Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Гісторыя Еўропы

09.12.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Германізмы ў беларускай мове

Германізмы ў беларускай мове

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

“Навошта ўжываць чужое для нас слова сэндвіч, калі ў нас ёсць такое цудоўнае сваё бутэрброд…”

Германізмы – запазычанні з нямецкай мовы. Іх колькасць у сучаснай беларускай мове, паводле, спецыялістаў, не меней за тысячу. Асаблівасць германізмаў у тым, што гэта пераважна старыя запазычанні, якія адаптаваліся нашай мовай і маюць вялікія словаўтваральныя гнёзды: шкода – шкодны, шкодна, шкодзіць, перашкодзіць, пашкодзіць і г.д. Менавіта таму мы часта іх у прынцыпе не ўспрымаем як запазычанні, а разглядаем як уласна беларускія словы.

Германізмы трапляюць у беларускую мову, пачынаючы ўжо з ХІІІ-ХІV стагоддзяў. Гэта перыяд, калі развіваліся актыўныя гандлёвыя стасункі паміж паўночнымі гарадамі Беларусі і насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага. Словы гэтага перыяду, што хутчэй за ўсё патрапілі ў беларускую непасрэдна з нямецкай, сталі вядомыя нам з грамат і іншых дакументаў: вага, шалі, рэшта, цаль, дах, цэх і інш. Найбольшая колькасць германізмаў да ХV-ХІХ стагоддзя прыходзіць да нас праз пасярэдніцтва польскай мовы, часам ужо ў адаптаваным польскай выглядзе: малюнак, ланцуг, жабрак, ліхтар, абцас, махляр і інш. З ХV стагоддзя германізмы таксама пачынаюць у невялікай колькасці прыходзіць у нашу мову праз пасярэдніцтва ідыш (верхненямецкі дыялект). Гэты працэс быў не самым актыўным, паколькі габрэі вельмі хутка вывучалі беларускую мову і з мясцовым насельніцтвам размаўлялі пераважна на ёй. Акрамя таго, цяжка спраўдзіць, слова наўпрост патрапіла з нямецкай у беларуску ці праз ідыш. Таму больш-менш спраўджанымі ідышызмамі з’яўляюцца словы гандаль, рахунак, кахля (кафля), лотр (злодзей), разынкі, труна, хабар. У савецкі час новыя запазычанні з нямецкай мовы прыходзілі да нас перадусім праз рускую (цэнтрыфуга, ландшафт, бухгалтар, акрэдэтыў, рэнтген). Аднак ёсць шэраг словаў, якія засталіся ў спадчыну ад І і ІІ Сусветных войнаў і трапілі ў мову без пасярэднікаў (фельдкамендатура, зондэркаманда, гаўляйтар, а таксама гутарковыя алес, капут, аўсвайс).

Фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці германізмаў:

  • Спалучэнні шт, шп пераважна ў пачатку слова (радзей шн, шм): штандар, штанга, шпіль, шпалеры, шнапс, шніцаль.
  • Спалучэнне хт у сярэдіне слова (вахта, шахта).
  • Суфікс –унак (-unk) у нямецкіх запазычаннях, адаптаваных польскай мовай (малюнак, гатунак).
  • Суфікс –ар/-яр/-ер (рыцар, муляр, канцлер)
  • Канцавая частка –майстар (гросмайстар, хормайстар).

Часта нямецкія запазычанні траплялі ў нашу мову без аніякіх зменаў (пуд, шпат, шнур, абшлаг). Аднак значная частка была адаптаваная мовай як фанетычна, так і семантычна. Напрыклад, слова андарак, якое ў нашай мове мае значэнне ‘саматканая паласатая або клятчастая спадніца, якую даўней насілі жанчыны ў Беларусі’ ўтварылася ад нямецкага Underrock – ‘ніжняя спадніца’. Слова герб прыйшло з нямецкай Erbe (‘спадчына’) праз польскую мову. Слова талерка ўтварылася ад Teller (‘металёвая пліта ў друкарскай машыне’). Наша слова цягнік, як ні дзіўна, гэта калька з нямецкага Zug. Дарэчы, само слова цуг у беларускай ужываецца ў значэнні ‘доўгі шэраг, чарада жывёл, машын і г.д., якая рухаюцца адна за адной’.

Лексіка-тэматычныя групы германізмаў:

  • Бытавая лексіка: куфаль (куфель, кухаль), гонта, фарба, цвік, цэгла, ядваб (шоўк), шнур.
  • Назвы пабудоваў і іх частак: дах, гмах, кухня, шпіталь.
  • Назвы асобаў: фурман, шляхта, гетман, бурмістр.
  • Лексіка са сферы гандлю: кірмаш, кошт, шалі, вага, рэшта, цэнтнер.
  • Вайсковыя тэрміны: варта, шыхт, пляц, штурм, куля.
  • Абстрактная лексіка: лёс, смак, гвалт, жарт, шкода.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Назавіце слова нямецкага паходжання, якія адпавядаюць гэтым азначэнням:

Выкапнёвая акамянелая празрыстая смала хвойных дрэваў жоўтага або карычневага колеру – *бурштын

Набор прадметаў, прыстасаванняў, прыладаў, неабходных для якой-небудзь працы – *рыштунак

Гусіны тлушч – *шмалец

Выраб з металу ў выглядзе тоўстай гнуткай ніці – *дрот

Часовае збудаванне з дошак уздоўж сценаў будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ – *рыштаванне

Скрынка стала, камода, шафы – *шуфляда, шуфлядка

Вымашчаная камянямі вуліца – *брук

Спецыяльная стужка/ вяроўка ў свечцы ці газавай лямпе для гарэння – *кнот

Услон, пераносная лавачка на ножка – *зэдаль, зэдлік

Вялікая драўляная дзежка з накрыўкай для захоўвання прадуктаў і рэчаў – *кубел

Шкло, устаўленае ў аконную раму – *шыба

Накладная рамка вакол праёма акна або дзвярэй – *ліштва

Сталярны інструмент для стругання дошак – *гэбель, гэблік

Той, хто займаецца апрацоўкай і вырабам шкур – *гарбар

Пакладзеная слаямі адзін на адзін прадметы (кнігі, напр.) – *стос

Цвёрдасць, трываласць, якую набывае метал пасля моцнага награвання і хуткага ахаладжэння; стойкасць, якая набываецца ў барацьбе з цяжкасцямі – *гарт

Неабсяжная прастора, разлегласць – *абшар

Распіска, квітанцыя, квіток, цэннік – *цэтлік

Землякоп – *грабар

Той, хто дае грошы ў рост — *ліхвяр

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат