Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Янка Маўр

04.03.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Будучы час дзеяслова

Будучы час дзеяслова

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

У сучасных афіцыйных граматыках і падручніках беларускай мовы вылучаюцца дзве формы будучага часу: простая і складаная.

Простая форма будучага часу ўтвараецца выключна ад дзеясловаў закончанага трывання і абазначае дзеянне, якое павінна закончыцца ў будучым: напішу, прачытаю, схаджу. Дзеясловы будучага часу могуць ужывацца ў значэнні прошлага часу з мэтай паказаць нейкае нечаканае дзеянне ў мінулым, і наадварот: Да Ганны ў цёмным завулку наблізіўся мужчына, а яна як закрычыць! Ну, я пайшоў.

Складаная форма будучага часу ўтвараецца шляхам спалучэння формы будучага часу дзеяслова быць і інфінітыва асноўнага дзеяслова незакончанага трывання і абазначае дзеянне, якое будзе адбывацца пасля моманту гутаркі, а вынік гэтага дзеяння невядомы, або дзеянне, якое будзе неаднаразова паўтарацца: буду пісаць, буду чытаць, буду хадзіць. Часам на захадзе Беларусі ўжываюцца формы буду хадзіў, буду пісала пад уплывам польскай мовы.

Аднак трэба зазначыць, што ў другім выпуску вядомай манаграфіі Яўхіма Карскага “Беларусы” (1911 г.) аўтар адзначае, што на паўднёвай тэрыторыі Беларусі ўніз ад Гародні і Наваградка (гаворкі Слуцкага, Мазырскага, Рэчыцкага і іншых паветаў) распаўсюджана сінтэтычная форма будучага часу дзеясловаў незакончанага трывання кшталту запрашацьмуць, хадзіцьма, чытацьму. Карскі аспрэчвае ўкраінскае паходжанне гэтай з’явы і падкрэслівае яе арэальны – беларуска-ўкраінскі – характар (дарэчы, ва ўкраінскай мове гэтыя формы з’яўляюцца нарматыўнымі).

У “Беларускай граматыцы для школ” Браніслава Тарашкевіча таксама фіксуецца такая сінтэтычная форма будучага часу. Гэтыя формы ў навуковай літаратуры маюць таксама назву працяглага будучага часу (будучы імперфект). Яны ўтвараюцца пры дапамозе далучэння да дзеяслова незакончанага трывання частак –му, -меш, ме, -мем, мяце, -муць, якія ўяўляе сабой скарочаную форму старога дзеяслова імаці ‘мець’, што захавала рэшткі спражэння.

рабіцьму (у Тарашкевіча – рабіціму)

рабіцьмеш (рабіцімеш)

рабіцьме (рабіціме)

рабіцьмем (рабіцімеш)

рабіцьмяце́ (рабіцімеце)

рабіцьмуць (рабіцімуць)

Такія “кампактныя” формы вельмі надаецца для рознах народных павучанняў: “Як рабіцьмеш, то і мецьмеш, а як піцьмеш, то нічога не мецьмеш”. Іх таксама ўжывалі ў сваёй творчасці Якуб Колас, Кузьма Чорны, Аркадзь Куляшоў, Рыгор Барадулін і інш.

Мама! Я выйшаў з цябе, а пасля

Ты ўвайшла ў мяне, і жывецьмеш,

 Пакуль носіць мяне зямля…

 

Трывацьме на зямлі каменны век,

Пакуль на сэрцы

Камень носіць чалавек

(Рыгор Барадулін)

Форма працяглага будучага часу была скасаваная савецкімі ўладамі ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя падчас барацьбы з так званай нацдэмаўшчынай, аднак і сёння выкарыстоўваецца ў мове жыхароў паўднёвага рэгіёну Беларусі, а таксама ў мове мастацкай літаратуры.

У “Граматыцы” Тарашкевіча таксама ўзгадваецца так званы прадбудучы час, які ўтвараецца пры дапамозе формы будучага часу дзеяслова быць і дзеепрыслоўя і ўжываецца звычайна ў складаных сказах для таго, каб паказаць, што адно дзеянне папярэднічала іншаму: буду прыйшоўшы, буду зарабіўшы. Прыгатую вячэру, як буду прыйшоўшы з працы. Паеду ў адпачынак, як буду зарабіўшы трохі грошай.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыце формы будучага часу:

Гуляць – *буду, будзеш, будзе, будзем, будзеце, будуць гуляць;  гуляцьму, гуляцьмеш, гуляцьме, гуляцьмяце, гуляцьмуць

Глядзець – *буду, будзеш … глядзець; глядзецьму, глядзецьмеш, глядзецьме, глядзецьмем, глядзецьмяце, глядзецьмуць

Пабіць – *паб’ю, паб’еш, паб’е, паб’ём, паб’яце, паб’юць

Зжаць – *сажну, сажнеш, сажне, сажнём, сажняце, сажнуць

Жаць – *буду, будзеш … жаць; жацьму, жацьмеш, жацьме, жацьмем, жацьмяце, жацьмуць

Задрамаць – *задрамлю, задрэмлеш, задрэмле, задрэмлем, задрэмлеце, задрэмлюць

Ірваць – *буду рваць, будзеш ірваць, будзе рваць, будзем ірваць, будзеце рваць, будуць ірваць; ірвацьму, ірвацьмеш, ірвацьме, ірвацьмем, ірвацьмяце, ірвацьмуць

Мыць – *буду, будзеш … мыць; мыцьму, мыцьмеш, мыцьме, мыцьмем, мыцьмяце, мыцьмуць

З’есці – *з’ем, з’ясі, з’есць, з’ямо/ з’ядзім, з’ясце/ з’ясцё, з’ядуць

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат