Пра курсы
ГАРАДЫ :


29.11.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Прыказкі і прымаўкі

Прыказкі і прымаўкі – гэта мініяцюрныя народныя творы, якія змяшчаюць глыбокі сэнс, заключаны ў надзвычай лаканічную і лёгка запамінальную форму, у тым ліку дзякуючы рыфме. Яны адлюстроўваюць жыццёвую псіхалогію народа, яго рэакцыю на розныя жыццёвыя сітуацыі і назапашаны досвед. Важна, што яны як бы не маюць адзінага адрасата і ў роўнай ступені могуць адносіцца да кожнага.

Паходжанне прыказак і прымавак пакуль не вельмі добра даследавана. Вядома, што гэта адзін з самых старажытных народных жанраў, гісторыя якога налічвае нават не стагоддзі, а тысячагоддзі. Існуюць прыказкі і прымаўкі, агульныя для ўсіх славянаў (Іван Лепешаў у якасці прыклада  прыводзіць такую прыказку: Стары вол баразны не псуе; укр. Стары віл баразны не псуе; пол. Stary wól brzozny nie psuje; рус. Старый конь борозды не портит) ці толькі для ўсходнеславянскіх моваў (Кошцы гулі, а мышцы слёзы; укр. Кішці смішкі, а мішці слёзкі, рус. Кошке игрушки, а мышке слёзки; Зняўшы галаву, па валасах не плачуць; укр.Стявши голову, по волоссям не плачуть;  рус. Снявши голову, по волосам не плачут).

Ёсць вялікая колькасць уласнабеларускіх прыказак і прымавак, што ўзніклі на падставе жыццёвых назіранняў, гістарычных сітуацый, асаблівасцяў нацыянальнага характару  (Рабі пільна, і будзе табе Вільня; Панадзіўся журавель у зялёны канапель; Не адзін Гаўрыла, што ў Полацку).

У мове вылучаецца таксама вялікая колькасць прыказак і прымавак, што уяўляюць сабой калькі іншамоўных выразаў – копіі, створаныя па мадэлі чужой мовы, але з роднага матэрыялу. Да іх можна аднесці біблейскія і класічныя (старажытнагрэчаскія ці лацінскія) прыказкі і прымаўкі (Не хлебам адзіным жыў чалавек; Добрымі намерамі выкладзена дарога ў пекла; Чалавек чалавеку воўк (Homo homini lupus est);  Рука руку мые (Manus manum lavat).

Дарэчы, такія прыказкі і прымаўкі часта маюць шматлікія паралелі ў беларускай мове. Напрыклад, лацінская прыказка Arbor mala, mala mala перакладаецца на беларускую як Благая яблыня – благія яблыкі  і мае наступныя паралелі ў нашай мове: Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі сын; Якое карэнне, такое і насенне; Ад злой маткі злыя дзеткі; Ад дрэннага гругана дрэнныя і яйкі; Ад дурнога куста і дубец крывы, і ягада пуста; Лысая карова лысае цяля прывядзе.

Фіксуюцца таксама і запазычанні з іншых моваў: Цярпі, казак, атаманам будзеш (укр.), Рукапісы не гараць (рус.), Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце (пол.).

Прыказка – устойлівы народны выраз з павучальнай высновай. Уяўляе сабой закончаны сказ і звычайна складаецца з дзвюх частак. Першая ўтрымлівае паведамленне пра нейкую з’яву, асобу, падзею, а другая – выснову-меркаванне адносна гэтага паведамлення: Жонка не рукаво – не адпораш; Рыба ў рацэ, а не ў роце.

Прымаўка – устойлівы народны выраз, які не мае павучальнай высновы. Прымаўка мае незавершаную структуру і звычайна складаецца з адной часткі, але павучальная частка падразумяваецца: Рыба вады не баіцца;  Часам і кляча далёка заскача.

Аднак некаторыя вучоныя лічаць такі падзел штучным і адносным і ўжываюць тэрміны прыказка і прымаўка як дублеты.

Прыказакі і прымаўкі сэнсава часта маюць два планы: літаральны і пераносны: Дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць (у пераносным сэнсе – пра нейкія страты, рэпрэсіі); Пад ляжачы камень вада не цячэ (у пераносным сэнсе — калі нічога не рабіць, то справа не зрушыцца з месца — кажуць, калі хто-небудзь бяздзейнічае, не клапоціцца пра якую-небудзь справу); Бяздонную бочку не напоўніш (Ніяк немагчыма накарміць, напаіць, здаволіць патрэбы чалавека). Прыказкі і прымаўкі таксама могуць ужывацца толькі ў прамым сэнсе (Век жыві, век вучыся; Там добра, дзе нас няма) ці толькі ў пераносным (Пасадзі свінню за стол, яна і ногі на стол).

Прыказкі і прымаўкі часта маюць варыянты, абумоўленыя перадусім іх тэрытарыяльнай распаўсюджанасцю: Крукам носа не дастаць = Шастом носа не дастаць = Колам галавы не дастаць; Баба з возу – каню лягчэй = Баба з калёс – калёсам лягчэй  = Баба з калёс – калёсы як чорт панёс = Баба з калёс – каню свята.

 

Заданні

Каб пабачыць правільны варыянт, вылучыце курсорам вобласць справа.

Завяршыце прыказку/ прымаўку ў рыфму:

Балі ды гулі … ў лапці абулі.

У калгасе добра жыць: … адзін косіць (робіць), сем ляжыць (а як сонца прыпячэ, дык і гэты ўцячэ). 

Грошык такі: … у ім два бакі.

Добрае слаўцо лепш за … піўцо.

Добрая слава ў кошыку ляжыць, а благая … па дарожцы бяжыць.

Не ўсе сабакі кусаюць, …што лаюць.

Скажы адной курыцы, а яна  … усёй вуліцы.

Якое карэнне, … такое і насенне.

Іншых не судзі – … на сябе паглядзі.

Як кажуць не, дык … хочацца ўдвайне.

Без мукі … няма навукі.

Пазнаюць нашу дачку і … ў андарачку.

Моцны статак чарадою, а … людзі грамадою.

Прыйшло махам, … пайшло прахам.

Падбярыце беларускія эквіваленты да рускіх прыказак і прымавак:

Без труда не вытащишь и рыбку из пруда.  Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. = Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. = Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца. = Вады не засіліш не паварушыўшыся, рыбы не зловіш не памачыўшыся. = Па дарозе ідучы, грыбоў не набярэш.

Велика Федора, да дура.  Вырас пад неба, а дурань як трэба. = Байбусам вырас, ды розуму не вынес. = Да званіцы падняўся, а без розуму застаўся. = Рост чалавечы, а розум авечы.

Два сапога пара. – Абое рабое. = Аднаго поля ягады. = На адным сонцы сушыліся. = Адзін чорт маляваў.

В огороде бузина, а в Киеве дядька.  Гэты пра воз, а той пра коз. = Хто пра хату, а хто пра лапату. = Я яму пра абразы, а ён мне пра гарбузы.

Дурака пошлешь, а за ним и сам пойдешь.  Пашлі дурнога, а за ім другога. = Паслаўшы дурнога, за ім пашлі другога. = Пашлі асла, а за ім пасла. = Пайшоў Апанас па квас, дык ні Апанаса, ні кваса. = Пашлі Ціта па сіта  няма сіта, няма Ціта. = Паслалі сабаку па табаку  ані табакі, ані сабакі.

Жизнь прожить  не поле перейти.  Век звекаваць  не пальцам паківаць. = Век зжыць  не мех сшыць. = Жыццё пражыць  не песенку спець. = Жытку пражыць  не люльку выкурыць.

За двумя зайцами погонишься  ни одного не поймаешь.  Хто зашмат жадае, той нічога не мае. = За сем работ бярэцца, а ні адна не ўдаецца. = Хто два зайцы гоніць, ніводнага не здагоніць. = Разам дзвюх сарок за хвост не ўтрымаеш.

Из грязи да в князи.  Як з пана пан, то аддасць валы, а як з мужыка пан, то здзярэ пасталы. = Як з мужыка зробіцца пан, то колам галавы не дастаць. = Не дай Бог з гною пірог, а з мужыка пан. = Не дай Бог свінні рог, а мужыку панства. = Сто коп не грошы, мужык не пан.

Какова пава, такова ей и слава.  Які Рыгорка, такая пра яго й гаворка. = Якая дзеўка, такая ёй і прыпеўка.

Молодец против овец, а против молодца и сам овца.  Зух супраць мух, а супраць зуха і сам муха. = Зух з калом да мух.= Герой з калом да жабы. = Герой бабы старой.

Не плюй в колодец  пригодится воды напиться.  Не плюй у крыніцу: прыйдзеш па вадзіцу. = Не плюй у вадзіцу, давядзецца ж напіцца. = Не плюй у карытца  мо, здарыцца (трапіцца) напіцца. = Прыйдзе каза да ваза (коза да воза).

 

Адгадайце, якія прыказкі/прымаўкі зашыфравала Veragodna:

У сваім ЖЖ блогерка пад нікам Veragodna прапанавала “Нармальна-навуковы фразеалагічны слоўнік”, дзе дала гумарыстычныя навуковыя аналагі агульнавядомых прыказак і прымавак, напрыклад: Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. – Немэтазгоднасць дэпрэсіўных рэакцый на страту керацінавых лускавінак як вытворнай эпідэрміса пры фантомных болях.

Што кажух – то не вата, што чай – то не гарбата. – Прымяненне антынамічных асертарычных меркаванняў для ідэнтыфікацыі прадметаў адзення і трункаў.

Паміраць сабраўся, а жыта сей. – Аксіялагічная значнасць амбівалентнага характару інтэнцый у памежным (тэрмінальным) стане.

Не дай Бог свінні рог, а хаму – панства. – Негатыўныя наступствы заалагічных і сацыякультурных мадыфікацый у кантэксце багаслоўскага дыскурсу.

Каб пабачыць правільны варыянт, вылучыце курсорам вобласць справа:

Неадэкватнае ўспрыняцце хатняй скаціны ў стане змененай свядомасці пад уплывам уздзеяння этылавага спірту на чалавечы арганізм. – П’янаму і козы ў золаце.

Інфернальная сутнасць сустрэчы парытэтных бакоў, абмежаваная локусам з негатыўнай семантыкай. – Пад чорным лесам спаткаўся чорт з бесам.

Дуалістычнае ўспрыманне фларальнымі нябожчыкамі вынікаў лакальнай экзатэрмічнай рэакцыі. – Адзін пень гарэў, другі спіну грэў.

Лятальны зыход як вынік непрафесійна абранай метадалогіі пры касметычнай аперацыі буйной рагатай жывёлы. – Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю.

Ілюзія генных мутацый інсектаў атраду перапончатакрылых і вадаплаўных птушак пад уздзеяннем патрыятычных пачуццяў. – На Беларусі пчолы як гусі.

Эскалацыя зыходзячых ад хатняй жывёлы акустычных эфектаў з дапамогай перасоўвання паветраных мас. – Сабака брэша – вецер носіць.

Сексісцкае пазбаўленне ад лішняга баласту як умова павышэння эфектыўнасці руху гужавога транспарту. – Баба з возу – каню лягчэй.

Пазітыўная перспектыва для архітэктурнага элементу інтэр’ера-экстэр’ера, абумоўленая салярным культам. – Загляне сонца і ў наша ваконца.

Перманентнасць слыхавых галюцынацый, дэтэрмінаваных парушэннем крымінальнага кодэксу ў галіне бязвыплатнага адабрання чужой маёмасці. – Хто парася ўкраў, таму ў вушах пішчыць.

Параўнальна-тыпалагічны аналіз аб’ектаў з парушанай пігментацыяй. – Абое рабое.

Замена антрапаморфнай хтанічнай істоты асобай з выразна акрэсленай гендэрнай роляй для аптымізацыі магічнай дзейнасці. – Дзе чорт не зможа, там бабу пашле.

Выкарыстаны матэрыялы “Шасцімоўнага слоўніка прыказак, прымавак і крылатых слоў” (Мінск, 1993); “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” (укл. Зміцер Санько, Менск, 1991); “Беларускіх народных прыказак і прымавак” (укл. Ф. Янкўскі, Мінск, 1957), ЖЖ Veragodna.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат