Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Шахцёры

06.04.2017
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Асіміляцыйная мяккасць

Асіміляцыйная мяккасць

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

У нашай мове памякчэнне зычных адбываецца не толькі перад ётавымі галоснымі і мяккім знакам, але і перад некаторымі мяккімі зычнымі, якія могуць перадаваць сваю мяккасць гукам, што стаяць перад імі. Такая з’ява атрымала назву “асіміляцыйная мяккасць” і сфармавалася ў нашай мове прыкладна ў перыяд з ХІІ па ХV стагоддзі. У чым яе сутнасць?

 

У з’яве асіміляцыйнай мяккасці бяруць удзел гукі з, с, д, т. Прычым гукі з, с перад усімі мяккімі зычнымі, акрамя заднеязычных (заднепаднябенных), прыпадабняюцца да іх і таксама становяцца мяккімі: з’вер (мяккі в’ уплывае на з і робіць яго таксама мяккім — з’), с’нег. Звярніце ўвагу, што такое памякчэнне адбываецца таксама і ў прыназоўніках: з’ Нінай, праз’ дзень. Гукі д і т змякчаюцца толькі перад мяккімі в’ і м’: дз’веры, ц’вік.

 

Як ужо было адзначана, памякчэнне з, с не адбываецца перад мяккімі заднеязычнымі (заднепаднябеннымі) гукамі г, к. х. У словах згінуць, схіліцца, скінуць з і с будуць вымаўляцца цвёрда. Асіміляцыйная мяккасць таксама не адбываецца перад мяккімі в’ і м’ у сярэдзіне некаторых словаў: у назве, пры адозве, пры капіталізме. Не змякчаецца перад мяккімі в’, м’ прыставачны і прыназоўнікавы д: падвезці, адмераць, пад Віцебскам , а таксама суфіксальны т у формах давальнага і меснага склонаў назоўнікаў на - тва-: у Літве, на брытве.

 

З’яву асіміляцыйнай мяккасці першым апісаў у 1918 годзе ў сваёй “Беларускай граматыцы для школ” Браніслаў Тарашкевіч. Паводле граматыкі Тарашкевіча, яна з’яўляецца адметнасцю не толькі беларускага вымаўлення, але і напісання: зьвер, сьнег, дзьверы, цьвік.  У 1926 годзе ў Мінску адбылася Міжнародная акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускай азбукі і правапісу, якая была прысвечана абмеркаванню шэрагу правапісных пытанняў, у тым ліку і правапісу мяккага знака. У выніку створаная Правапісная камісія са Сцяпанам Некрашэвічам на чале падтрымала ідэю выкарыстання ь перад іншымі мяккімі зычнымі, але прапанавала скасаваць яго ў падаўжэннях: напрыклад, пісаць не насеньне, калосьсе, а насенне, калоссе. Аднак праекту правапісу ў тым выглядзе, у якім яго прапанавала камісія, не дадзена было рэалізавацца. З прыходам да ўлады ў 1929 годзе Сталіна пачалося згортванне т.зв. палітыкі беларусізацыі. Некрашэвіч быў звольнены з пасады віцэ-прэзідэнта Акадэміі Навук, а пасля рэпрэсаваны, а праца Правапіснай камісіі спынена. У 1930 годзе пачалася праца над новым, “пазбаўленым “нацдэмаўскага ўплыву” праектам рэформы правапісу. І ў выніку ў 1933 годзе адбылася сама рэформа, якая па сваёй сутнасці была русіфікатарскай і штучна наблізіла беларускую мову да рускай, у тым ліку і шляхам поўнага скасавання ь у пазіцыі перад іншымі мяккімі зычнымі. Аўтары абгрунтавалі такую прапанову “палягчэннем і эканоміяй для паліграфічнай справы”(!). І па сёння, як вядома, мяккі знак пры асіміляцыйнай мяккасці не пішацца.

 

І сёння мы можам канстатаваць, што скасаванне перадачы асіміляцыйнай мяккасці на пісьме адбілася на беларускім вымаўленні. Часта можна пачуць цвёрдыя з, с, д, т у той пазіцыі, дзе, паводле правілаў арфаэпіі, яны мусяць памякчацца. І гэта адбываецца перадусім у тых выпадках, калі мова засвойваецца не натуральным шляхам ад актыўных яе носьбітаў, напрыклад, у сям’і, а ў маўленні так званых “натуралізаваных” беларусаў, што вучыліся з падручнікаў і кніг. Тады многія, напраўду,  не бачачы таго мяккага знака і забыўшыся на правілы, пачынаюць вымаўляць словы кшталту снег, звер, дзве цвёрда, фактычна так, як яны гучаць у рускай мове.

 

Дарэчы, сёння адлюстраванне асіміляцыйнай мяккасці на пісьме можна сустрэць не толькі ў выданнях да 1933 года, але і ў выданнях беларускай дыяспары, у друкаваных творах шмат якіх беларускіх аўтараў цягам апошніх 20-25 год, а таксама ў тэкстах газет і часопісаў 90-х і пачатку нулявых гадоў, калі ў Беларусі многія недзяржаўныя выданні актыўна  карысталіся правіламі “клясычнага правапісу”.  Але пазней, у звязку з абмежавальным законам аб СМІ, некаторыя перыядычныя выданні вярнуліся да афіцыйнага правапісу. Так, газета “Наша Ніва” з 2008 пачала выходзіць “школьным” правапісам, як яны самі яго вызначылі. Дасюль паслядоўную перадачу мяккага знака ў выпадку асіміляцыйнай мяккасці мы бачым, напрыклад, у тэкстах Радыё “Свабода”.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Запішыце паводле афіцыйнага і клясычнага правапісу:

Сделать промах – *схібіць

Смеяться – *смяяцца, сьмяяцца

Проситель – *просьбіт

Грамотный – *пісьменны

Без тебя – *без цябе, безь цябе

Затмение – *зацьма; зацьменне, зацьменьне

Пропрощаться – *развітацца, разьвітацца

Без денег – *без грошай, бяз грошай

Утверждать – *сцвярджаць, сьцьвярджаць

Скидель – *Скідзель

Дует – *дзьме

Транслировать – *трансляваць, трансьляваць

С гитарой – *з гітарай

Через лес – *праз/цераз лес, празь/церазь лес

Склон – *схіл

Одервенеть  – *здранцвець, здраньцьвець

Через Гервяты – *праз Гервяты

Тусклый, неясный – *цьмяны

Сфинкс – *сфінкс, сьфінкс

Двести – *дзвесце, дзьвесьце

Чуть – *ледзьве

Мусор – *смецце, сьмецьце

Обе – *абедзве, абедзьве

Сберечь – *зберагчы, зьберагчы

Медведь – *мядзведзь, мядзьведзь

Кто-то – *хтосьці

Направиться – *скіравацца

Без слез – *без слёз, бязь сьлёз

Зачерстветь – *счарсцвець, счарсьцьвець

Расцвести – *расцвісці, расьцьвісьці

С двумя – *з дзвюма, зь дзьвюма

Резчик – *разьбяр

Под Вильней – *пад Вільняй

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат