Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Бібліятэкі

08.03.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Публіцыстычны стыль

Публіцыстычны стыль мовы

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Гэта кніжны стыль мовы, прадстаўлены ў пісьмовай (друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, эсэістыка) і ў вуснай форме (радыё- і тэлежурналістыка, аратарскае майстэрства).  Асноўная задача публіцыстычнага стылю – не толькі даць нейкую інфармацыю, але і прапанаваць яе інтэрпрэтацыю, аказаць эмацыйнае ўздзеянне на чытача (у адрозненненапрыклад, ад навуковага і афіцыйна-справавога стыляў). У сувязі з гэтым творы публіцыстычнага стылю часта закліканыя быць магутным сродкам прапаганды, таму невыпадкова ў савецкі час пяро прыроўнівалі да штыка.

Пры тым, што лексічнае ядро публіцыстычнага, як і любога іншага стылю складае канкрэтная лексіка, на лексічным узроўні можна вылучыць шэраг асаблівасцяў:

  • Абстрактная лексіка (аб’ект, інсінуацыя, рэфлексія, асацыяцыя).
  • Ацэначная лексіка (патрыятызм — нацыяналізм, шпіён — разведчык, крывадушны — сумленны, змагар, распад – развал (СССР)).
  • Грамадска-палітычныя тэрміны (дактрына, грамадзянская супольнасць, абарона правоў чалавека, прававая дзяржава, інфармацыйнае грамадства).
  • Словы, ужытыя ў пераносным значэнні (гарэць (ідэяй), ватнік, жоўтая (прэса), перыфразы (агульнаеўрапейскі дом, крышталёвы сасуд, зялёныя чалавечкі, аксамітная рэвалюцыя).
  • Эўфемізмы (чалавек без пэўнага месца жыхарства замест бяздомны, клінінг-менеджар замест уборшчыца, менеджар па лагістыцы замест грузчык
  • Штампы і клішэ, у якія пры частым паўтарэнні ператвараюцца вобразныя выразы, закліканыя павысіць пафаснасць тэксту (доблесная праца, невычарпальная крыніца натхнення, бессмяротны подзвіг, малая радзіма). Многія са штампаў савецкага часу мы і дасюль памятаем і лёгка пазнаём: светлая будучыня, пакарэнне космасу, рашэнні партыі, акулы імперыялізму, гонка ўзбраенняў, гнойныя язвы капіталізму.
  • Інтэрнацыянальная лексіка (урбаністыка, кангламерат, абструкцыя, дыскрымінацыя).
  • Царкоўнаславянізмы, якія трапляюць перадусім у мову афіцыйнай прэсы пад уплывам рускай, дзе яны з’яўляюцца кампанентам так званага высокага стылю (вяшчаць, вузы (братэрства), ісціна, прах, скрыжалі, уладыка, цвярдыня).

 

На словаўтваральным і марфалагічным узроўнях:

  • Вялікая колькасць складаных і складанаскарочаных словаў (самаідэнтыфікацыя, першавобраз, светаўспрыманне, дзяржзаказ).
  • Словы з інтэрнацыянальнымі часткамі / прыстаўкамі (экаежа, квазінавуковы, архіважны, псеўдагістарычны, паназіяцкі).
  • Аддзеяслоўныя назоўнікі (выкарыстанне, паглыбленне, пашырэнне, узаемадзеянне, атрыманне).
  • Словы з суфіксамі –аж (метраж, сабатаж, ажыятаж), -цыj (прафанацыя, рацыя, ізаляцыя), -ізм (гераізм, паразітызм, глабалізм, сексізм).
  • Дзеясловы загаднага ладу (спрабуйма, рабі/ рабіце, чытайце/ чытайма).

 

На сінтаксічным узроўні:

  • Апісальныя канструкцыі, у якіх значэнне дзеяслова-выказніка перадаецца праз апісальнае словазлучэнне “дзеяслоў + назоўнік” (рабіць акцэнт замест акцэнтаваць, аказваць уплыў замест уплываць, ажыццяўляць кантроль замест кантраляваць, прымаць удзел замест удзельнічаць).
  • Рытарычныя пытанні (Хто не любіць Радзіму?! Хто не ганарыцца сваімі продкамі?!).
  • Намінатыўныя сказы (Час Х. Маргіналы. Людзі навукі.).

 

У публіцыстычных тэкстах часта выкарыстоўваюцца як лацінскія прыказкі, прымаўкі і афарызмы, так і іх калькі або народныя адпаведнікі:

 

Novus rex, nova lex. – Новы цар – новы закон; Новы поп, новае і маўленне; Новая мятла чыста мяце.

Homo homini lupus est.Чалавек чалавеку воўк. Быка бойся спераду, а чалавека з усіх бакоў.

Aut Caesar, aut nihil.Альбо Цэзар, альбо нішто. Альбо повен двор, альбо корань вон. Альбо грай, альбо грошы аддай.

Manus manum lavat. – Рука руку мые. Рука руку мые, нага нагу падпірае. Хвалі мяне сёння, а я цябе заўтра.

Festina lente.Спяшайся павольна. Цішэй едзеш – далей будзеш. Ціхім крокам далей зойдзеш. Ідзі ціха, абмінеш ліха.

 

Адной з цікавых асабівасцяў публіцыстычнай мовы пачатку ХХІ ст. з’яўляецца ўплыў постмадэрнізму, пашыранага ў сучаснай мастацкай літаратуры. Гэты ўплыў можа праяўляцца праз так званы інтэртэкст, які праз частковае абыгрыванне вядомых цытат, крылатых выразаў, прымавак далучае чытача да нейкіх культурных набыткаў мінулага і сучаснасці, уносячы кампанент гульні і іроніі. “Добрушскі сіндром” адсылае нас да стакгольмскага сіндрому; 50 адценняў шэрага пра колер менскага снегу, праграма “50 адценняў. Бялова” на НТВ і нават назва артыкула “93 адценні прафанацыі” ў “Белгазеце” – гэта алюзія да скандальна вядомага эратычнага рамана Э.Л. Джэймс, а таксама фільма “50 адценняў шэрага”. Можна прывесці такія загалоўкі артыкулаў: “Любіш вучыцца – любі і грошы плаціць”, “Глядзець ці не глядзець?”, “Піць або не піць?”. Постмадэрнісцкі кампанент разам з вялікай колькасцю інтэрнацыянальнай лексікі прыводзіць да значнай інтэлектуалізацыі сучаснага публіцыстычнага стылю.

 

Заданне:

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Да якіх выслоўяў, цытат, афарызмаў, прыказак і прымавак адсылаюць чытача гэтыя газетныя загалоўкі?

“Нобель раздору”  – *яблык раздору (ст.-грэчаскі фразеалагізм).

“Нобель наш!”  – *Вільня наша!

“НЗ турэмнага маштабу” – *НЗ раённага маштабу.

“Палзком за двума зайцамі”, “Пагоня за трыма зайцамі“– *За двума зайцамі пагонішся – ніводнага не спаймаеш (прымаўка).

“Калі заўтра кірдык” – *радок з песні “Если завтра война, если завтра в поход”.

“Купляй сваё, плаці сваім”, “Грамадзяне бандыты, прадавайце беларускае!” – *рэкламны лозунг “Купляйце беларускае!”

“Жалезам па навуцы” – *назва прапагандысцкага фільма “Плошча. Железом по стеклу”.

“Ён сказаў “Праехалі!” – *цытата з Гагарына “Поехалі!”

“Маечка Пандоры” – *скрынка Пандоры (ст.-грэчаскі фразеалагізм).

“Марудней! Ніжэй! Слабей!” —  *алімпійскі дэвіз “Citius, Altius, Fortius!”, што даслоўна азначае “Хутчэй, вышэй, мацней!”

“Не страляйце ў бармена” – *Не страляйце ў піяніста – ён іграе як умее (“Please do not shoot the pianist. He is doing his best“- фраза, нібыта падгледжаная Оскарам Уайльдам у амерыканским салуне).

“Братэрства пустой каністры” —  *“Братэрства пярсцёнка” (“The Fellowship of the Ring”) – першая кніга трылогіі “Уладар пярсцёнкаў” Дж. Толкіна.

“Наш чалавек у Вільні” – *раман Грэма Грына “Наш чалавек у Гаване” (“Our Man in Havana”).

“У сям’і з адным вырадкам” – *У сям’і не без вырадка (прымаўка).

“Рыхтуй школьную форму летам” – *Рыхтуй сані летам, а калёсы – зімой (прымаўка).

“Карова качцы не таварыш”, “Флікер флікеру не таварыш” – *Гусь свінні не таварыш (прымаўка).

“Час плаціць падаткі”, “Час скарачаць падаткі” – *“Час раскідваць камяні,  і час збіраць камяні” (з Еклезіяста).

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат