Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Краўдфандынг

12.09.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

Раздзяляльны мяккі знак і апостраф

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Раздзяляльны мяккі знак і апостраф выкарыстоўваюцца ў беларускай пісьмовай мове для адлюстравання правільнага вымаўлення словаў з гукам j паміж зычнымі і галоснымі – так званага раздзельнага вымаўлення.

Раздзяляльны мяккі знак – ь - пішам пасля зычных л, с, ц, дз і непрыставачных н і з перад е, ё, і, ю, я ў словах іншамоўнага паходжання: вальера, рэльеф, калье, мільён, медальён, павільён, більярд, дасье, канферансье.

Ва ўласных назвах, утвораных ад імёнаў на -ій (-ый) (Аркадзій, Генадзій) перад суфіксам -еў-/-ев- таксама пішам мяккі знак: Аркадзьеў, Аркадзьевіч, Аркадзьеўна, Генадзьевіч, Генадзьеўна. Аднак, калі імя па бацьку ўтворана ад традыцыйнай беларускай формы імені, напрыклад,  Аркадзь, Генадзь, у такім выпадку будзем пісаць слова без мяккага знака: Аркадзевіч, Генадзеўна. Такія формы, канечне, больш беларускія і таму больш пажаданыя. А вось пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішам  і (ы): Дзмітрыевіч, Георгіеўна і нават Яўлампіевіч.

Для перадачы раздзельнага вымаўлення ўжываецца таксама апостраф, які, дарэчы, літарай не з’яўляецца. Упершыню значок апостафа выкарыстаў у сваёй “Беларускай граматыцы для школ” Браніслаў Тарашкевіч.

Цікава, што паміж сучасным рускім ъ і нашым апострафам нельга паставіць знак роўнасці, як гэта часта памылкова робяць. Па-першае, апостраф ставіцца не толькі пасля прыставак і першых частак слова, але і ў іншых пазіцыях у слове: сям’я, Лук’ян, куп’е. Па-другое, апостраф можа стаяць не толькі пасля цвёрдага зычнага гука, як у словах п’е, надвор’е. Паводле нормаў беларускага вымаўлення, ёсць выпадкі, калі зычны гук перад апострафам вымаўляецца мякка. Гаворка ідзе пра гукі з і н, напрыклад, у словах з’езд, з’ява, кан’юнктура. Дарэчы, паводле дарэформавага правапісу (т.зв. тарашкевіца) у словах пасля прыстаўкі на з пішацца мяккі знак: зьезд, зьява, каньюнктура.

Такім чынам, апостраф пішам у наступных выпадках:

— пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’езд, з’езд, аб’ём, аб’ява, раз’юшаны, уз’яднаць, пад’ём, аб’інець;

— у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, а таксама д, т і зацвярдзелых перад  е, ё, і, ю, я: б’ю, п’ю, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Лук’ян, Мар’я;

— у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, чатырох’ядзерны, шмат’ёмісты.

— у запазычаных уласных назвах апостраф захоўваецца на тым самым месцы, што і ў мове-крыніцы: О’Генры, Кот-д’Івуар.

Звярніце ўвагу, што ніколі не пішам апостраф пасля ў нескладовага: здароўе, любоўю, салаўі. А таксама ў складаных і складанаскарочаных словах паміж іх часткамі: тэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва.


Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакладзіце:

Воробьи – *вераб’і

Соловьи – *салаўі

Иньекция – *ін’екцыя

Нью-Йорк  – *Нью-Ёрк

Интервью – *інтэрв’ю

Демьян – *Дзям’ян

Щавель – *шчаўё

Пьет – *п’е

Васильевна – *Васілеўна і Васільеўна

Каньон– *каньён

Многоярусный – *шмат’ярусны

Вью – *ую і вію

Полмиллиардный – *паўмільярдны

Вьетнам – *В’етнам

Разъяриться – *раз’юшыцца, раз’ятрыцца

Ивье  – *Іўе

Воссоединение – *уз’яднанне

Бульон – *булён

Евгеньевич– *Яўгенавіч і Яўгеньевіч

Налью – *налью і налію

Компьютер – *кампутар і камп’ютар

Рейкьявик – *Рэйк’явік

Шампиньон– *шампіньён

Четырехъядерный – *чатырох’ядзерны

Алоэ – *альяс

Адъютант – *ад’ютант

Восьмью – *васьмю

Софья– *Соф’я

Любовью– *любоўю

Пиявка– *п’яўка

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат