Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: БНР

02.04.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ “Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага

“Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Вацлаў Ластоўскі,  беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, публіцыст, гісторык, філолаг, літаратуразнавец, этнограф, нарадзіўся ў 1883 у засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці).

У розныя часы быў рэдакцыйным сакратаром «Нашай нівы» (1909—1914), рэдагаваў часопісы «Саха» (1912), «Беларускі сцяг» (1922), газету «Гоман» (1916—1917), пазней выдаваў часопіс «Крывіч» (1923—1927). У час Першай сусветнай вайны жыў у Вільні, дзе кіраваў віленскай «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам, курыраваў выданне школьных падручнікаў, сам удзельнічаў у іх напісанні.

Удзельнічаў у абвяшчэнні БНР. У снежні 1919 узначаліў Кабінет міністраў Народнай рады БНР. Пасля падпісання папярэдніх умоваў міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай (кастрычнік 1920) у афіцыйным пасланні мірнай канферэнцыі ў Парыжы прасіў краіны Антанты аказаць дапамогу ўраду БНР. Удзельнік Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (верасень 1921), якая прызнала ўрад Луцкевіча адзіным законным беларускім урадам. Працаваў у Міністэрстве беларускіх спраў у Літве. 20 красавіка 1923 падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра БНР.

У 1926 стаў член-карэспандэнтам Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе. Быў запрошаны Інбелкультам на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (лістапад 1926), на якой абраны старшынёй Графічнай камісіі. У 1927 пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Працаваў у «Камісіі жывой беларускай мовы». Арганізоўваў этнаграфічныя экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі, у час адной з іх быў знойдзены Крыж Ефрасінні Полацкай.

У 1929 на хвалі барацьбы з “нацдэмаўшчынай” быў вызвалены з пасады сакратара Беларускай АН, а ў 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пазбаўлены звання акадэміка. Утрымліваўся ў турмах Масквы і Мінска, пасля чаго быў высланы ў 1931 на 5 гадоў у Саратаў. Уладкаваўся загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў біблітятэкі Саратаўскага ўніверсітэта. Паўторна быў арыштаваны ў  1937 і ў 1938 расстраляны ў Саратаве «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Быў рэабілітаваны (па першым прысудзе ў 1988; па другім — у 1958) і адноўлены ў званні акадэміка АНБ у 1990.

Па сабе ў спадчыну Ластоўсі пакінуў “Кароткую гісторыю Беларусі. З 40 рысункамі.” (Вільня: Друкарня Марціна Кухты, 1910); “Што трэба ведаць кожнаму беларусу?” / Выданне “Вольнае Беларусі” (Менск: друк-ня А. Я. Грынблята, 1918); “Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў” (у суаўтарстве з К. Дуж-Душэўскім; Коўна, 1923); “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (Коўна: друк-ня А. Бака, 1924) ; “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі (Коўна, 1926); фантастычную аповесць «Лабірынты» (Коўна, 1923), сцэнічны эпізод з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923); чытанкі для дзяцей. Ластоўскі таксама з’яўляецца аўтарам апавяданняў і артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і інш., успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай, ангельскай, польскай, дацкай і іншых моваў. Даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь, быў аўтарам “Крывіцкай канцэпцыі”, паслядоўна сцвярджаючы выключную ролю крывічоў у фармаванні беларускага народа і дзяржаўнасці (тытул благородие перакладаў як  крывічэснасьць).

З 2003 года ў Полацку ёсць нават 150-гадовы Дуб Вацлава Ластоўскага, які быў названы так ў гонар 120-годдзя беларускага дзеяча. Ён расце па вуліцы Еўфрасінні Полацкай на ўзгорку непадалёк ад Музея традыцыйнага ткацтва Беларускага Паазер’я і помніка Еўфрасінні Полацкай.

«Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1924), акрамя асноўнага лексічнага масіву, уключае таксама руска-беларускі слоўнік асабовых імёнаў «Крыўскі (беларускі) іменнік»; слоўнікі арніталагічных і батанічных тэрмінаў «Назовы птахаў» і «Іменнік расьцін»,  напрыканцы – слоўнічак беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда».

Канцэпцыю слоўніка Ластоўскі выклаў у сваёй прадмове. Ён пісаў: “Мова перапоўненая чужаземскімі словамі зьяўляецца ізолятарам культуры ад народных масаў. … Адраджоная наша мова павінна стацца дабрым правадніком культуры, а гэткай яна зможа быць толькі тады, калі ў ёй будзе найменш чужых слоў…” Як бачна, аўтар стаіць на надзвычай пурыстычных пазіцыях, заклікаючы да ачышчэння мовы ад няродных элементаў, якія патрапілі ў беларускую мову цягам яе гісторыі. Больш за тое, Ластоўскі нават прапануе адмаўляцца ад словаў, падобных па гучанні да словаў суседскіх моваў, абіраючы варыянты, адрозныя ад іх. Менавіна тады, на ягоную думку, найбольш поўна выявіцца яе індывідуальны характар. Ён сцярджае, што гэта атрымаецца, “… калі патрапіць абараніцца ад асімілюючага ўплыву суседніх грамадных народаў: Расійцаў, Палякаў, Украінцаў. Дзеля гэтага трэба памятаць, што кождае чужое слова занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседскай, забівае яе асобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцярагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словамі, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць такія, якіх няма ў чужынцаў, але істнуюць ў здаровай нашай народнай стыхіі”. Ластоўскі адзначаў, што наша мова перажыла некалькі хваляў скажэнняў, уключыўшы ў сябе царкоўнаславянскія, нямецкія, чэшскія, лацінскія, татарскія і іншыя чужародныя элементы, якія паступова змянялі першапачатковую “крыўскую” мову. І асабліва ён вылучаў польскі і рускі ўплыў, якія пагражаюць самому існаванню нашай мовы.

Па сваёй структуры слоўнік Ластоўскага адрозніваецца ад сучасных перакладных слоўнікаў, бо ў ім даецца не толькі беларускі эквівалент рускага слова, а і цэлыя словаўтваральныя гнёзды: ОБУВЬ ж. абутак, абуваць; РЯБЫЙ, рабы, рабаваты, рабасьць, рабізна, рабацьцё; ГАДИТЬСЯ, гідзіцца, гіда, гідкі, гідлівы. Дзякуючы такому падыходу слоўнік выглядае архаічным. Да некаторых словаў з няроднасных моваў часта даюцца тлумачэнні, а таксама часам пазначаецца, з якой мовы яны прыйшлі: БИБЛІОТЕКА ж. мейсца дзеля перахову кніг; кніжня, кніжніца; ГАВАНЬ ж. ням, прыглубае прыморскае месца закрытае ад ветраў са ўходам для караблёў: завань. Ёсць выпадкі, калі да слова даецца толькі вызначэнне і не даецца аднаслоўны эквівалент: ПЛАКАТ – апавестка да расклеіваньня на сьценах; РЭБУС – загадка ў рысунку. Дастаткова часта ў слоўніку прапануецца недакладны і нават памылковы пераклад запазычанняў: газета перакладаецца як часопіс, конспектскарот, темперамент – удача, кошмар – мара, словы консилиум і конференция перакладаюцца адным і тым словам — нарада.

Хоць Ластоўскі і піша ў сваёй прадмове, што словы браў з народных гаворак і кніг, але не пазначаў, адкуль гэтыя словы ўзятыя, навукоўцы сцвярджаюць, што вялікая іх частка – т.зв. паветалізмы, або рэгіяналізмы, а значную колькасць аўтар папросту стварыў сам. Так Сяргей Запрудскі прыводзіць прапанаваныя Ластоўскім да слова полоумность эквіваленты некумнасьць,  некмень, якія лічыць фальшывымі. Яшчэ цікавыя пераклады: желатина – клейчык,  собутыльник – спабутэльнік, запор – зацьвердзь, поругание — палайка. віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі Навук Сцяпан Некрашэвіч выступіў з жорсткай крытыкай слоўніка. Ён пісаў, што “аўтар слоўніка робіць з беларускай мовай такія мудраванні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову… Аўтар не ачышчае беларускую мову, а наадварот яе знявечвае, засурвае, утвараючы нешта падобнае да валапюка або эсператна з беларускай асновай”. Крытыкаваў слоўнік таксама і Ян Станкевіч, які пісаў, што Ластоўскі не здолеў аддзяліць зерне ад мякіны і толькі папсаваў багаты матэрыял, мяшаючы прыродныя беларускія словы з уласнымі наватворамі. Аднак пры гэтым Станкевіч падкрэсліваў і руплівасць Вацлава Ластоўскага пра родную мову, зазначаючы, што каб іншыя так бы пра яе рупіліся, то беларускай мове не пагражала б вялікая небяспека.

Сучасныя даследчыкі крыху інакш успрымаюць слоўнік. Як напісала пра “Расійска-крыўскі слоўнік” даследчыца лексікаграфічнай працы Ластоўскага Алена Ніякоўская: “Слоўнік – гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі – нацыянальнай”. Юрась Пацюпа заклікае ўспрымаць яго як літаратурны твор і як важную крыніцу пазнання беларускай мовы і творчасці самога аўтара. Прычым Пацюпа сцвярджае, што некаторыя з тых словаў, якія лічыліся экзатычнымі наватворамі Ластоўскага, пазней пацвярджаліся тэкстамі, аўтары якіх паходзілі з тых самых мясцінаў, што і Ластоўскі.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Падбярыце сучасныя беларускія адпаведнікі да словаў, прапанаваных Ластоўскім:

Спакмень – *прадмет

Цяжво, цяжыва – *баласт

Застаўня, рагатка – *бар’ер

Душні́к – *вентылятар

Паборы, кубаны́, даткі – *хабар

Амарока – *галюцынацыя

Зе́льнік, траўнік, быліна́р – *гербарый

Хваласьпеў – *гімн

Пярокруг – *дыяметр

Калыпок – *зубачыстка

Адамавы яблык, коўцік – *кадык

Правольніца – *канікулы, вакацыі

Гаспода – *кватэра

Павер – *крэдыт

Ва́рыўня, пякарня – *кухня

Польга, польгаць – *ільгота

Сужыве́цтва – *інтэрнат

Спакмячаць – *арыентавацца

Сызвалосьнік, сызвалосіца – *парык

Параплаў – *параход

Сядак – *пасажыр

Прыймя – *прыназоўнік

Поверць – *профіль

Разцечнік – *раствор

Ламавіца, касталоміца – *рэўматызм

Назоўніцтва – *тэрміналогія

Ласка́ўнік – *фаварыт

Засьценак – *ферма

Прыдзьвернік – *швейцар

Сабетніцтва – *эгаізм

<>

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат