Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Пошта

27.05.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Поезд ці цягнік?

Поезд ці цягнік?

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Амаль драматычнай выглядае гісторыя ўжывання словаў поезд і цягнік у нашай мове. Яшчэ беларускі пісьменнік Хвядос Шынклер (1903 – 1942) у 1928 годзе ў часопісе “Узвышша” пісаў, што слову цягнік не шанцуе. Яно з’явілася яшчэ ў дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры ў значэнні ‘поезд’ і вельмі хутка пашырылася ва ўжытку, часта замяняючы слова поезд, якое многімі ўспрымалася як русізм.  Аднак у сярэдзіне 20-х цягнік пачынае ўжывацца таксама ў значэнні ‘паравоз’, бо гэта тое, што цягне  (напр., у Беларуска-расейскім слоўніку Байкова і Некрашэвіча), што, паводле Шынклера, прывяло да пэўнай блытаніны. Сам Шынклер, дарэчы, заклікае да ўжывання слова цягнік, як больш натуральнага для беларускай мовы.

Каб пазбегчы блытаніны, у 30-ыя гады зноў пачынаюць у актыўны ўжытак вяртаць слова поезд, супольнае з рускай мовай. І шыльды 20-ых гадоў “Сьцеражыцеся цягніка” ў 30-ыя мяняюць на “Сьцеражыцеся поезда”.

Аднак слова цягнік усё ж працягвае ўжывацца паралельна са словам поезд. У 1979 годзе на старонках газеты “Звязда” з’явіўся палемічны артыкул Кандрата Крапівы “Ці будзем мы ездзіць па левым баку?”, дзе ён, у тым ліку, крытыкуе ўжыванне слова цягнік замест поезд. Крапіва піша: “…сам поезд з’явіўся значна раней, чым слова цягнік, якое пачалі ўжываць, калі не памыляюся, недзе ў дваццатыя гады. Гэта – калька, утвораная па ўзору польскага поцёнг, чэшскага влак, нямецкага цуг. А слова поезд беларусам не цяжка было засвоіць, бо яно, толькі з іншым націскам (паязд) было ў народнай мове і да з’яўлення чыгункі. Гэта слова мае зборнае значэнне і азначае прылады для язды – калёсы, сані. А яшчэ – вясельны картэж, калі маладыя ехалі да вянца або з вянца. Таму слова поезд лёгка ўвайшло ў літаратурую мову. Дык хто ж мае права, фігуральна кажучы, сцягваць аўтара з поезда і садзіць на цягнік!”

На гэтую заяву акадэміка ў адкрытым лісце «Мова – гоман векавога бору…» адказаў Максім Лужанін (дарэчы, ліст тады так і не быў апублікаваны па рэкамендацыі ідэалагічных цэнзараў).  Лужанін спрачаецца з Крапівой і, перафразуючы ягоны жарт, піша “няма падстаў сілком сцягваць аўтараў з цягніка і ўсаджваць іх змусам на поезд”.

Вяртаючыся да слова поезд, адзначым, што яно мае ўсходнеславянскае паходжанне і ў народнай мове сустракаецца ў варыянце пая́зд у значэнні ‘вясельны картэж’ (у Купалы – “Паязджане”; Ул. Караткевіч,  Зямля пад белымі крыламі”: Пасля конны паязд накiраваўся ў вёску жанiха …;  “Як жэняцца ў Альшанах”, Салідарнасць, 4 снежня 2014: Вясельны  паязд  маладых складаўся з чорных BMW)Паязд таксама сустракаецца і з больш шырокім значэннем  ‘некалькі павозак, саней і пад.’, не абавязкова вясельных (Ул.Караткевіч, “Хрыстос прызямліўся ў гародні”: З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя; “Каласы пад сярпом тваім”: Павольна поўз да Загоршчыны санны паязд.).

Слова цягнік прыйшло ў нашу мову ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў з польскай (ад ciągnik, pociąg), дзе было калькай з нямецкага Zug.

Такім чынам, сёння маем у мове абодва словы: цягнік і поезд. Прычым часта яны ўжываюцца паралельна, як на беларускай чыгунцы. На вакзальных шыльдах сустракаем слова поезд, а на сайце беларускай чыгункі – цягнік.

У метро сустракаем паязды

Аднак можна сцвярджаць, што слова поезд ужываецца сёння ў больш шырокім значэнні, чым цягнік: напр. аўтапоезд, вясельны поезд. А вось калі мы кажам пра чыгуначны транспарт, то ў жывой мове часцей сустракаем слова цягнік.

Ёсць яшчэ і слова рускага паходжання састаў. Адрозненне цягніка ад састава заключаецца ў тым, што цягнік – гэта чыгуначны састаў, якому нададзены нумар, пазначаны галава і хвост, і ён рухаецца з дапамогай лакаматыва і/ці маторнага вагона.

<>

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакладзіце:

Скорый поезд – *хуткі цягнік / скоры цягнік

Почтовый поезд – *паштовы цягнік

Поезд специального назначения – *цягнік спецыяльнага прызначэння

Свадебный поезд – *вясельны поезд

Добавочный поезд – *дадатковы цягнік

Поезд прибыл вовремя – *цягнік прыбыў своечасова

Поезд с грохотом тронулся с места – *цягнік з грукатам зрушыў з месца 

Поезд сошёл с рельсов – *цягнік сышоў з рэек 

Поезд пришёл по расписанию – *цягнік прыйшоў па раскладзе 

Поезд идёт под уклон – *цягнік ідзе з пакату

Автомобильный поезд – *аўтамабільны поезд

Пустить поезд под откос – *пусціць цягнік пад адхон  

Тормозной путь поезда – *тармазны шлях цягніка

Поезд стоит на 2-ом пути – *цягнік стаіць на 2-ой каляіне / 2-ім пуці

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат