Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Балота

25.12.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Каляды

 

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

У беларускай, у адрозненне ад іншых моваў, гэта свята мае цэлы шэраг назваў: і  Каляды, і Коляды, і Калядкі, і Каляда, і Раство Хрыстова, і Раство Гасподне, і Ражаство, і ражство, Ражджаство, і Божае Нараджэнне, Нараджэнне Хрыста, Нараджэнне Хрыстова… У прэсе была інфармацыя, што сярод усіх гэтых назваў менавіта Ражджаство яшчэ нядаўна сустракалася часцей за ўсё на беларусіх святочных паштоўках і марках. Чым жа было абумоўлена тое, што Ражджаство стала такой пашыранай назвай пры тым, што гучыць яна зусім не па-беларуску? У ім вуха нам рэжа спалучэнне зычных жд, не ўласцівае нашай мове. Гэта царкоўнаславянскае спалучэнне, бо сама назва патрапіла ў беларускую мову з царкоўнаславянскай, прыйшоўшы на нашу тэрыторыю разам з праваслаўем.

Складальнікі “Слоўніка рэлігійных і багаслоўскіх тэрмінаў царкоўнаславянска-беларускага” сцвярджаюць, што менавіта Ражджаство – гэта адзіна правільная назва свята, і лічаць, што ўсе астатнія назвы супярэчаць праваслаўнай традыцыі, якая неперарыўна існавала на нашых землях тысячу год. У прадмове да слоўніка яны бачаць прычыну ўжывання іншых назваў, што супярэчаць праваслаўнай кананічнай традыцыі, у фармальнай “беларусізацыі”, у абнаўленні мовы шляхам адмежавання ад рускай і царкоўнаславянскай.

Ну а калі звярнуцца да старабеларускай мовы, якая, дарэчы, адносіцца да моваў царкоўнаславянскай традыцыі, фіксуюцца назвы роство, розство, утвораныя ад дзеяслова радзіць. У беларускіх дыялектах маем і Ражаство, і Ражство, а ў палескіх гаворках – нават Роздво. А ў “Расійска-беларускім слоўніку” Некрашэвіча і Байкова 1928 года, а таксама ў шэрагу сучасных слоўнікаў знаходзім Раство і Каляды.

Дарэчы, назвы Коляды, Каляды ці Каляда маюць неславянскае паходжанне. Гэта даўняе запазычанне з лацінскай мовы. У старажытнарымскім календары календамі называлі першы дзень кожнага месяца (адсюль, уласна кажучы, і само слова каляндар). І сёння часцей за ўсё ў свецкім жыцці мы ўжываем менавіта гэтаю назву. А вось калі гаворка ідзе пра рэлігійнае свята, католікі аддаюць перавагу назве Божае Нараджэнне, што, верагодна, паходзіць ад польскага Boze Narodzenie. Варыянтам гэтай назвы можа з’яўляцца Нараджэнне Хрыста (Нараджэнне Хрыстова).

А ў праваслаўным свеце, як мы ўжо адзначалі вышэй, пашыраныя назвы Раство, Ражаство, Ражджаство. Трэба сказаць, што сёння ўсе гэтыя варыянты фактычна суіснуюць і нават у навукоўцаў няма нейкага адназначнага адказу, якой з іх варта аддаваць перавагу. Аднак трэба заўважыць, што ў апошняе дзесяцігоддзе ўсё большую папулярнасць набывае назва Раство, якая для нашага вуха гучыць цалкам натуральна, як, для прыкладу, назоўнікі княства, птаства, хараство, у якіх адбываецца прыпадабненне шыпячых зычных гукаў да свісцячых. Магчыма, менавіта Раство ў будучым стане асноўнай назвай свята для ўсіх беларусаў незалежна ад іх веравызнання. А можа такім словам будзе слова Каляды. Тым больш што ў народных прыказках, прымаўках і фразеалагізмах часцей за ўсё сустракаецца назва Каляды, Калядкі, Каляда:

Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі.

Як прыйдуць Каляды — мужык мякіне рады, а як прыйдуць зажынкі — няма хлеба ні асьмінкі.

Каляды — хрысціяне рады.

Калядкі — добрыя святкі: пад’еў ды на палаткі.

Стань у раду, дастанеш Каляду.

Ужо тыдзень да Каляд — пан з сваёй чэлядзі не рад.

Каляды, то ён цяпер не пан.

Па Калядах уночы трашчыць, а ўдзень плюшчыць.

Сабачкі брэшуць, Калядкі будуць, мароз стучыць, вароты адчыняць вяліць.

Наўрад, каб стала хлеба да Каляд.

Ад Каляд не ідзе ў лад.

Не да каляды, калі поўна хата бяды.

Снегу на Каляды не дапросішся.

На Каляды сарочку надзявай новую, на Вялікдзень — бялёвую, а на Сёмуху — смяротную.

Калі Каляды ў веташку, дык хавай насенне ў мяшку.

Зафіксавана таксама прыказка з назвай Раство: Святое Раство — людзям прыгаство.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыць ад назоўнікаў і словазлучэнняў прыметнік:

Раство – які? *калядны

Ражджаство – які? *калядны

Божае Нараджэнне – які? *калядны

Нараджэнне Хрыстова – які? *калядны

Каляды, Каляда – які? *калядны

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат