Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Чэхія

03.03.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Моватворчая практыка Яна Станкевіча

Моватворчая практыка Яна Станкевіча

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Ян Станкевіч (1891, в. Арляняты  Ашмянскага павета — 1976, псеўданім Брачыслаў Скарыніч) — беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Карлаў універсітэт у Празе, дзе атрымаў ступень доктара славянскай філалогіі і гісторыі (1926). Дарэчы, там ён пабраўся з чэшкай Марыяй Новак. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім універсітэце (1928-1932) і Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1927—1940). Друкаваўся ў часопісе «Крывіч», заходнебеларускіх выданнях.

Я. Станкевіч быў паслом Сейму Польшчы (1928-1930). Як палітык з’яўляўся прыхільнікам польска-беларускага збліжэння. У 1940 Янка Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасці Беларускага камітэта. Я. Станкевіч супрацоўнічаў з В. Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падполлем, стварыў канспірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасці з’яўлялася адбудова беларускай дзяржаўнасці ў апоры на Польшчу.

З восені 1941 Я. Станкевіч жыў у Менску, куды перамясціўся і ЦК ПБН, нядоўга працаваў у школьным аддзеле Менскай управы. Станкевіч быў членам Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства. Выкладаў гісторыю Беларусі ў падафіцэрскай школе паліцыі ў Менску. За гэта савецкімі ўладамі быў прызнаны здраднікам і калабарантам, яго імя фактычна не ўзгадвалася ў афіцыйным мовазнаўстве (найбольш глыбока моватворчую дзейнасць Янкі Станкевіча даследаваў Юрась Бушлякоў, які прысвеціў гэтай тэме сваю дысертацыю).

З 1944 Я. Станкевіч апынуўся на эміграцыі. У Германіі ён аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства. З 1949 Я. Станкевіч жыў у ЗША, удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, выдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Ёрк) і інш.

Ян Станкевіч выдаў каля 40 кніг і блізу 100 артыкулаў па беларускім мовазнаўстве, гісторыі і гісторыяграфіі, транслітараваў кірыліцай Кітаб Луцкевіча, пісаны арабскімі літарамі, пераклаў на беларускую мову Біблію, падрыхтаваў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» (выдадзены ў 1990).

(Інфармацыя ўзятая з вікікрыніцаў)

Ян Станкевіч у сваіх спробах нармалізацыі беларускай мовы прытрымліваўся скрайніх пурыстычных поглядаў, уводзячы вялікую колькасць наватвораў, дыялектных і вузка дыялектых словаў, а таксама вяртаючы архаічную лексіку. Ён сцвярджаў, што нацыянальная мова мусіць стварацца не толькі з выкарыстаннем матэрялу сучасных беларускіх гаворак, але і здабыткаў старабеларускай мовы, каб пазбыцца каланізацыйных напластаванняў і вярнуцца да свайго натуральнага аблічча. Такім чынам, Станкевіч імкнуўся да ў пэўным сэнсе ўтапічнай ідэі “чыстай”, “ідэальнай” беларускай мовы, вольнай ад усіх чужародных элементаў. Ва многім гэта прывяло да пазіцыі скрайняга моўна-пурыстычнага радыкалізму, пад уплывам якога былі адрынутыя не толькі русізмы (сапраўды не патрэбныя нашай мове), але часта і шмат якія запазычанні з іншых моваў (польскай, нямецкай, лацінскай), што ўжо адаптаваліся мовай і носьбітамі ўспрымаюцца як свае. (моўная інжынерыя – Юрась Пацюпа) Таму адна з найбольшых праблемаў пурызму Станкевіча і частая прычына яго непрымання як прадстаўнікамі беларускай дыяспары, так і спецыялістамі ў нашай краіне палягае ў адмаўленні ад вялікага пласту гістарычна-культурных моўных набыткаў.

З іншага боку, вучоны як непрымірымы змагар з русіфікацыяй і саветызацыяй беларускай мовы зрабіў значную працу, слушна прапанаваўшы варыянты замены непажаданых русізмаў. Вялізнай заслугай Яна Станкевіча можна лічыць грунтоўную працу па збіранні і вывучэнні лексічных скарбаў беларускай мовы, а таксама спробы вяртання некаторых старых беларускіх словаў у актыўны ўжытак. Можна ўзгадаць, напрыклад, словы спадар і спадарыня, якія мы сёння актыўна выкарыстоўвае менавіта дзякуючы Янку Станкевічу.

Ну а даследчык спадчыны Юрась Бушлякоў, падкрэсліваючы значэнне моватворчай дзейнасці Яна Станкевіча, сцвярджаў, што “выступіўшы, такім чынам, супраць рэалізоўванай савецкай акадэмічнай навукаю лініі моўнага разьвіцьця, вучоны змог распрацаваць комплексную нармалізацыйную альтэрнатыву, засьведчыўшы гэтым вялікі й да сёньняшняга дня актуальны патэнцыял творчага беларускага мовазнаўства.” 

Узгадаем некаторыя моватворчыя прапановы Янкі Станкевіча:

Дарэчы, Янка Станкевіч жорстка размяжоўваў тэрміны язык і мова. Язык, паводле Станкевіча, ужываецца для абазначэння асобнай лінгвістычный цэласці (беларускі язык), мова – для індывідуальнай мовы (мова Купалы), мова нейкай супольнасці (мова мяшчан, рамеснікаў), мясцовасці (менская, віленская).

У «Беларуска-расійскім (Вялікалітоўска-расійскім) слоўніку» Станкевічавы варыянт алфавіту (абэцэды) мае 35 літар і наступны парадак іх размяшчэння: о, а, э, б, ґ, г, х, д, е, ё, я, дз, дж, з, ж, і, й, к, л, м, н, ф, п, р, с, ш, т, в, у, ў, ь, ц, ч, ы, ю. Вучоны прапаноўваў увесці спецыяльную літару для перадачы выбухнога г, што захоўваецца ў “кніжных” запазычаннях – Ґ, ґ (ґазэта, ґанак, ґлёбус). Дарэчы, у слоўніку больш за 100 лексем, уключна з грэцызмамі, лацінізмамі, германізмамі, якія пішуцца з выбухным г.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Пашукайце ўжывальныя сёння адпаведнікі словаў з «Беларуска-расійскага (Вялікалітоўска-расійскага) слоўніка»:

Антонаў агонь – *гангрэна

Бражджоўніца – *грымучая змяя

Худамэнт – *фундамент

Дубавецьце – *лухта, драбяза

Дзя́ка – *падзяка

Заходзец – *чужы чалавек, прышэлец, прыблуда

Засьня – *абажур

Какалуша – *чаромха

Какаўка – *задніца

Кісьля – *кіслата

Крапчыня́ – *моц, мацунак

Кругабег – *перыяд

Ляжачая маёмасць – *нерухомасць

Лятун, лятуха – *лётчык, лётчыца

Судзейнік – *каэфіцыент

Порца – *порцыя

Паходня – *дыванок на падлогу

Па́рась – *імжа, дробная раса, якая падае

Прадаўнік з торгу – *аўкцыяніст

Рожавы – *ружовы

Жыцьцявая роўня – *узровень жыцця

Рошча – *расліннасць

Салодкая грызь – *лакрыца

Саладоўнік – *кандытар

Самагук і сугук – *галосны і зычны гукі

Спакмень – *прадмет, аб’ект

Шчупаком – *навобмацак, вобмацкам

Вопратня – *гардэроб, распранальня

Адцеміць – *адзначыць

Аляндарка – *арандатарка

Дойліда – *архітэктар

<>

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат