Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Генетыка

29.12.2018
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Кут, рог або вугал?

Кут, рог або вугал?


powerpoint70СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Як правільна перакласці рускае слова угол на беларускую мову? Вугал? Кут? Рог? У прынцыпе, і так, і так, і так! Перад намі той цікавы выпадак, калі ў нашай мове адбываецца большая семантычная дыферэнцыяцыя, чым у суседняй, і таму маем тры словы там, дзе руская мае толькі адно. Такая з’ява называецца лексічнай лакунай і можа сведчыць пра адрозненне моўнай карціны свету беларусаў і рускіх. Сказаць жа, што ў нас усе тры словы сінонімы, не зусім выпадае, бо кут і рог хутчэй за ўсё ўступаюць паміж сабой не ў сінанімічныя, а ў антанімічныя адносіны.

Слова кут у першым сваім значэнні – гэта месца, дзе сыходзяцца ўнутраныя бакі прадмета: кут у пакоі, напрыклад. Кутом або кутком таксама называюць нейкую мясцовасць, часам глухую: мядзведжы кут, родны куток. Кутом таксама могуць называць частку пакоя, якая здаецца ў наймы: займаць кут. Можам узгадаць такія вытворныя ад кута словы, як закутак, покуць (месца пад абразамі, чырвоны кут). Паводле народнай этымалогіі, слова куцця нібыта таксама адтуль, бо ставіцца на покуці (спецыялісты мяркуюць, тым не менш, што гэта слова грэцкага паходжання).

А вось рог – месца, дзе сыходзяцца, перасякаюцца прадметы або два бакі чагосьці: на рагу вуліц; рог стала. То бок, тут гаворка ідзе пра знешні, а не пра ўнутраны бок. Іншымі словамі, кут – гэта штосьці, шо заўсёды знаходзіцца ўнутры, а вось рог – гэта частка, якая выступае. Такім чынам, бачым, што гэтыя словы фактычна маюць процілеглае значэнне і з’яўляюцца антонімамі.

Што ж тады такое вугал? А вось слова вугал мае найбольш агульнае значэнне, якое ўключае ўсе вышэйпералічаныя: гэта месца, дзе сутыкаюцца, перасякаюцца два прадметы або два бакі чагосьці (прычым як унутры, так і звонку). І ў гэтым значэнні яно сінанімічнае і слову кут, і слову рог: на вуглу вуліц, вугал пакоя. Вуглом, як і кутом, таксама называюць частку памяшкання: наймаць вугал. Паводле слоўнікаў, вугал – гэта таксама геаметрычны тэрмін: востры вугал, тупы вугал. Цікава, што маючы геаметрычны тэрмін вугал, маем не толькі вытворныя ад яго тэрміны прамавугольнік, шматвугольнік, трохвугольнік, што лагічна, але і простакутнік, шматкутнік, трохкутнік, якія ўтварыліся ад слова кут і таксама  фіксуюцца сучаснымі нарматыўнымі слоўнікамі. Хутчэй за ўсё такое ўжыванне тлумачыцца ўплывам польскай мовы (prostokąt, wielokąt, trójkąt). Хочацца таксама адзначыць цікавы беларускі назоўнік, які ўзыходзіць да слова вугалзавуголле (рус. задворки, закоулок). У народзе кажуць, напрыклад, бадзяцца па завуголлях. Барадулін у сваім Вушацкім слоўніку нават прыводзіць прыслоўе пазавуголле (Яго сон не бярэць, ён яшчэ будзіць хадзіць пазавугаллю.)

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Запішыце па-беларуску:

      1. Угол платка – *рог хусткі
      2. Живописный уголок  – *маляўнічы куток
      3. Сидеть в красном углу  – *сядзець на куце / на покуці
      4. Иметь свой угол  – *мець свой кут (вугал)
      5. Завернуть за угол  – *завярнуць за рог (вугал)
      6. Угол отражения  – *вугал адбіцця
      7. Выйти на угол  – *выйсці на рог
      8. Разойтись по углам  – *разысціся па кутках
      9. Загнать в угол  – *загнаць у кут
      10. Из-за угла – *з-за вугла (з-за рога)
      11. Прямой угол – *прамы (просты) вугал
      12. Под углом в 60°  – *пад вуглом у 60°
      13. Загнутый угол страницы – *загнуты ражок старонкі
      14. Сдавать угол  – *здаваць куток (вугал)
      15. Угол зрения  – *пункт погляду (гледжання) ўжьі вугал зроку
      16. Жить в глухом углу  – *жыць у глухім кутку
      17. Угол парты  – *рог (вугал) парты
      18. Сгладить острые углы  – *згладзіць вострыя вуглы
      19. Развернутый угол  – *разгорнуты вугал

krok_3<

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат