Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Шахматы

27.09.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Цюркізмы ў беларускай мове

Цюркізмы ў беларускай мове

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Цюркізмы – гэта запазычанні з цюркскіх моваў (у першую чаргу татарскай і турэцкай). Цюркізмы пачалі прыходзиць у беларускую (старабеларускую) мову ў перыяд з XIV па XVII стагоддзі. З’яўленне цюркізмаў было перадусім абумоўлена шчыльнымі кантактамі паміж беларусамі і татарамі. На тэрыторыю ВКЛ траплялі палонныя і перасяленцы з Залатой Арды. Многія з іх служылі ў войску, займаліся рамяством і гандлем. На тэрыторыі ВКЛ нават утварыліся татарскій паселішчы, пра што сведчаць геаграфічныя назвы кшталту Татаршчына, Татаршчызна, Татары, Татарка, Татарск, Татарская Слабада і інш. Канечне, такога ўплыву, як на тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы, татары ў ВКЛ не мелі, бо наша краіна не пацярпела ад татара-мангольскага нашэсця. Дарэчы, ёсць нават гіпотэза, што Белая Русь называлася Белай, бо была свабоднай ад татара-манголаў і не плаціла ім даніну.

Цікавая асабліваць татарскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі заключаецца ў тым, што гэта былі пераважна мужчыны. І яны надзвычай хутка абеларушваліся, паколькі ў жонкі бралі мясцовых жанчын, якія і гадавалі дзяцей на “простай” – беларускай – мове, а таксама служылі ў войску, дзе кантактавалі пераважна з мясцовымі салдатамі. У мячэтах жа службы праходзілі на арабскай мове. Такім чынам, праз некалькі пакаленняў татарская мова фактычна выйшла з ужытку. Такі феномен, як Кітабы, з’явіўся таксама на нашай тэрыторыі. Кітабы – мусульманскія рэлігійныя кнігі, напісаныя па-беларуску арабскай вяззю – сталі пісьмовымі помнікамі старабеларускай літаратуры.

Цюркізмы траплялі ў беларускую мову не толькі наўпрост, але таксама праз пасярэдніцтва іншых моваў: украінскай (кавун, казак,чумак), польскай (мячэт, кішэня, армяк), рускай (качаваць, кабала, калека).

Да цюркізмаў, што патрапілі ў старабеларускую мову, а потым перайшлі у сучасную мову, адносяць перадусім канкрэтную лексіку. Гэта назвы:

  • бытавых прадметаў: торба, тытунь, кайданы, біклага, дыван
  • адзення, абутку: халат, армяк, каптан, каўпак, кабат
  • прадуктаў харчавання: гарбуз, калач, халва, харч, балык, лаваш
  • пабудоваў, памяшканняў: мячэт, кабак, амбар, шацёр, шалаш, курган
  • эканамічных паняткаў, вымярэнняў: аршын, тавар, чарга, магарыч, базар
  • асобаў: казак, атаман, калека, басурман, бек, джыгіт
  • жывёлаў: бугай, кабан, беркут, саранча, баран, сабака, барс, бурундук
  • колераў: алы, кары, буры, буланы, кауры

Акрамя канкрэтных назваў на нашай тэрыторыі шырокі распаўсюд атрымалі геаграфічныя назвы цюркскага паходжання (і не толькі з коранем татар-): Туркі, Туркаўская Слабада, Турэц, Орда, Баўбасава, Булгары, Чавусы, Шайбакова і інш. Ёсць беларускія назвы, якія народнай этымалогіяй звязваюцца з татарамі: Целяханы нібыта ўтвораны ад спалучэння ‘цела хана’ J Таксама маем беларускія провішчы, у аснову якіх пакладзены цюркскія карані: Бабаеў (ад ‘дзед’), Булгакаў, Булай, Бушко, Камай, Карач, Кашкур, Солтан, Дага, Талатыннік, Шахновіч, а таксама вытворныя ад іх.

Асаблівасці цюркізмаў:

  • Складавы сінгарманізм — марфалагічна-фанетычная з’ява, пры якой адбываецца прыпадабненне ўсіх галосных у рамках аднаго слова па адной або па некалькіх прыкметах. У цюркізмах гэта выражаецца ў паўторы той самай галоснай у межах слова: барабан, саранча, урук.
  • Характэрныя канцавыя фарманты -лык і -ча: башлык, ярлык, балык, шашлык; каланча, саранча.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Назавіце адным словам:

  1. Доўгая вяроўка з пятлёй на канцы для лоўлі жывёлаў – *аркан
  2. Старадаўняя верхняя сялянская вопратка з саматканага сукна – *армяк, зіпун
  3. Казачны асілак, волат – *багатыр
  4. Некаторыя харчовыя тавары: цукар, чай, кава, мука, крупы і пад. – *бакалея
  5. Хабар, гасцінчык – *бакшыш
  6. Драпежны пушны звер сямейства куніцавых з вострай мордай і доўгай грубай поўсцю – *барсук
  7. Моцная бура, завіруха – *буран
  8. Баваўняная тканіна палатнянага перапляцення – *бязь
  9. Прадукт з асобым чынам заквашанага малака, звычайна з фруктовым дадаткамі, па кансістэнцыі падобны да смятаны – *йагурт
  10. Травяністая расліна сямейства гарбузовых з ляжачымі сцёбламі і вялікімі салодкімі сакаўнымі пладамі – *кавун
  11. Мінерал, крышталёвая кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду – *алмаз
  12. Кацёл з круглым дном і шырокім верхам – *казан
  13. Пладовае дрэва сямейства ружавых, а таксама падобны да яблыка плод гэтага дрэва, цвёрды і даўкі на смак – *айва
  14. Мяшэчак для тытуню, які зацягваецца шнурком – *капшук
  15. Шарсцяны бязворсавы дыван ручной работы – *кілім
  16. Пучок нітак, звязаных на адным канцы разам, служыць для упрыгожвання – *кутас
  17. Парашок з дробназярністай горнай пароды, якім шліфуюць і чысцяць металічныя вырабы і шкло – *наждак
  18. Прыбытак, выгада ад якой-кольвечы гандлёвай аперацыі – *барыш
  19. Суконны капюшон з доўгімі канцамі, які надзяваецца на шапку ў непагоду – *башлык
  20. Нізкі ложак з дошак на козлах; пакаёвая шырокая лаўка са спінкай – *тапчан
  21. Манаскі галаўны ўбор у выглядзе высокай цыліндрычнай шапкі з пакрывалам – *клабук
  22. Расліна з доўгім мечападобным лісцем і тоўстым паўзучым карэнішчам, расце па берагах вадаёмаў – *аер

 

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат