Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Хіп-хоп

02.12.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Паходжанне беларускіх імёнаў

Паходжанне беларускіх імёнаў

 

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Ёсць выраз: як карабель назавеш, так ён і паплыве. Гэта перадусім тычыцца чалавека, бо нашыя продкі лічылі, што імя – гэта ключ да жыццёвага поспеху чалавека, яно перадвызначае чалавечы лёс. Нашы продкі верылі ў яго магічную функцыю. У старажытныя часы імя не проста павінна было адрозніваць аднаго чалавека ад астатніх, але таксама абараняла яго ад злых сілаў. Таму ў паганскі перыяд маглі даваць імёны жывёлаў, птушак, раслін, якія ахоўвалі чалавека праз усё жыццё. Існавала таксама старажытная традыцыя першым дзецям у сям’і даваць імёны дзядуляў і бабуляў (нябожчыкаў). А вось паводле жывых сямейнікаў дзяцей не называлі, бо лічылася, што тады ахова з боку святога будзе падзяляцца на дваіх ці нават на траіх (маці Ганна і дачка Ганна; дзед, бацька і сын – Васілі). Захаваўся выраз: “адзін звядзе другога са свету”. Ніколі не давалі дзіцяці імя малога, што памерла. Таксама не прынята было даваць імёны п’яніц, гультаёў, нядобрых людзей, што жылі паблізу, каб дзеці не перанялі іх лёс. Пазней імёны даваліся ў адпаведнісці з хрысціянскіх календаром. Тады святы, у гонар якога называлі дзіця паводле календара, станавіўся ягоным заступнікам.

Самыя старажытныя імёны паганскага перыяду ўтварыліся ад назваў жывёл, птушак, раслін, а таксама ад нейкіх якасцяў чалавека: Воўк, Воўчы Хвост, Тур, Сокал, Дуб, Верас, Рабы, Крывы. Мяркуюць таксама, што гэта маглі быць такія кароткія імёны, як Ціх, Бар, Бор, Яр, Ян, Віт, Юр, Мін і г.д. Пазней з’явіліся складаныя імёны (часта з часткамі –мір, -слаў і інш.): Уладзімір (ад ‘валодць светам, па-старому мірам’), Любамір (ад. ‘любы свету / міру’), Радамір (ад ‘рады свету / міру’), Браніслаў (ад ‘бараніць’ і ‘слава’), Яраслаў (той, хто славіць сонца/святло), Рагвалод (некаторыя мяркуюць, ад ‘уладар рога’, бо сімвалам багацця ў Вялеса быў менавіта рог), Багдан (ад ‘богам дадзены’), Станіслаў (ад ‘стаць слаўным’), Усяслаў (ад ‘уся слава/ слаўны’), Багалеп (ад ‘лепы Богу’) і г.д. Некаторыя старажытныя жаночыя імёны таксама мелі празрыстую ўнутраную форму: Прадслава, Бяроза, Гарыслава, Рута, Забава, Лада, Вера, Надзея, Мілава, Мілавіца, Галіна (некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што гэта грэчаскае імя, аднак ёсць гіпотэза, што гэта таксама магло быць уласным славянскім імем са значэннем ‘бакавы атожылак’ у сям’і). Дарэчы, некалькі мужчынскіх імёнаў дахрысціянскага перыяду пазней былі ўключаны ў святцы (хрысціянскія праваслаўныя календары) і сталі лічыцца кананічнымі хрысціянскімі імёнамі: Уладзімір, Яраслаў, Вячаслаў, Мсціслаў, Расціслаў і Святаслаў.

Пасля прыняцца хрысціянства частка з гэтых імёнаў паступова пачала страчваць свае пазіцыі. Аднак многія з іх захавался як першыя імёны, якія давалі дзецям да хрышчэння, у той час як другім іменем станавілася імя са святцаў. Такім чынам, дзіця набывала яшчэ  і заступніка з ліку хрысціянскіх святых (напрыклад, князь Рагвалод меў і другое – хрысціянскае – імя Васіль). Цікавым феноменам, як адзначае В.Супрун, у першыя пару стагоддзяў пасля прыняцця хрысціянства стала эвалюцыя некаторых старажытных кароткіх паганскіх імёнаў пад уплывам хрысціянскіх, збліжэнне з імі: Ціх-ан, Бар-ыс, Юр-ы і г.д.

У хрысціянскія часы да нас прыйшло шмат грэчаскіх, лацінскіх, габрэйскіх і іншых старажытных імёнаў. Сёння яны для нас практычна страцілі сваю матывацыю, якую можна аднавіць толькі па слоўніках. Так, лічыцца, што з грэчаскай прыйшлі Афанасій/ Апанас –“несмяротны”, Андрэй – “мужны, храбры”, Васіль – “царскі”, Яўген – “высакародны”, Алена – “светлая”, Пётр – “цвёрды, камень”, Ірына – “мірная, спакойная” і інш. З лацінскай — Юлія – “народжаная ў ліпені”, Марына – “марская”, Усцін – “справядлівы”, Віктар – “пераможца” і інш. Да старагабрэйскіх адносяць, напрыклад, імёны Адам (ад “створаны з чырвонай гліны”), Гаўрыла (ад “мужчына, бог”), Іван (ад “Яхвэ злітаваўся”), Лазар (ад “бог мне дапамог”), Марыя (ад габрэйскага імені Марыям), Рабека/ Рэвека, Ганна і інш.

З часоў Вялікага Княства Літоўскага прыйшлі таксама імёны балцкага паходжання, такія як Доўнар, Гінтаўт, магчыма Вітаўт.

У беларускай мове таксама фіксуюцца імёны скандынаўскага паходжання: той самы Рагвалод некаторымі навукоўцамі выводзіцца са шведскага Ragnvald, а Рагнеда – з Ragnheiðr, Альгерд і інш.

Большасць з запазычаных імёнаў у беларускай мове адаптаваліся і фактычна набылі свае разнастайныя народныя варыянты.

  1. Гук ф замяняўся на гукі х, хв, п, т: Феодор – Хведар, Тодар.
  2. Гук н замянаўся на м: Николай- Мікалай, Мікола.
  3. Спалучэнні галосных іе, іоа, іа, ео спрашчаліся: Иаков – Якаў.
  4. Адбывалася ўсячэнне канцавых –ый, -ций: Лаврентий – Лаўрэн.
  5. З’яўляўся ўстаўны в паміж галосных: Тадэуш – Тадэвуш.
  6. З’яўляліся прыстаўныя зычныя і галосныя на пачатку імені: Ольга – Вольга, Вальжына, Ксения — Аксіня.
  7. Усякаўся пачатковы ненаціскны галосны гук: Екацярына – Кацярына.
  8. З’яўляўся гук а ў канцы імёнаў, што заканчваюцца на зычны: Гаўрыл – Гаўрыла.

Яшчэ адной цікавай рысай беларускага народнага іменніка з’яўляеца тое, што шмат якія мужчынскія імёны маюць жаночы варыянт (нашмат часцей, чым, для прыкладу, у расейскай мове): Дамінік — Дамініка, Сцяпан – Сцепаніда, Міхал – Міхаліна, Казімір –Казіміра, Васіль – Васіліна, Ян – Яніна, Павел – Паўліна.

У ХVII- XVIII стагоддзях і нават яшчэ ў ХІХ стагодзі на беларускія імёны ўплываў працэс паланізацыі: Юзаф стаў ужывацца часцей за Язэп, Мі́хал – часцей за Міхась, Барбара часцей за Варвару, Стэфан часцей за Сцяпана, распаўсюдзіліся імёны Ванда, Дамініка, Ядвіга, Зыгмунд і пад.

У савецкі час афіцыйны распаўсюд атрымалі праваслаўныя кананічныя імёны, пашыраныя ў рускай мове: Юрый замест Юрась, Вікенцій замест Вінцэнт ці Вінцук, Пётр замест Пятрусь, Пятро, Пятрок, Аляксандр і Аляксандра замест Алесь і Алеся. Дарэчы, замест беларускага Алеся, якое лічылася гутарковай, бытавой, “хатняй” формай імені Аляксандра, таксама маглі прапанаваць украінскае Олеся (у рускім варыянце). Тое ж самае тычылая і астатніх беларускіх формаў імёнаў. Аднак пры гэтым з’явілася мода на так званыя “савецкія” імёны кшталту Індустрыялізацыя, Канстытуцыя, Вілен (Уладзімір Ільіч Ленін), Турбіна, Трактар, Дзізель, Нінель (Ленін наадварот)… Уладзімір Арлоў у сваім эсэ “Незалежнасць – гэта…” пісаў: «Незалежнасць — гэта калi твой бацька пойдзе ў загс, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзiўся i што цябе назвалi ў гонар дзеда Рыгорам, i кабета, якая сядзiць там, спакойна выпiша яму гэты дакумент, а не выцягне са стала «Справочник личных имен народов СССР» i не будзе, размахваючы iм, iстэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой цi нават Мамаем, а вось Рыгорам — не можа, бо такога iмя проста не icнye ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий)».

У канцы ХХ стагоддзя, калі на блакітныя экраны тэлевізараў выйшлі шматлікія “мыльныя оперы” лацінаамерыканскага і амерыканскага паходжання, з’явілася мода на замежныя імёны кшталту Хуан, Джон, Леапольд, Джулія, Сільвія, Ісабэль, якія асабліва камічна выглядалі ў спалучэнні з беларускімі імёнамі па бацьку і прозвішчамі: Ісабэль Іванаўна Заяц, Джон Сямёнавіч Лапата J

На шчасце, у апошняе дзесяцігоддзе акрэслілася тэндэнцыя да вяртання ўласна беларускіх імёнаў, запісаць якія ў ЗАГСе стала прасцей, чым да таго.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Знайдзіце беларускія варыянты наступных кананічных імёнаў з улікам фанетычных працэсаў:

Филимон – *Халімон

Трофим – *Трахім

Родион – *Радзівон

Даниил – *Даніла

Афанасий – *Апанас, Панас

Феодор – *Фёдар, Тодар, Хведар

Лаврентий – *Лаўрэн

Никодим – *Мікадзімі

Дарья – *Адар’я, Адарка

Василий – *Васіль, Базыль

Елизавета – *Лізавета

Иосиф – *Язэп, Юзік, Восіп

Ксения – *Аксеня, Аксіня

Фёкла – *Тэкля

Филипп – *Піліп

Знайдзіце магчымыя адпаведнікі беларускаму імені ў іншых славянскіх і неславянскіх мовах:

Iван, Ян – *Хуан (у Гішпанii), Iаган, Ханс/ Ганс (у Нямеччыне), Джон (у Англii, Канадзе, ЗША, Аўстралii), Джаванi (у Iталii), Вано (у Грузii), Ён (у Швецыі), Юка (у Фінляндыі), Янош (у Венгрыі), Ёнас (у Літве), Януш, Ян (у Польшчы).

Mixacь, Міха́л  – *Міхаіл (у Расіі), Мыхайла(о) (ва Украіне), Мiшэль (у Францыі), Мiкеле (у Італіі), Мiгель (у Гішпаніі), Мiгел (у Партугаліі), Мiхель (у Нямеччыне), Майкл (у англамоўных краінах), Мікаэль (у Швецыі), Міка (у Фінляндыі), Мі́хай ( у Венгрыі), Міха́й (у Румыніі), Мі́хал (у Польшчы).

Павел, Павал  – *Поль (у Францыі), — Паоло (у Італіі), Пабло (у Гішпаніі), Паўлу (у Партугаліі), Пауль (у Нямеччыне), Пол (у англамоўных краінах), Паўлюс (у Літве), Павле (у Сербіі), Павло (ва Украіне), Паавалі (у Фінляндыі).

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат