Пра курсы
ГАРАДЫ :


23.03.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Балтызмы ў беларускай мове

 

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70  СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Пад балтызмамі маецца на ўвазе перш за ўсё лексіка літоўскага і латышскага паходжання, аднак пэўная часта трапіла да нас ад яцвягаў, прусаў ды іншых балцкіх плямёнаў, вядомых з гісторыі.

Рассяленне славянскіх плямёнаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паводле меркаванняў навукоўцаў, пачалося прыкладна з IV ст. нашай эры ў басейне ракі Прыпяць, аднак некаторыя даследчыкі лічаць, што поўдзень Беларусі прымыкаў ці нават цалкам уваходзіў у так званую сярэднедняпроўскую прарадзіму славян ці быў зонай іх першай міграцыі. Пачынаючы з VI ст. славяне пранікаць на паўночную тэрыторыю сучаснай Беларусі, рэдка заселеную на той час балцкімі плямёнамі. Пры гэтым рассяленне ішло пераважна па рэках, у той час як на астатняй тэрыторыі заставаліся асобныя анклавы з балцкім насельніцтвам. Такі сімбіёз назіраўся даволі доўга, а на паўночным захадзе ён захаваўся і да сённяшняга дня (раён Дзятлава на Наваградчыне, Гервяты і інш.). Пачынаецца асіміляцыя балтаў славянамі, у выніку якой у IX-X стст. паўстаюць 3 беларускія племянныя аб’яднанні: дрыгавічы, крывічы, радзімічы. Прыхільнікі тэорыі т. зв. балцкага субстрату спасылаюцца на археалагічныя помнікі, традыцыйныя вераванні і абрады, а таксама факты тапанімікі, у першую чаргу назвы рэчак і азёраў, сярод якіх доля назваў балцкага паходжання, паводле некаторых даследаванняў, даходзіць да 90 адсоткаў (Ясельда, Зэльва, Зальвянка, Ачоса, Бержыца, Беседзь, Бабруйка, Балога, Важа, Вілія, Волма, Гайна, Дражня, Іпа, Клева, Ласвіда, Лоша, Іслач, Лучоса, Нароўля, Нарач, Піна, Ольса, Арэса, Уша і інш.). Сярод назваў населеных пунктаў балтызмы таксама складаюць вялікую групу: Верцялішкі, Бакшты, Дайнова, Ашмяны, Дрысвяты, Гуды, Гудагай, Дзярвяты і г.д.

Такім чынам, балтызмы траплялі ў беларускую мову ў выніку міжмоўных кантактаў ад пачатку яе фармавання. Пэўная колькасць балтызмаў прыйшла ў старабеларускую мову у час яе складвання і функцыянавання ў якасці дзяржаўнай у межах Вялікага княства Літоўскага (дзякло ‘падатак зернем’, бонда ‘маёмасць ці грошы, арыманыя ў падзяку’, дойлід ‘будаўнік, архітэктар’).

Лексічныя балтызмы ў беларускай мове – гэта пераважна словы з канкрэтным значэннем. Сярод іх можна вылучыць наступныя лексіка-семантычныя групы:

  • Назвы сельскагаспадарчых пабудоваў і іх частак (аруд ‘засек, сусек, закром’; ёўня / клуня / рэя ‘частка гумна, дзе сушацца снапы’, пуня ‘памяшканне для сена’; свіран ‘рус. амбар’).
  • Іншая сельскагаспадарчая ці пабытовая лексіка (сцірта ‘стог саломы’; торп ‘сцірта снапоў у гумне’; жлукта ‘драўляная пасудзіна для замочвання бялізны’; ночвы ‘карыта’; рупіцца ‘клапаціцца’).
  • Прыродныя паняткі (жвір ‘буйны пясок’; адлега/ адліга; алёс ‘балота, забалочанае месца’).
  • Назвы страваў (жур ‘аўсяны кісель’; крупеня ‘крупяны суп’; кумп / кумпяк ‘бядровая частка тушы’).
  • Экспрэсіўныя назвы людзей і дзеянняў (лайдак ‘гультай’; дылда ‘худы высокі чалавек’; лайба ‘тоўсты, з вялікі брухам’ і ‘лодка’; валэндацца ‘боўтацца без справы’).

Да бясспрэчных балтызмаў адносяць і такія словы, як крумкач, кіпець / кіпцюр, крушня ‘груда камення’, паршук ‘падсвінак’.

Шэраг балтызмаў зафіксаваны таксама ў беларускіх гаворках Віцебшчыны, Магілёўшчы, Гарадзеншчыны: ацю ‘дзякуй’, наўда ‘навіна’, пыпля ‘няўмека’, каўбыр ‘гладыш для малака’, баўтрук ‘аб’ядала’, плямпаць ‘плявузгаць, несці лухту’ і інш.

Аднак варта зазначыць, што літоўская і латышская мовы таксама зведалі значны ўплыў беларускай. Да беларусізмаў у літоўскай мове адносяць, напрыклад, zvãnyti ‘званіць’ і zvãnas ‘звон’, pēčius ‘печ’, sėbras ‘сябра, таварыш’, sermėgà ‘сярмяга’, terlė ‘цёрла, гліняны посуд для таго, каб церці мак’, zapõsas ‘запас’, žãlabas ‘жолаб’ і інш.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Што абазначаюць наступныя балтызмы?

Аскепак – *кавалак шкла, трэска

Бамбіза – *высокі і мажны чалавек

Шашок – *тхор

Кепала – *някемлівы чалавек, дурань

(Даць) лататы – *хутка пабегчы

Лындаць – *нічога не рабіць (лынды біць)

Клыпаць – *ісці кульгаючы, рус. ковылять

Жлукціць – *піць (гарэлку)

Пелька – *палонка

Кірпа, кірпаты – *рус. курносый

Брында – *бадзяга, гультай

Валанда – *марудлівы, гультаяваты чалавек

Асвер — *журавель у калодзежы

Дзірван — *зямля, шчыльна парослая травой

Камы́ – *тоўчаная бульба, бульбяное пюрэ

Лоўж – *куча галля, хворасту

Рэзгіны — *прыстасаванне для пераноскі сена, саломы ў выглядзе вяровачнай сеткі

Твань – *дрыгва, топкае месца

Мянташка — *брусок для заточвання касы

Кешкацца — *рабіць нешта марудна

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат