Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Вялікае Княства Літоўскае

11.02.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Мова Статута ВКЛ

Мова Статута ВКЛ 1588 года

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Старабеларуская мова, якая пачала фармавацца на мяжы 13 і 14 стагоддзяў, свайго росквіту дасягнула ў другой палове 16 стагоддзя. Адным з найбольш багатых помнікаў афіцыйнай старабеларускай мовы стала апошняя рэдакцыя Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года.

Статут уяўляў сабой кодэкс феадальнага права эпохі Вялікага княства Літоўскага і меў тры вядомыя нам рэдакцыі 1529, 1566 і 1588 года. Апошнія рэдакцыі Статута юрыдычна замацавалі статус старабеларускай мовы як дзяржаўнай мовы ВКЛ. З’яўленне адмысловага артыкула (раздзел 4 артыкул 1), які сцвярджаў за беларускай мовай права быць адзіна дазволенай мовай афіцыйных дакументаў, было абумоўлена перадусім актыўнай паланізацыяй другой паловы 16 стагоддзя (асабліва пасля падпісання Люблінскай уніі 1569 года), супраць якой і ў абарону старабеларускай мовы выступаў падканцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега ў тым ліку і ў сваёй прадмове да Статута 1588 года:  “А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем и каждому часу, чого нам потреба ку отпору всякое кривды, ведати можем”.

Апошняя рэдакцыя Статута не толькі адлюстравла найвышэйшую ступень развіцця заканадаўства ў ВКЛ, але і стала самай дасканалай і распрацаванай у моўным плане, уяўляючы сабой помнік старабеларускага канцылярска-юрыдычнага (дзелавога) пісьменства, паколькі ў ёй закраналіся розныя бакі грамадскага, гаспадарчага і нават асабістага жыцця беларусаў таго перыяду. Статут багаты не толькі на юрыдычныя тэрміны (прывілей, рада, рок заві́ты – канчаткова вызначаны час яўкі ў суд, які, паводле Статута, складаў 3 дні), шматлікія назвы службовых асобаў (маршалак – вышэйшая службовая асоба ў ВКЛ і феадальнай Польшчы; пушкары – назва артылерыстаў і ліцейшчыкаў гармат; мастаўнічыя – службовыя асобы, якія ажыццяўлялі нагляд за станам дарог, мастоў, грэбляў), але таксама і на разнастайную бытавую і сельскагаспадарчую лексіку (хамут, сокера, піла, мак, жыта), назвы жывёлы і птушак (вол, вепр, свінья, подсвінок, лебедь, пав, гусь), назвы людзей паводле сваяцтва (вдова, дядиная, жона, мачоха, стрый), назвы адцягненых паняццяў, выражаныя аддзеяслоўнымі назоўнікамі (арештованье, баченье, будованье, гвалтованье, переконанье)  і г.д. Яго фактычна можна назваць энцыклапедыяй тагачаснага беларускага жыцця і неацэннай крыніцай для вывучэння лексікі старабеларускай мовы.

Яшчэ адной важнай у моўным плане заваёвай Статута стала ўніфікацыя графічнай сістэмы, што прывяло да яе значнага спрашчэння. Збольшага знікаюць дублеты літар, якія на той момант яшчэ актыўна ўжываюцца ў рэлігійнай літаратуры. Напрыклад, літара е выцясняе ҍ — яць (вера замест вҍра, сено замест сҍно, в дворе замест в дворҍ); літара у пішацца замест дыграфа оу (у дому замест оу домоу); практычна не ўжываецца літара і.

У мова Статута назіраецца так званая фанетызацыя правапісу: адыход ад царкоўнаславянскай традыцыі і набліжэнне да жывой беларускай мовы. Тыповы для беларускай мовы пераход у → ў у некаторых пазіцыях абазначаецца літарай в (тот урядник, але двема врядниками; уряд — вряд); зацвярдзелы характар шыпячых зычных і р перадаецца, хоць і непаслядоўна, праз ужыванне пасля іх ы і э (чынечы, крывда, потрэба); выбухны г у іншамоўных словах перадаецца праз спалучэнне кг (цекгла, кгвалтъ, кгмахъ, фолькга); адбываецца пераход е ў о (чого, чоловек).

Арыентацыяй на жывую беларускую мову можна лічыць і граматычныя асаблівасці мовы Статута. А гэта перадусім пашыранасць канчаткаў –у/-ю ў родным склоне назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (зверу, народу, вряду, голоду). У давальным склоне  назоўнікі мужчынскага роду множнага ліку, як правіла, маюць канчаткі -омъ/ -емъ (паномъ, княжатемъ), а ў месным –охъ/-ехъ (панохъ, княжатехъ).  У назоўным склоне множнага ліку пераважаюць канчаткі –ы/-і  (городы, домы, паны, земли) і паралельна з імі ужываюцца канчатка –ове ў асабовых назоўніках мужчынскага роду (панове, послове, войтове, жидове). Таксама знайшло адлюстраванне чаргаванне заднеязычных у назоўніках жаночага роду ў давальным и месным склонах (в опеце, в омылце).

Такім чынам, у адрозенне ад рэлігійнай і свецкай, дзелавая пісьменнасць, яркім узорам якой выступае Статут ВКЛ 1588 года, з’яўлялася найбольш прагрэсіўнай у галіне графікі, правапісу, марфалогіі і лексікі, паколькі ў значнай ступені вызвалілася ад царкоўнаславянскага ўплыву і найбольш поўна адлюстравала народна-гутарковую моўную традыцыю беларусаў.

Дарэчы, апошняя рэдакцыя Статута ВКЛ, часцей за ўсё ў перакладной версіі, у Віцебскай і Магілёўскай губерніях дзейнічала да 1831 года, а ў Віленскай, Менскай і Гарадзенскай губернях – яшчэ даўжэй, бо там ён быў адмененны толькі ў 1840 годзе.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Патлумачце словы і словазлучэнні са Статута:

Белая голова (белая галава) – *асоба жаночага полу (назва ад жаночага звычаю завязваць на галаву белую хустку).

Головщизна (галоўшчына) – *грашовы штраф за галаву забітага, што спаганяўся на карысць сваякоў забітага. Памеры галоўшчыны залежалі ад саслоўнага становішча забітага.

Гость (госць) – *купец, а таксама любы чужаземец.

Отзов (адзоў) – *судовая апеляцыя.

Матерызна (мацяры́зна) – *спадчына па матчынай лініі, якую браты павінны былі пароўну дзяліць з сёстрамі.

Вы́ступца, выступ – *злачынца, злачынства.

Дякло (дзякло) – *від прадуктовай феадальнай рэнты з сялян на карысць землеўладальніка (звычайна жыта, пшаніца, ячмень, ільняное семя і пад.) ад літоўскага doklas.

За́купы – *даўжнікі феадалаў (ад купа – пазыка).

Зва́да – *сварка, якая звычайна заканчваецца бойкай.

Кривда (крыўда) – *маральныя і матэрыяльныя страты, пагроза жыццю і здароўю і іншая шкода асобе, нанесеная ў выніку нечыіх наўмысным проціпраўных дзеянняў.

Ловы – *паляванне, у якім удзельнічае шмат людзей.

Рушенье посполитое (рушэнне паспалітае) – *усеагульная мабілізацыя, апалчэнне, агульны паход. У выпадку нападу – погоня, каб вызваліць захопленых суайчыннікаў і дабро.

Шацунок (шацунак) – *ацэнка маёмасці ў грашовым выражэнні ад нямецкага Schatzung ‘ацэнка’, раней ‘павага’.

Вырок (вырак) - *1) прысуд па крымінальнай ці грамадзянскай справе; 2) пагадненне, пастанова вялікага князя, князёў, ваяводаў і іншых прадстаўнікоў улады.

Цедула (цыдула) – *назва дакументаў, напрыклад, пісьмовага тэксту судовага дэкрэту.

Рукоемство (рукаёмства) – *парукі, паручальніцтва; адказнасць асобы (паручальніка) перад іншымі асобамі або судом за належнае выкананне абавязкаў даўжніком ці абвінавачаным.

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат