Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Чарнобыль

30.04.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Чай ці гарбата?

Чай – гарбата

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Чай быў вядомы беларусам, паводле некаторых звестак, ужо з 17 стагоддзя, але найбольш распаўсюдзіўся ў 19 ст. Трапляў да нас з Кітая  праз Расію, а таксама з Захаду праз Польшчу, куды, праўдападобна,  прыйшоў з Галандыі. Гэтым і тлумачыцца, хутчэй за ўсё, наяўнасць двух словаў: чай і гарбата. Праз рускую прыйшла менавіта назва чай ад кітайскага «ча». Цікава, што слова  гарбата таксама па сваім паходжанні хутчэй за ўсё звязана з кітайскім словам «ча», якое трансфармавалася ў лацінскай мове ў teaherba tea ‘трава тэа’. Патрапіўшы ў польскую (магчыма, ужо з галандскай), гэта спалучэнне набыло гучанне herbata. У такім выглядзе, праўда з аканнем, было запазычана ў нашу мову. Такім чынам, чай і гарбата – гэта сінонімы, якія прыйшлі ў беларускую рознымі шляхамі. Аднак вядома, што абсалютныя сінонімы паралельна на працягу доўгага часу звычайна не існуюць. Яны пачынаюць дыферэнцавацца або па сферы ўжывання, або па спалучальнасці, або па аб’ёме семантыкі ці стылістычнай афарбоўцы.  Так адбылося і з гэтымі словамі. У 20-ыя гады 20 ст. часцей за ўсё ўжывалася слова гарбата, напрыклад, у слоўніку Некрашэвіча і Байкова гарбата ідзе першай, што кажа пра прыярытэтнасць гэтага слова. “Што кажух – то не вата, што чай – то не гарбата!» – так нібыта сказаў Максім Гарэцкі маладому калегу Міхасю Лынькову ў 20-ыя гады, калі папікаў таго за актыўнае выкарыстанне слова чай. У другой палове стагоддзя сітуацыя мяняецца, і слова чай пачынае выцясняць слова гарбата, якое ўжо ў слоўніку Крапівы і ў слоўніку сінонімаў Клышкі падаецца з паметай устарэлае. Таксама для размежавання гэтых словаў пачынае падводзіцца тэарэтычная база, нібыта гарбата – гэта выключна чай з зёлак (аднак у польскай ёсць і herbata ziołowa ‘гарбата з зёлак’), а вось чай – гэта класічны чорны або зялёны напой родам з Кітая. Трэба сказаць, што сёння мы назіраем пашырэнне ўжывання слова гарбата ў шырокім сэнсе слова як любы чай, і ў пэўнай ступені выцясненне ім слова чай як непажаданага, бо яно прыйшло з рускай мовы (праз рускую мову). Такую тэндэнцыю можна, ў пэўным сэнсе, лічыць  пурыстычнай.

Адсюль, дарэчы, і  гарбатнік замест чайнічак і заварнік. Аднак апошнім часам набывае ўсё большую папулярнасць слова імбрык або дэмінатыў імбрычак (слова турэцкага паходжання, якое прыйшло да нас праз польскую).

Дарэчы, паводле Вячаслава Ракіцкага (праграма «Беларуская Атлянтыда» на «Свабодзе», размова з гісторыкам Алесем Белым), гарбата ў 19 ст. выклікала сур’ёзныя жарсці, і не толькі на побытавым узроўні: «піць каву ці гарбату?», але таксама ў звязку з эканамічнымі ды палітычнымі праблемамі.

(Ракіцкі) “Нехта А.Уладзімераў у 1874 годзе выдаў невялікую брашурку на 36 старонак пад назовам «Чай и вред его для телесного здоровья – умственный, нравственный и экономический». А нехта В.Пахлёбкін ужо ў наш час, у 1995 годзе, у кнізе «Чай и водка в истории России» (выйшла ў расейскім Навасібірску) піша, што тая брашурка распачала антыгарбатавую кампанію, скіраваную супроць Расеі.

Гэты наш сучасьнік Пахлёбкін піша: «Толькі цяпер змаглі высьветліць, што за псэўданімам «Владимиров» хаваўся літоўскі шляхціц Уладзіславас Мінгайле Даўгяла, які быў сябрам літоўска-нямецкае нацыяналістычнае групоўкі, сябрам ордэну езуітаў і выступаў супраць рускага ўплыву ў Літве на загад прускіх палітычных колаў».

Што гэта – трызьненьне сучаснага расейскага шавініста ці гарбата напраўду была адной з казырных картаў, якую разыгрывалі беларускія патрыёты ў змаганьні з маскоўскімі «ўплывамі»?”

(Белы: ) «Я ня думаю, што патрыёты ХІХ стагодзьдзя былі супраць гарбаты як расьліны, напою. Для іх яна была найперш відавочным сымбалем прыгнёту. Гарбата пачала імкліва распаўсюджвацца ў Беларусі ў 30-х гадах ХІХ стагодзьдзя. Гэты пэрыяд супадае з найгоршай Мікалаеўскай рэакцыяй: задушэньнем лістападаўскага паўстаньня, закрыцьцём Віленскага ўнівэрсытэту, скасаваньнем царкоўнае уніі. І таму ня дзіва, што чульлівыя людзі моду на гарбату разглядалі як яшчэ адзін нядобры знак”.

(Белы: ) “…Відаць, знаёмства жыхароў Беларусі з кітайскім напоем адбылося праз малапрыемнае пасярэдніцтва маскоўскіх вайсковых абозаў, а таксама ў сібірскім палоне, пад час сумнае памяці вайны сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя.»

Усё інтэрв’ю можна прачытаць ТУТ

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакладзіце на беларускую мову:

Чашка чая – *кубак / кубачак, філіжанка (Некрашэвіч, Байкоў) гарбаты/ чая

Чаепитие – *чаяванне

Крепкий, слабый чай  – *моцная, слабая гарбата / моцны, слабы чай

Цветочный чай – *кветкавая гарбата / кветкавы чай

Пригласить к чаю – *запрасіць на гарбату / на чай

Подсластить , подсахарить чай – *падсаладзіць гарбату / чай

Отведать чая – *паспытаць гарбаты / чаю

Чай заварился – *гарбата нацягнула, запарылася, заварылася / чай …

Подуть на чай – *падзьмухаць / падзьмуць на гарбату / на чай

Хлебать чай – *сёрбаць гарбату / чай

Рождественский чай – *калядная грабата

Даваць ці браць «на чай» – *даваць / браць гасцінца / гасцінчыка

Иван-чай – *бат. скрыпень

Травяной чай – *гарбата / чай з зёлак

Чайная – *гарбатня, чайна́я

Чайный – *чайны, гарбатны

Рo herbacie (пол.) – *справа зробленая; нічога не паробіш

Падабаецца – спадабаецца

«Мне спадабаецца беларуская мова!». На жаль, такую форму дзеяслова падабацца можна сустрэць паўсюдна, і не толькі ў вуснай, але і ў пісьмовай мове. У «Моўніку» на Белсаце яе нават назвалі чэмпіёнам сярод памылак.

У значэнні дзеяслова цяперашняга часу незакончанага трывання (што робіць?) тут няслушна ўжываецца дзеяслоў будучага часу закончанага трывання (што зробіць?). У такім разе фраза будзе значыць: «Я ведаю, што беларуская мова мне ў далейшым спадабаецца». Аднак аўтар фразы пры гэтым, наколькі я разумею, хоча сказаць, што мова яму ў прынцыпе падабаецца, чым уводзіць слухача ў ступар.

Запомніце! У цяперашнім часе мы можам ужываць выключна форму ПАДАБАЕЦЦА (што робіць?), а ў будучым побач з формай будзе падабацца можна таксама ўжыць форму СПАДАБАЕЦЦА (што зробіць?), калі вы перакананыя ў тым, што тое, пра што вы кажаце, вам абавязкова прыйдзецца да густу. Не блытаем жа мы формы рознага трывання хадзіць і схадзіць, шыць і сшыць, рабіць і зрабіць!

Перакладзіце:

Мне нравится этот стих. – *Мне падабаецца гэты верш.

Ему нравится это блюдо. – *Яму падабаецца гэтая страва.

Я уверен, что мне там обязательно понравится! – *Я перакананы, што мне там абавязкова спадабаецца!

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат