарныя абрэвіятуры: БДПА – вучыцца ў БДПА, СП – працаваць у СП.

Не скланяюцца абрэвіятуры, у якіх другая частка стаіць ва ўскосным склоне: начштаба, камроты.

Абрэвіятуры гукавага і складовага тыпаў з’яўляюцца нескланяльнымі, калі заканчваюцца на галосную: ДАІ – спыніцца побач з ДАІ, ТАА. Калі ж яны заканчваюцца на зычную, часцей за ўсё яны будуць скланяцца: ЖЭСпрацаваць ў ЖЭСе, ЗАГСсустрэцца перад ЗАГСам. Радзей абрэвіятуры на зычную з’яўляюцца нескланяльнымі:  ААН – выступаць у ААН, ЦЭС – пабудаваць насупраць ЦЭС.

На ўзор адпаведных назоўнікаў скланяюцца абрэвіятуры, утвораныя ад першага складу прыметніка і поўнай формы назоўніка: ашчадкасазняць грошы ў ашчадкасе.

Правапіс абрэвіятур

1. Літарныя абрэвіятуры звычайна пішуцца вялікімі літарамі: БДУ, ЕС, МЗС. Выключэнні: эсэр (сацыял-рэвалюцыянер), БТР і бэтээр.

2. Гукавыя абрэвіятуры пішуцца вялікімі літарамі: ДАІ, СНІД. Часам дапускаецца таксама варыянтнае напісанне і вялікімі, і малымі літарамі: НЭП і нэп, ЖЭС і жэс. Пры скланенні гукавых абрэвіятур канчаткі пішуцца малымі літарамі: працаваць на МАЗе, заразіцца СНІДам.

Вытворныя ад гукавых абрэвіятур пішуцца малымі літарамі: амапавец, даішнік.

У абрэвіятурах, напісанне якіх супярэчыць правілам беларускай мовы (РІПАРэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі), захоўваюцца пачатковыя літары, што дазваляе правільна іх расшыфраваць і зразумець.

У абрэвіятурах гукавога і літарнага тыпу заўсёды пішацца У, нават калі ў словазлучэнне, ад якога ўтворана абрэвіятуры, уваходзіць слова з пачатковай ў: ГУМгарадскі ўніверсальны магазін, РУПрэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства.

3. Абрэвіятуры, якія складаюцца з дзвюх і болей самастойных абрэвіятур, пішуцца асобна: НДІ ЯП (Навукова-даследчы інстытут ядзерных праблем).

4. У прыставачных і складаных словах, якія пішуцца разам або праз злучок, вялікія літары захоўваюцца: суперЭВМ, ВІЧ-інфекцыя.

5. Запазычаныя гукавыя абрэвіятуры пішуцца вялікімі літарамі: НАТА, ЮНЭСКА. У назвах установаў і арганізацый, якія складаюцца з літар чужога алфавіту, злучаных пры дапамозе дэфіса, першая літара вялікая, а астатнія – малыя: Бі-бі-сі (Брытанская радыёвяшчальная карпарацыя), Сі-эн-эн (Cable News Network – Кабельная сетка навінаў). Калі ж гэта агульны назоўнік, ён звычайна  пішацца ў адно слова малымі літарамі: эйчар, піяр.

6. У абрэвіятурах змешанага тыпу, утвораных ад гукаў і ўсечаных асноў, гукавая частка пішацца вялікімі літарамі, а ўсечаная – малымі: БелАЗ, БелТА.

7. Злучнік і ў складзе абрэвіятур звычайна пішацца малой літарай: ЛіМ, АіФ.

8. Складанаскарочаныя словы, калі гэта не ўласныя назвы, пішуцца разам і малымі літарамі: выканкам, спецкар.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Замяніць словазлучэнне абрэвіятурай:

Вышэйшая атэстацыйная камісія сабралася на паседжанне – *ВАК сабраўся на паседжанне

Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый прыняла пастанову – *ФІФА прыняла пастанову

Валожынская лясная гаспадарка звярнулася да валанцёраў па дапамогу – *Валожынскі лясгас звярнуўся да валанцёраў па дапамогу

У Тэатры юнага гледача паказалі прэм’еру – *У ТЮГу паказалі прэм’еру

Прачытаць у свежай газеце “Літаратура і мастацтва” – *прачытаць у свежым ЛіМе

Правесці адпачынак у далёкай Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы – *правесці адпачынак у далёкай ПАР

Вучыцца на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – *вучыцца на філфаку БДУ

Параіцца з галоўным урачом бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі – *параіцца з галоўурачом БХМД

Заяву разгледзелі ў абласным выканаўчым камітэце – *заяву разгледзелі ў аблвыканкаме

Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” даслала заяўку на ўдзел – *БХД даслала заяўку на ўдзел

Сустрэнемся ў Таварыстве беларускай мовы – *сустрэнемся ў ТБМе

Мы чакаем у зоне для вельмі важных персон – *мы чакаем у ВІП-зоне/ VIP-зоне

Падпісаць кантракт з Беларускім прыватным агенцтвам навінаў – *падпісаць кантракт з БелаПАНам

У Мінскім сталічным саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў прайшло абмеркаванне законапраекта – *у МССПіП прайшло абмеркаванне законапраекта

Працаваць у Навукова-даследчым інстытуце прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – *працаваць у НДІ ППМІ БДУ

Супрацоўнічаць з Міністэрствам унутраных спраў – *супрацоўнічаць з МУСам

Падпісана пагадненне па Еўразійскай эканамічнай супольнасці —  *падпісана пагадненне па ЕўрАзЭС/ЕўрАзЭСе

Патрапіць у мінскі следчы ізалятар Камітэта дзяржаўнай бяспекі – *патрапіць ў мінскі СІЗА КДБ

Дзяржаўны камітэт па маёмасці абвясціў конкурс – *Дзяржкаммаёмасці абвясціла конкурс

Міністэрства культуры заснавала латарэю “Скарбніца” – *Мінкульт заснаваў латарэю “Скарбніца”

Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі не знайшла падставаў для затрымання – *Інтэрпал не знайшоў падставаў для затрымання

Генератар звышвысокачастотнага выпраменьвання – *генератар ЗВЧ-выпраменьвання

Паўночнаатлантычны альянс пачаў перамовы – *НАТА пачало перамовы

Звярнуцца ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў – *звярнуцца ў РІКВ

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат