Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Калекцыянаванне

28.11.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Часціцы

Часціцы

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD


Часціца –
службовая часціна мовы, што не мае ўласнага ярка выражанага лексічнага значэння, а служыць для надання іншым словам або выказванням дадатковага адцення або для мадыфікацыі іх значэння.

Часціцы падзяляюцца на некалькі груп у залежнасці ад сваёй функцыі.

  • Часціцы, што выражаюць сэнсавыя адценні: указваюць на нешта (вунь той чалавек, гэта/ гэтая кніга), удакладняюць (якраз тут і сустрэнемся, амаль прафесійна зроблена), вылучаюць або абмяжоўваюць (толькі ты, хоць трошкі, выключна добры).
  • Часціцы, што маюць мадальную функцыю: служаць для сцвярджэння (так, але), адмаўлення (не, ні, ані), волевыяўлення (хай/ няхай зробіць, сказаў бы), пытання (Ці будзеш заўтра? Хіба ты яго не ведаеш?), параўнання (быццам/нібы/як новы), верагоднасці (бадай зраблю, наўрад ці прыеду).
  • Часціцы, што маюць эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю: клічныя (Бач ты! Ну і надвор’е!), узмацняльныя (нават сагрэўся тут, чакай жа).

Спынімся на найбольш цікавых выпадках ужывання і напісання часціц у нашай мове.

Часціца бы (б) служыць для ўтварэння ўмоўнага ладу і можа стаяць як перад дзеясловам, так і пасля яго: напісаў бы і я б напісаў. Выбар варыянтаў бы і б залежыць ад таго, на які гук заканчваецца папярэдняе слова. Калі на зычны – тады ўжываецца часціца бы: змог бы; калі на галосны – б: змагла б.

Часціца жа (ж) мае ўзмацняльнае значэнне і заўсёды стаіць пасля слова, да якога адносіцца: Ён жа мне сказаў! Ужыванне варыянтаў жа / ж таксама абумоўлена апошнім гукам папярэдняга слова: добра ж (ж пасля галоснага), дрэнь жа нейкая! (жа пасля зычнага)

Часціца такі (гутарковы варыянт –ткі) таксама стаіць пасля слова, да якога адносяцца, і пішацца з імі праз злучок: ён-такі сказаў, усё-такі, напісаў-ткі. Калі ж часціца -такі стаіць перад словам ці калі разрываецца іншымі словамі, то яна пішацца асобна: такі сказаў праўду, ён такі прыйшоў, усё ж такі мы памірыліся, зайшла ж такі.

Гутарковыя часціцы –ка, -тка маюць загаднае значэнне, стаяць пасля словаў, да якіх адносяцца, і пішуцца з імі праз злучок: скажы-ка, глядзі-тка. З’яўляюцца сінанімічнымі літаратурнай часціцы давай у загадных канструкцыях: давай пішы / пішы-ка. У трэцяй асобе загадны лад таксама ўтвараецца пры дапамозе часціц: хай / няхай піша, хай / няхай ведаюць.

Часціцы –сь, сьці, зваротная часціца –ся (-ца) пішуцца разам са знамянальным словам: хтось, кудысьці, раюся, мыцца.

Часціцы небудзь, кольвек, кольвечы, колечы маюць значэнне няпэўнасці і звычайна пішуцца са знамянальнымі словамі праз злучок: дзе-небудзь, з кім-кольвек, што-колечы. Аднак калі паміж імі знаходзіцца іншая часціца, то яны пішуцца асобна: Дзе ж небудзь ён ёсць!, Хто ж кольвечы яго знойдзе!

Часціца абы ў слове часцей за ўсё з’яўляецца прыстаўкай і пішацца праз злучок: абы-хто, абы-дзе. Аднак калі паміж часціцай і займеннікам ці прыслоўем укліньваецца прыназоўнік, часціца абы пішацца асобна: абы з кім, абы пра што.

Пытальная часціца ці заўсёды стаіць у пачатку сказа! Ці ты гатовы ўжо? Ці маеце грошы? Ці цёпла вам?  Запомніце, што складаная часціца наўрад ці пішацца ў два словы!

Сцвярджальная часціца так (рус. да) мае варыянт але: Ты ўжо скончыў? – Так. / Але. Часціцы ага, угу з’яўляюцца гутарковымі формамі.

Запомніце, што часціца ледзьве (варыянт ледзь) пішацца з мяккім знакам!

У прынцыпе, усе часціцы паходзяць ад іншых часцін мовы (прыслоўяў, займеннікаў, дзеяслоўных формаў), але сёння большасць з іх ужо страціла сваю сувязь з імі: вунь, але, калі, куды, сабе, яно і інш.

Цікавая этымалогія, напрыклад, у часціцы быццам, нібыта – ад быць; хоць – ад хацець; бач – ад бачыць; амаль – ад мала; маўляў – ад старой формы дзеяслова маўляць; бадай – паводле адной з версій, ад “бог дай” у выніку сцягнення словаў.

Цікава, што часціцы могуць не толькі ўзбагачаць мову, але, калі пачынаюць часта механічна ўжывацца ў маўленні з мэтай запоўніць паўзу і нейкім чынам арганізаваць выказванне, вельмі часта ператвараюцца ў словы-паразіты,: ну-у, гэта, вось, так і г.д.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Раскрыйце дужкі:

усё(ж)такі – *усё ж такі

З кім(кольвечы) – *з кім-кольвечы

У каго(небудзь) – *у каго-небудзь

Абы(для)чаго – *абы для чаго

(такі)сказаў праўду – *такі сказаў праўду

Даволі(такі) – *даволі-такі

Зрабіла(ж) – *зрабіла ж

чый(сьці) – *чыйсьці

каго(ж)небудзь – *каго ж небудзь

так(такі) – *так-такі

абы(з)кім – *абы з кім

чытай(ка) – *чытай-ка

як(раз) – *якраз

быццам(бы) – *быццам бы

нібы(та) – *нібыта

наўрад(ці) – *наўрад ці

абы(дзе) – *абы-дзе

Усё(роўна) – *усё роўна

Усё(такі) – *усё-такі

Перакласці на беларускую мову:

Он же чуть справился с этим заданием! – *Ён жа ледзьве справіўся з гэтым заданнем / ледзь агораў гэта заданне.

Что было бы, если бы мы не успели на поезд? – *Што было б, калі б мы не паспелі на цягнік?

Для нее же это совсем не проблема. – *Для яе ж гэта зусім не праблема.

Он так поступил без каких-либо на то причин. – *Ён зрабіў так без якіх-кольвечы / якіх-небудзь на тое прычын.

Дождика бы сегодня! – *Дожджыку б сёння!

Сможешь ли посодействовать мне в этом вопросе? – *Ці зможаш паспрыяць / пасадзейничаць у гэтым пытанні?

Не хочу встречаться лишь бы с кем! – *Не хачу сустракацца абы з кім!

Разве мы не правы? – *Хіба мы не маем рацыі?

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат