Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Беларуская магія

24.03.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Мова замоваў

Мова замоваў

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Замовы (шэпты, шаптанні, словы, малітвы, чары, замаўлянні, нагаворы) – спецыфічны фальклорны жанр, які мае асаблівую структуру і ўяўляе сабой вербальнае пажаданне, якое абавязкова павінна здзейсніцца. Згодна з даследаваннямі, замовы адносяцца да найбольш старажытнай народнай тэкставай спадчыны. Паводле сваёй задачы замовы падзяляюцца на:

Цікава, што замова – звычайна не проста нейкі магічны тэкст. Ён часта суправаджаецца рознымі сімвалічнымі дзеяннямі. Людзі, прамаўляючы тэкст замовы-заклінання могуць сплёўваць тры разы праз левае плячо, сыпаць соль, хрысціцца, крэсліць магічныя колы, выкочваць хваробу хлебным мякішам або вымяраць яе (цела хворага вымяраюць льняной ніткай ад сустава да сустава, у кожным месцы завязваючы вузельчык) і г.д.

Спынімся менавіта не моўнай арганізацыі замоваў. Вядома, што ў народнай культуры слова мае вялізнае значэнне. Гэта не проста цэтлік, які навешваецца на нейкі прадмет. Дзякуючы сваёй бінарнай – двайной – структуры яно з’яўляецца тым звяном, што звязвае паміж сабой матэрыяльны, прадметны і духоўны бакі свету. Нашы продкі верылі, што, дзякуючы гэтаму, слова валодае магічнай функцыяй і яго можна выкарыстоўваць для свядомага ўздзеяння на навакольны свет. І на матэрыяле замоваў гэта асабліва бачна.

Адным з такіх мастацкіх сродкаў можна назваць разнастайныя паўторы. Яны дапамагаюць успрымаць замовы на слых, звязваючы паміж сабой часткі тэксту,  і пэўным чынам служаць для нагнятання атмасферы, увядзення ў транс: пайду з дзвярэй у дзверы, з варот у варата… Або, напрыклад, у замове ад хваробы: Стаццё вадзяное, стаццё земляное, стаццё ветравое, стаццё агнявое; земляное ў зямлю, а вадзяное ў ваду, а агнявое на ‘гонь, а ветраное на вецер… Часта сама замова паўтараецца 3 разы: На любоў ламаю дубіну, штоб хлопцы любілі; на любоў ламаю дубіну, штоб хлопцы любілі; на любоў ламаю дубіну, штоб хлопцы любілі.

Сюды ж можна аднесці тыповыя для фальклору паўторы кшталту зямля-зямліца, зоры-зараніцы, ваўчок-ваўчышча. Увогуле, яшчэ адной асаблівасцю замоваў можна лічыць парныя спалучэнні, пры якіх звычайна аб’ядноўваюцца ў адно некалькі значэнняў, што дапаўняюць адно адно: скула-рожа, раба-баба, мёд-віно, сыр-бор, хлеб-соль. Часам другое слова можа проста не мець ніякага значэння і ўжывацца для рыфмы: крыксы-варыксы. Такі прыём служыць для ўзмацнення значэння, а таксама, магчыма, выконвае сугестыўную функцыю.

Да паўтораў прымыкаюць таксама ланцужкі сінонімаў (На небе ёсць тры зарніцы, яны ўсе тры сястрыцы: адна прывара, друга прынуда, трэйця прысуша. То прывара прыварыла, прынуда прынудзіла, прысуша прысушыла раба божага…) і таўталагічныя канструкцыі, якія прыцягваюць асаблівую ўвагу да аб’екта: ні дзень дняваць, ні ноч начаваць; замок замкну.

Асаблівасцю з’яўляюцца і шматлікія пералічэнні якія, з аднаго боку, узмацняюць сілу слова, а з іншага боку, з розных бакоў апісваюць некае дзеянне або прадмет: на мхі, на балоты, на ніцыя лозы, на крутыя горы, на жоўтае карэнне, на белае каменне… Трэба ўзгадаць таксама параўнанні,  на якіх часта будуюцца замовы: Штоб ён мяне так любіў і жылеў, як маці малое дзіця. Шырокі распаўсюд маюць і так званыя адмоўныя параўнанні: Як дню без краснага солнышка не буваць, a ночы без яснай зары… так раба божая … не можа ні жыць, ні гуляць без … Як ніхто не можэць уняць ні грома, ні малонні, ні вострыя стралы, так ніхто не можэць уняць і мяне, раба божага стралца, і маю ружыну-ружніцу і булат-зялеза.

Як бачна, у замовах ужываецца вялікая колькасць эпітэтаў, якія надаюць тэксту вялікую вобразнасць: …узыду я на крутую гару і гляну пад красну зару – там стаіць медны дом і залатая аграда, і сярэбраныя вароты. Усерадзі таго дома ляжыць белы камень, на том белым камні сядзіць стары дзеду – шалны цар, сіні агонь раскладаець і кала яго сілны агонь шыбаець. Могуць сустракацца таксама скразныя эпітэты, якія шматкроць паўтараюцца ў тэксце замовы: Ехаў Касьцянцін на красным кані ў красным жупані, у красных чаботах, у красных нагавіцах і ў краснай шапцы… Як у любым фальклорным творы, у замовах вялікая колькасць словаў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі: старэнькі старычок, залаты цапочак, чырвоны пясочак, родненька сястрыца, залатнічок-панічок.

Для замоваў характэрныя шматлікія звароткі, як, напрыклад, у замове на нараджэнне дзіцяці: Вы, замочкі, адмыкайцеся, царскія вароты, адчыняйцеся… Гара, разайдзіся, камень, раскаціся, жалеза, растапіся, шкло, разбіся, вада, разліся, дубок, развейся, маладзенец-маладзенка, на гэты свет з’явіцеся! Трэба азначыць таксама значную колькасць дзеясловаў, ужытых у форме загаднага ладу, што дыктуецца самім зместам і функцыяй замоваў. Як мы бачым у папярэдняй замове, гэты загад можа быць адрасаваны не толькі чалавеку, бытавым і свяшчэнным прадметам, а і самой прыродзе. Або, напрыклад, замова супраць злой долі, якая прамаўлялася шаптуном загадным цвёрдым тонам: Каціся клубком, доля злая, надобрая, разлучніца, каціся, не цягніся, ля парога не круціся, за ганак не чапляйся, на варотах не вісні! Мае словы моцныя. Хто маё слова парушыць, то будзе яму ліха, нядобра.

Для замоваў характэрная вялікая колькасць метафар і так званых персаніфікацый,  напрыклад, скулу маглі называць краснай дзявіцай, каўтун – добрым чалавекам, ліхаманку – цёткай, жанчынай, сястрой.

Паколькі тэксты замоваў надзвычай старажытныя і часта прасякнутыя біблейскімі матывамі, у іх часта сустракаюцца адаптаваныя на народны манер іншамоўныя назвы і імёны: Ярдан, Рдань – рака Іардан; Сіянь-гара, Сіяньскае мора  – Сіён, Сіёнская гара; Вадам – Адам; Анопрый – Ануфрый.

Варта адзначыць таксама неверагодную шматслоўнасць і квяцістасць тэкстаў замоваў, іх моўнае багацце, але пры гэтым жорсткую структуру, а таксама  наяўнасць у іх шматлікіх формул і клішэ, што робіць іх у моўным і літаратурным аспекце вельмі адметным: Госпаду Богу памалюся, Божай мацеры пакланюся.; На моры, на кіяні стаіць дуб…;  Першым разам, добрым часам… (зачын);  Другім разочкам, лепшым часочкам…; Хух, святэй дух.; Бог з помаччу, я з словам. Амінь (канцоўка).

Наяўнасць у замовах унутранага рытму  і ў некаторых выпадках рыфмы аб’ядноўвае іх з паэтычнымі творамі. Аднак рытм і рыфма выконваюць тут не столькі эстэтычную функцыю, колькі служаць прагматычным прыёмам сугестыўнага тэксту, якім з’яляецца любая замова, і забяспечвае магічную сілу слова.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Вызначыце, на што накіраваныя замовы, а таксама знайдзіце ў іх моўныя асаблівасці:

Цар Гарадзей, Агнём не ўладзей, Жаркіх іскраў не раскідай, Пустога дыму не пускай. Цур-амін, Стаўбом дым. – *Ад пажару

Святы Ягорай-пабеданосец, у цябе мячы, бяры ў Бога ключы, замыкай тры пуці ад звера бягучага, ад гада паўзучага, ад злога паганага чалавека, ад буйнога ветру. Зберагаў жа мяне ў малых гадах, зберагай у сярэдніх. Амінь. – *Замова ў дарогу

На сінім моры камень, на тым камні дуб, на тым дубе трыдзевяць катоў, на тых катах трыдзевяць гняздоў, на тых гнездах трыдзевяць сарок, трыдзевяць урок ад жаночага, ад хлапечча, ад мужчынска – русы волас, рыжы волас, белы волас. Святыя святочкі, хадзіце ка мне на помач; я з славамі, Бог з духам; як стала, так перастала. – *Ад злога духу

Карова мая чорная! Ад паганых вачэй i [няшлюбных] дзяцей вочкамі асвяціся, вушкамі атматніся, ножкамі аттапчысь, хвосцікам адмахнісь. Будзь ты не ўрочна, не прыгаворна. Хто маю карову ўракне – таму кроўю вочы завалакнё. Чужым вачам – соль да пячаль. Што думаеш мне – палучы сабе. – *Ад ведзьмы

На моры на востраві стаяў куст, a ў том кусце залатое гняздо, a ў том гняздзе тры старшых: адна Куліна, a другая Марына, a трэцяя Кацярына. Сабірайця ўсіх сваіх – i балацяных, i гнаявых, i махавых i лесавых, вынімайця з естага чалавека з касьцей зуб свой. A калі ня вымеця, то нашле Бог гром i малонню, i паб’е i папаля. – *Ад змей

Ехаў Даніла на сівой кабылі i вёз жбан вады. Жбан атарваўся, вада разлілася. Стаіць хатка на курынай ножцы, a ў тэй хатцы старая бабка хлеб запякала i рабу божаму Грышку кроў замуўляла, маладзіка, ветаха i пад поўна. – *Ад крывацёку

Прашу я Бога i цябе, зямелька, ад цябе прытча стала. Калі не дзівіла – дак не дзіві, a падзівіла – дак адпусці. За тваю дабрату хлеб-соль кладу. Прымай i здароўе надзяляй. – *На забеспячэнне здароўя

У чыстым полі стаіць хвойка, пад таею хвойкаю ляжыць сошка. Хто будзе араці? Пракрасная пані будзе дахаджаці ў чырвоных ботах, таею сошкаю будзе араці, жалезнаю пугаю Тані пуд уганяці. Ен не будзе ўхадзіці, будзем сморадам сабачым частаваці. – *Ад спуду

Святы Юры-Ягоры, святы Міхайла-архангел, закрый, замкні дванаццаці замкамі, залатымі ключамі, залатымі, медзянымі i сярэбранымі, i з пары да ўрэмя рабе божай. Не сама я сабою – божаю думою; не сама сабою – Прачыстаю святою. – *На захаванне плода

Ішоў сам Гасподзь з небяса, згубіў залатыя ключы з-пад паяса. Мацер Божая ішла, залатыя ключы знайшла. Замкі, атапрыцеся, царскія вароты, атварыцеся, паясы, развяжы- цеся, раба божая Матрона (ці хто), з дзіцёнкам разлучы- цеся. – *На добрыя роды

Сядзіць пан на куце, пані на парозі. Пан суды судзіць, пані рассуджае, нізбутнік з сярэдзіны ўганяе. Стукнулі ў лабок, з лабка ў спінку, няхай будзе нізбутніку канец. – *Ад падучай хваробы

На востраві на Сакалоні стаіць дуб, a на тым дубу дванаццаць кокатаў, a пад тым дубам дванаццаць галубоў. Прашу я вас i ўпрашываю: на сінім моры ляжыць камінь, пад тым камянём ляжыць дашка, a пад тэй дашкой ляжыць мая таска. Вазьміця тэй камінь, падніміця гэту дашку i выньця адтуль маю таску i аддайця яе Варутунькі. – *Прысушка

На моры, на акіяне, на востраве Буяне стаіць стоўб. На тым стаўбе стаіць дубовая грабніца, у ёй ляжыць красна дзявіца. Кроў у яе не разгараецца, ножанькі не паднімаюцца, глаза не раскрываюцца, уста не раствараюцца, сэрца не сакрушаецца. Так бы i ў (імя) сэрца не сакрушалася, кроў не разгаралася, сама б не ўбівалася, у таску не ўдавалася. Амінь! – *Адсушка

Тупну нагой – уся кампанія за мной, поясам падвяжуся – нікога не баюся. Ля дзвярэй рэч – мой верх над імі. A ў хаце печ – анямей іхна рэч. – *На суд (выйграць судовую справу)

Выкарыстаны тэксты са зборніка “Замовы” (укладальнік Г.А. Барташэвіч)

<>

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат