Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Аўтаспын

16.01.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Не будзь залежным ці не будзь залежны?

Канструкцыі “дзеяслоў + прыметнік” у беларускай мове.

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Ёсць выдатны ролік “Псіхааналітык”, зроблены ў 2014 годзе студыяй ZVONKA, які заканчваецца словамі “Не будзь залежным”. Глеб Лабадзенка ў сваім блогу ў каментары да роліка піша: “Не будзь залежны ад рускай мовы!” Дык як трэба казаць? Ці ўсё ж абодва варыянты правільныя? Акадэмічная “Беларуская граматыка” не дае адказу на гэта пытанне, толькі сцвярджае, што “залежныя словы (прыметнікі – аўт.) у гэтых словазлучэннях звычайна маюць форму назоўнага або творнага склону”. А калі назоўнага і калі творнага – здагадайцеся самі :)

А як было, напрыклад, у народнай творчасці? У прыказках і прымаўках знаходзім:

Калі да цябе не п’юць, дык і не кажы “Здароў будзь!”

Ну гуляй у карты – не будзь упарты.

Не будзь ласы на чужыя каўбасы.

Не будзь горкі – праклянуць, не будзь салодкі – пракаўтнуць (варыянты: Будзеш горкі – праплююць, а салодкі – праглынуць; Не будзь салодкі, бо пераліжуць, не будзь горкі, бо пераплююць; Не будзь ні горак, ні салодак).

Таксама і старадаўнія традыцыйныя формы этыкету (зычэнні, павучэнні) маюць у сваім складзе звычайна або кароткія формы прыметнікаў (Бывайце здаровы! Бывайце багаты!), або поўныя формы ў назоўным склоне (Каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі і на нас не забываліся! Заставайцеся здаровыя! Расціце вялікія!) Дарэчы, у такіх выразах сёння кароткія формы прыметнікаў усё часцей выцясняюцца поўнымі формамі ў назоўным склоне, што адпавядае агульнай моўнай тэнднцыі пазбягання кароткіх формаў.

У якасці пэўнай падказкі можна выкарыстоўваць карэляцыю паміж гэтымі канструкцыямі ў рускай і беларускай мовах. Калі ў рускай ужытыя кароткія формы прыметніка (будь добр, будьте добры), у сучаснай беларускай звычайна ім будуць адпавядаць поўныя формы прыметніка ў назоўным склоне (будзь ласкавы, будзьце ласкавыя).

Часцей за ўсё, калі мы маем формы дзеяслова буду, будзеш, будзе, быў і інш., прыметнік будзе пры іх ужывацца ў назоўным склоне: “Будзь цвёрды!” (Якуб Колас), “Дружа, не будзь да аблудных бязлітасна строгі” (Ніл Гілевіч), “Будзь удзячны” (Алесь Казека), “Набывайце, людзі, вопыт негатыўны. Той, хто не набудзе, будзе дэфектыўны.” (Віктар Жыбуль); “Авен. Будзьце лёгкія на ўздым, актыўныя і больш нецярплівыя, чым звычайна” (“Звязда”, гараскоп). Аднак у Янкі Купалы сустракаем: “Будзь смелым!” (верш 1912 года, пакладзены на музыку і выкананы “Brutto”) ці ў Караткевіча “Будзь шчаслівай, рака!”

Такім чынам, бачым, што формы назоўнага і творнага склону могуць быць варыянтныя (або варыянтнымі :)) Відаць, у роліку “Чарга. Не будзь абыявавым праваабарончай арганізацыі “Вясна” абсалютна правамоцна было б напісаць і “Чарга. Не будзь абыякавы.” Менавіта такія канструкцыі (дзеяслоў + прыметнік у назоўным склоне) у сучаснай мове становяцца ўсё больш ужывальнымі, бо канструкцыі з творным склонам прыметніка моўцам часта ўспрымаюцца як русізмы і таму з’яўляюцца непажаданымі. Аднак, на нашу думку, тут не самае галоўнае, каб было не так, як па-руску, а найважнейшую ролю павінна адыграваць менавіта адчуванне мовы.

Пры дзеясловах жа стаяць, лічыцца, рабіцца, прыехаць, прыйсці і інш., як адзначае Алесь Каўрус, часцей за ўсё ў сучаснай мове ўжываюцца прыметнікі ў творным склоне (Спадзяюся, што новы футбольны сезон стане паспяховым; Гэтыя іспыты лічацца складанымі; “Набірайся сілы, папраўляйся, прыязджай здаровым.” (Я. Колас). Аднак і тут з мэтай пазбегчы немілагучнасці, можа, па сцвярджэнні Алеся Каўруса, ужывацца форма назоўнага склону прыметніка, цытуючы Алега Трусава: “Было б добра, каб імёны гэтых асоб сталі вядомыя шырокай грамадскасці (замест сталі вядомымі).

Такім чынам, можна сцвярджаць, што ў сучаснай моўнай практыцы ўсё большую папулярнасць набываюць канструкцыі “дзеслоў + прыметнік у назоўным склоне”, аднак у шэрагу выпадкаў ужываюцца таксама (а часам яны больш натуральныя ці нават адзіна магчымыя) канструкцыі з творным склонам. Так што ў вялікім шэрагу выпадкаў вырашаць вам! Паўтаруся, што ў гэтым плане на першае месца выходзіць не правіла, якое, як вы бачыце, выглядае хутчэй як акрэсленне пэўнай тэндэнцыі, а менавіта валоданне мовай. А мова жыве, пакуль кожны носьбіт мае права і магчымасць найбольш з ягонага погляду дакладна выказаць сваю думку. Так што будзьце творчымі/ творчыя ў сваіх выказваннях!

Ва ўроку выкарыстаны матэрыялы з артыкула “Будзем уважлівыя: Яшчэ крыху пра выказнік” Алеся Каўруса)

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакладзіце наступныя канструкцыі:

Люби и будь счастлив! – *Кахай/любі і будзь шчаслівы!

Будь лучшим! – *Будзь найлепшы! (Будзь найлепшым!)

Стань успешной! – *Стань паспяховай!

Будь внимателен на дороге! – *Будзь уважлівы/пільны на дарозе!

Будь готов! – *Будзь гатовы!

Будь благословенен! – *Будзь дабраслаўлёны/ бласлаўлёны/блаславёны!

Будьте ответственными! – *Будзьце адказныя! (Будзьце адказнымі!)

Будь благодарна! – *Будзь удзячная!

Возвращайся здоровым! – *Вяртайся здаровым! (Вяртайся здаровы!)

Будь сильным! – *Будзь дужы! Будзь моцны! (Будзь дужым! Будзь моцным!)

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат