Парадкавыя лічэбнікі
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Парадкавыя лічэбнікі ўтвараюцца ад колькасных і абазначаюць парадак прадметаў пры лічэнні. Звычайна спалучаюцца з канкрэтнымі назоўнікамі (шосты трамвай, трыццаць пяты дом). Але ёсць выпадкі, калі некаторыя парадкавыя лічэбнікі першы, другі, трэці і інш. спалучаюцца з абстрактнымі назоўнікамі і ў такім выпадку набываюць пераноснае значэнне і набліжаюцца да якасных прыметнікааў: другі гатунак, першае каханне, быць на трэцім плане, на другіх ролях.
Парадкавыя лічэбнікі могуць быць простымі (першы, пяты, дзявяты), складанымі (дваццаты, шасцідзясяты) і састаўнымі, у якіх усе часткі пішуцца асобна (трыста дваццаць першы, тысяча дзевяцьсот дзевяноста пяты). Простыя і складаныя парадкавыя лічэбнікі скланаюцца на ўзор прыметнікаў: трэці, трэцяга, трэцяму, трэцім, на трэцім. Састаўныя лічэбнікі больш звязаныя з колькаснымі лічэбнікамі і ў іх значэнне парадкавасці набывае толькі апошняе слова, якое скланяецца на ўзор прыметніка: тысяча трыццаць шосты, тысяча трыццаць шостага, тысяча трыццаць шостаму, тысяча трыццаць шостым, у тысяча трыццаць шостым. На гэта варта звярнуць асаблівую ўвагу, бо частыя памылкі ва ўжыванні абумоўленыя менавіта спробай скланяць кожную частку парадкавага лічэбніка.
Калі парадкавы лічэбнік ў канцы мае частку -дзясяты, -соты, -тысячны, -мільённы, -мільярдны, яны пішуцца ў адно слова, незалежна ад таго, колькі лічэбнікаў маюць у сваім складзе. Запомніце, што ў такіх формах усе часткі звычайна маюць форму роднага склону: пяцісоты, трохтысячны, дваццацісямімільённы.
Калі ў канцы складанага прыметніка, утворанага ад лічэбніка, маецца частка -метровы, -кіламетровы, -літровы, -грамовы, -павярховы, -гадовы і пад., такія словы пішуцца разам і лічэбнікі ў іх складзе таксама маюць форму роднага склону: пяцілітровы, пятнаццаціпавярховы, дваццацісямікілаграмовы. Дарэчы, калі ў склад прыметніка ўваходзіць парадкавы лічэбнік, вышэйшы за тысячу, назва першага ліку застаецца нязменнай, а ўсе астатнія часткі ставяцца ў родным склоне: трытысячыпяцісоткіламетровая адлегласць, шэсцьмільёнаўтрыстагадовы.
Парадкавыя лічэбнікі могуць перадавацца лічбамі ў спалучэнні з літарамі: 25-ы, на 10-м км, 31-га, 10-мільённы, 18-мільярдны, 6-ы дзень, на 278-м кіламетры, 500-ы чалавек. Прыблізны лік звычайна перадаем наступным чынам: 20 – 30-я гады.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Запішыце словамі:
80-ы – *васьмідзясяты
у 349-м – *у трыста сорак дзявятым
25-павярховы – *дваццаціпяціпавярховы
865-тысячны – *васьмісотшасцідзесяціпяцітысячны
1501-ы – *тысяча пяцьсот першы
9-мільярдны – *дзевяцімільярдны
268-мільённы – *двухсотпяцідзесяцівасьмімільённы
У 1013 г. – *у (адна) тысяча трынаццатым годзе
2483-кіламетровы – *дзветысячытрохсотвасьмідзесяцітрохкіламетровы
з 700-ой (кнігай) – *з сямісотай
356-я (старонка) – *трыста пяцьдзясят шостая
819000-га – *васьмісотдзевятнаццацітысячнага
Устаўце патрэбны парадкавы лічэбнік і вызначыце значэнне фразеалагізмаў:
Іграць … скрыпку – *Іграць першую скрыпку (займаць галоўнае становішча ў чым-небудзь) і іграць другую скрыпку (займаць падпарадкаванае становішча)
Аддаць у … рукі – *Аддаць у трэція рукі (чужым людзям)
… вада на кісялі – *Дзясятая (сёмая) вада на кісялі (вельмі далёкі сваяк)
… ластаўка – *Першая ластаўка (самы першы або самы ранні сярод падобных)
Да … поту – *Да дзясятага (сёмага) поту (працаваць да поўный знямогі)
За … гарой – *За дзясятай гарой (вельмі далёка)
… праз … – *Пятае праз дзясятае (непаслядоўна, бязладна, прапускаючы дэталі)
… маладосць – *Другая маладосць (прыліў новых сіл у пажылыя гады)
Да … пеўняў – *Да другіх (трэціх) пеўняў (доўга, позна)
… дыханне – *Другое дыханне (новыя сілы, прыліў энергіі)
…-лепшы – *Першы-лепшы (любы чалавек)
Не … год замужам – *Не першы год замужам (дасведчаны)
Як … кола ў возе / Як сабаку … нага – *Як пятае кола ў возе / Як сабаку пятая нага (непатрэбны)
… спіца ў коле – *Дзясятая (сёмая) спіца ў коле (той, хто не мае ўплыву, не адыграе сур’ёзнай ролі)
… калона – *Пятая калона (варожая агентура)
<>